Школьныя лідары Піншчыны сабраліся ў мясцовым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе прынялі ўдзел у сустрэчы раённага дзіцячага парламента. У рамках мерапрыемства прайшоў фінал адкрытага конкурсу праектаў “Мой поспех — у маіх руках”.
Аб’яднаўшыся ў творчыя групы, вучні падрыхтавалі шэраг прапаноў і ініцыятыў па паляпшэнні інфраструктуры раёна на прыкладзе канкрэтных праектаў. З 21 работы былі адабраны 5 лепшых, аўтарамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі Лагішынскай, Малоткавіцкай, Аснежыцкай, Ставоцкай і Стытычаўскай сярэдніх школ.
Ігар Шарко і Таццяна Богдан са Стытычаўскай сярэдняй школы прапанавалі пашырыць магчымасці пошуку інтэлектуальна і творча адораных дзяцей у сельскай мясцовасці шляхам платформы ў сацсетках, якая не толькі дапаможа паказаць сябе, але і падкажа, як лепш развівацца ў творчасці, спорце, побыце і інш.
Ніна Разановіч са Ставоцкай сярэдняй школы прэзентавала праект, сутнасць якога заключаецца ў абсталяванні дзіцячай гульнявой пляцоўкі на тэрыторыі мясцовага стадыёна. Юлія Пратасюк і Настасся Жогаль з Лагішынскай сярэдняй школы прапанавалі добраўпарадкаваць сваю мясцовасць з дапамогай праекта “Дворык дзяцінства”.
Яўген Кахнюк з Малоткавіцкай сярэдняй школы выступіў з ініцыятывай будаўніцтва тэранкурнай сцяжыны здароўя для лячэбнай хадзьбы. Старшакласнік прапанаваў добраўпарадкаваць маршрут здароўя з мясцовых лесаматэрыялаў, стварыць умовы для веласіпеднага руху, скандынаўскай хадзьбы і інш. У рэалізацыі праекта аўтар разлічвае на дапамогу раённай улады, арганізацый аховы здароўя і лясной гаспадаркі, мясцовых прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў.
З амбіцыйным праектам “БеLкаЦэнтр” выступілі Максім Вайтовіч, Настасся Капцілава, Ксенія Шпакоўская, Варвара Тумко, Дар’я Фёдарава, Рыта Боршч, Кацярына Багнавец і Паліна Пацоўская з Аснежыцкай сярэдняй школы, якія прыдумалі схему спартыўна-маладзёжна-эколага-турыстычнай зоны актыўнага адпачынку каля свайго аграгарадка, дзе кожны можа знайсці занятак для душы.
Пераможцам конкурсу стаў праект Яўгена Кахнюка з Малоткавіцкай сярэдняй школы (кіраўнік — педагог-арганізатар Вольга Прыгодзіч).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.