Поспех у лічбавізацыі краін ЕАЭС залежыць ад аб’яднання намаганняў усіх дзяржаў- партнёраў

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прапануе партнёрам па ЕАЭС аб’ядноўваць намаганні ў пытаннях лічбавай трансфармацыі. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на міжнародным форуме “Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі 2.0. Інавацыйная экасістэма Еўразіі” ў Алматы (Казахстан), паведамілі ў прэс-службе ўрада.

“Мы разумеем, што працэсы лічбавізацыі па азначэнні выходзяць за межы любой, нават самай развітой, краіны. Доўгатэрміновы поспех немагчымы без аб’яднання намаганняў не толькі на нацыянальным, але і на міждзяржаўным узроўні. Агульны поспех праектаў па лічбавай трансфармацыі эканомік краін ЕАЭС залежыць ад узаемных намаганняў усіх зацікаўленых бакоў, іх гатоўнасці да супрацоўніцтва”, — адзначыў Сяргей Румас.

Разам з тым на практыцы краіны ЕАЭС маюць не толькі розную хуткасць, але часам і розны напрамак пераўтварэнняў. “Гэта тычыцца і развіцця лічбавай эканомікі, і заканадаўства. Нам неабходна не проста рухацца паралельным курсам, а дзейнічаць разам. Каб атрымаць рэальны сінергетычны эфект, трэба разам працаваць на трансгранічным і глабальным IT-рынку, выкарыстоўваць усё тое лепшае, што было створана на нацыянальным узроўні, у кожнай з краін — удзельніц ЕАЭС”, — лічыць кіраўнік беларускага ўрада.

Ён нагадаў, што ў Беларусі абазначаны курс на пабудову ІТ-краіны. “Для гэтага фарміруецца прававое і рэгулятарнае асяроддзе, рэалізуюцца маштабныя інфраструктурныя праекты, ідзе тэхналагічная і арганізацыйная трансфармацыя традыцыйных галін эканомікі. Сёння ў краіне на заканадаўчым узроўні ўрэгулявана выкарыстанне токенаў і тэхналогіі блокчэйн. Пачала работу першая ў СНД крыптабіржа”, — сказаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што па экспарце праграмнага забеспячэння на душу насельніцтва Беларусь сёння апярэджвае такія краіны, як ЗША, Кітай, Індыю. “У многім гэта адбылося дзякуючы падпісанаму ў канцы 2017 года прэзідэнтам Дэкрэта “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. У выніку мы атрымалі ўзрыўны рост рэзідэнтаў: толькі ў мінулым годзе ў Парк высокіх тэхналогій прыйшло больш кампаній, чым за ўсе 12 гадоў яго папярэдняга існавання. Цяпер колькасць рэзідэнтаў у ПВТ складае больш за 450 кампаній”, — паведаміў кіраўнік урада.

Паводле слоў Сяргея Румаса, візітнай карткай ПВТ з’яўляецца развіццё тэхналогій штучнага інтэлекту і машыннага навучання, у гэтай сферы паспяхова працуюць больш за 80 кампаній у парку. “Мы паставілі задачу стаць адным з ключавых цэнтраў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы па развіцці штучнага інтэлекту. Шчыра кажучы, урад задаволены першымі вынікамі дзеяння прэзідэнцкага дэкрэта (“Аб развіцці лічбавай эканомікі”. — Заўв. БелТА.). Як вынік — 32-е месца сярод 176 краін у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, — адзначыў прэм’ер-міністр.