Поспех — у неабыякавасці і захопленасці настаўніка і вучня

“Алімпіядны рух займае асаблівае месца ў практыцы маёй работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Фядорскай сярэдняй школы Столінскага раёна Надзея Мікалаеўна Палукошка. — Удзел і перамога ў алімпіядзе любога ўзроўню — гэта вынік працяглай сістэматычнай сумеснай дзейнасці вучня і настаўніка. Пачаткам гэтага шляху з’яўляецца сустрэча двух зацікаўленых людзей: улюбёнага ў сваю справу настаўніка і дапытлівага, цікаўнага, працавітага вучня. Мне пашчасціла на сустрэчы з такімі дзецьмі ў нашай звычайнай сельскай агульнаадукацыйнай школе”.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы настаўніца параўноўвае з вялікім спортам: ёсць рэгулярныя трэніроўкі і пробныя забегі, ёсць вялікая перагружанасць і неймаверная вытрымка, ёсць пераможаныя і пераможцы. Шлях да перамогі, як правіла, не бывае роўным і гладкім, на ім ёсць пад’ёмы і спады, поспехі і няўдачы, памылкі і правільныя рашэнні. Задача настаўніка — убачыць у дзіцяці адоранасць і раскрыць яе. Выявіць адораных вучняў няцяжка, іх вылучаюць высокія разумовыя здольнасці, дапытлівасць, жаданне адказваць на ўроках, працавітасць, асэнсаваны выбар творчых заданняў для выканання. Яны, як правіла, праяўляюць талент практычна па ўсіх прадметах, таму настаўніку даводзіцца змагацца за такіх вучняў, зацікаўліваць сваім прадметам, заваёўваць іх увагу. Менавіта таму пытанне аб жаданні дзяцей удзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры Надзея Мікалаеўна агучвае ўжо на першых уроках у 5 класе.

“Важна сказаць аб гэтым неардынарна, абудзіць веру ў свае сілы, запэўніць у далейшых перспектывах, — лічыць Надзея Мікалаеўна. — Цікавасць падмацоўваю інфармацыяй аб вучнях нашай установы, якія станавіліся пераможцамі другога, трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Так, паступова прыцягваю ўвагу адораных пяцікласнікаў, рыхтую глебу для “разумнага, добрага, вечнага”. Не шкадую часу, каб раскрыць перад імі ўсё багацце роднай мовы. Выкарыстоўваю з гэтай мэтай займальны матэрыял, рэбусы, крыжаванкі, уводжу ў заняткі гульнявыя элементы, складанне дыяфільмаў і цытатнікаў не толькі падчас заняткаў, але і ў пазаўрочны час. Так пачынаецца маё супрацоўніцтва з пяцікласнікамі. Яно складанае і грунтоўнае, іх фантазія, мысленне даследчыкаў фарміруюцца паступова, праз настойлівую працу і пераадоленне выхоўваюцца таленавітыя нестандартныя асобы. Вопыт работы з адоранымі навучэнцамі пераканаў, што самы эфектыўны шлях падрыхтоўкі пераможцаў алімпіяд — комплекснае выкарыстанне вучэбных, факультатыўных і дадатковых заняткаў па індывідуальнай праграме”.

Як правіла, будучыя ўдзельнікі алімпіяд на ўроках беларускай мовы і ў якасці дамашняга задання атрымліваюць ад Надзеі Мікалаеўны індывідуальныя заданні алімпіяднага ўзроўню, творчыя заданні павышанага ўзроўню. Ужо з 5 класа на ўроках літаратуры Надзея Мікалаеўна мэтанакіравана рыхтуе дзяцей да вусных выказванняў. Пяцікласнікі складаюць уласныя казкі, апавяданні, вершы, вусныя малюнкі. Вучні праводзяць аналіз мастацкіх тэкстаў і выконваюць рознаўзроўневыя заданні да іх. З 8 класа работу з тэкстам настаўніца плануе так, каб вучні спасцігалі заканамернасці, алгарытм яго аналізу, што садзейнічае падрыхтоўцы да напісання водгукаў на мастацкія творы.

Выніковасць удзелу ў алімпіядным руху дасягаецца і дзякуючы сістэматычнай індывідуальнай рабоце з высокаматываванымі вучнямі па індывідуальных праграмах на дадатковых занятках, дзе пастаянна паглыбляюцца веды па ўсіх раздзелах мовазнаўства, выконваюцца заданні рознай ступені складанасці, структуры і характары. На такіх занятках Надзея Мікалаеўна імкнецца ствараць сітуацыі, якія падахвочваюць дзяцей здзейсніць экскурс за старонкі падручніка, прапануе работу з дадатковай літаратурай, выкарыстоўвае любыя магчымасці (у тым ліку інтэрнэт) для пошуку тыпавых заданняў алімпіяд розных узроўняў.

Пачынаючы з 1996/1997 навучальнага года вучні Надзеі Мікалаеўны Палукошка становяцца пераможцамі другога, трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Тры гады запар яе вучаніца, Вікторыя Цярлецкая, станавілася пераможцай (дыплом І ступені) заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Сёння яна — студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Трэці год у алімпіядах удзельнічае навучэнка 11 класа Фядорскай сярэдняй школы Вольга Скрабец — пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. У бягучым навучальным годзе дзяўчына зноў сярод пераможцаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

“З алімпіяднікамі працаваць і складана, і цікава, — адзначае настаўніца. — Цікава таму, што гэта, як правіла, акіян думак, эмоцый, ідэй, адкрыццяў. А складана таму, што настае момант, калі твае вучні па нейкіх пытаннях ведаюць больш за цябе, тады алімпіядніцай даводзіцца станавіцца мне самой, каб трымаць планку. Дзякуючы падтрымцы аддзела па адукацыі, наведваю семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў па пытаннях падрыхтоўкі да алімпіяд, набываю сучасную літаратуру па сваіх прадметах, займаюся самаадукацыяй. Поспех у любой справе залежыць ад многіх фактараў, але галоўныя з іх, на маю думку, — гэта неабыякавасць, захопленасць тым, што робіш. Вучыць і вучыцца самому — вось прынцып, які дае рэальную магчымасць настаўніку выхаваць творчую асобу”.

Надзея ЦЕРАХАВА.