Школа будзе паспяховай толькі ў тым выпадку, калі ёй кіруе чалавек, які належыць да ліку тых майстроў сваёй справы, якія сумяшчаюць у сабе багаты выкладчыцкі вопыт, вялікі аб’ём ведаў і па-сапраўднаму творчае, душэўнае стаўленне да ўсяго калектыву.
Інтэлігентнасць, мяккасць, адсутнасць аўтарытарных метадаў у рабоце з калегамі, вучнямі і іх бацькамі, і пры гэтым кампетэнтнасць, прагрэсіўнасць, індывідуальны падыход да кожнага адрознівае дырэктара сярэдняй школы № 3 Слоніма Ірыну Міхайлаўну Клябанаву.
Са школьных гадоў Ірына марыла аб педагагічнай адукацыі, і яна ажыццявіла сваю задуму, скончыўшы філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Па размеркаванні малады спецыяліст была накіравана ў Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці. Першым месцам працы для яе стала Драчанская вясковая школа, дзе дзяўчына адточвала майстэрства настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Давялося Ірыне Міхайлаўне папрацаваць і з дзецьмі, якія выхоўваліся ў Свіслацкай школе-інтэрнаце.
Праз некаторы час І.М.Клябанава вярнулася ў Слонім, дзе адбыўся далейшы прафесійны рост педагога. Яна выкладала беларускую мову і літаратуру ў 3-й школе. Потым арганізатарскія якасці, прафесіяналізм маладога настаўніка адзначылі ў аддзеле адукацыі, і на працягу дзесяці гадоў Ірына Міхайлаўна працавала на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце 1-й школы (пазней — Слонімскага дзяржаўнага агульнаадукацыйнага ліцэя).
Апошнія восем гадоў І.М.Клябанава з’яўляецца дырэктарам 3-й школы. Для кіраўніка вельмі важна стварыць эфектыўную педагагічную каманду, члены якой валодалі б ініцыятыўнасцю, адказнасцю, высокай працаздольнасцю, а таксама тэхналогіямі каманднай работы для распрацоўкі, а затым для рэалізацыі разнастайных праектаў і ідэй. Ірына Міхайлаўна ў сваёй дзейнасці паспяхова кіруецца педагагічным крэда: “Сабрацца разам ёсць пачатак, захавацца разам ёсць прагрэс, працаваць разам ёсць поспех”. І для гэтага існуе падстава. Педагогі школы Т.Г.Славінская, Т.А. Шаўчэнка былі фіналістамі і прызёрамі раённага конкурсу “Настаўнік года”, фіналістам абласнога этапу стала І.А.Чарапенька. Намеснікі дырэктара С.М.Панчанка, Н.А.Барысік станавіліся прызёрамі конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Пад кіраўніцтвам І.М.Клябанавай школа прызнана лепшай па выніках раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015 годзе, другой — па выніках 2016 года. Апошнія гады 3-я школа займае лідзіруючую пазіцыю ў алімпіядным руху, даследчай дзейнасці. Тры гады Ірына Міхайлаўна з’яўлялася кіраўніком рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі”.
І.М.Клябанава лічыць, што ўсё роўна, якую адукацыю мае дырэктар школы, але педагагічны вопыт у яго павінен быць: “Любы дырэктар школы павінен “пастаяць ля станка”, ля дошкі ў класе — мець вопыт выкладання”.
Безумоўна, дырэктар школы стаіць на чале складанага механізма. З аднаго боку, неабходна ісці на кампрамісы, а з другога — заставацца непарушным прыкладам кіраўніка. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі дапамагаюць Ірыне Міхайлаўне захапіць педагагічны калектыў вялікай агульнай справай. Як дырэктар яна не баіцца ўкараняць новае ў вучэбна-выхаваўчы працэс, пры гэтым Ірына Міхайлаўна імкнецца, каб лепшыя традыцыі школы захоўваліся.
— Для таго каб школа была паспяховай, неабходна, каб яе кіраўнік вырашаў галоўную задачу — забяспечваў апераджальны характар адукацыі: ставіў задачы, важныя сёння, якія стануць яшчэ больш важнымі заўтра, а галоўнае — умеў знаходзіць шляхі іх вырашэння, — упэўнена Ірына Клябанава.
Таццяна БАБАРЫКА.