Поспех — ва ўзаемнай матывацыі

Гавораць, поспех настаўніка — у поспехах яго вучняў, але мне падаецца, што яшчэ і ў самадастатковасці педагога, яго ўнутранай матывацыі развівацца. І мая сённяшняя гераіня — пацвярджэнне гэтага. Яна любіць сваю работу і прадмет, які выкладае, а яны адказваюць узаемнасцю. Настаўніца хіміі гімназіі № 10 Маладзечна Аксана Віктараўна Каляда — сапраўдны паспяховы і аўтарытэтны педагог.

“У мяне ў школе было шмат выдатных настаўнікаў, адданых прафесіі людзей, таму жаданне стаць педагогам узнікла неяк само па сабе. Вучылася я на выдатна, таму іншым разам мяне прызначалі пабыць настаўнікам. Школу скончыла з медалём, таму вылучыць нейкі прадмет было напачатку складана. Але выбар быў зроблены на карысць хіміі, бо яна насамрэч аб’ядноўвае многія дысцыпліны: і матэматыку, і фізіку, і прыродазнаўства, і логіку. Акрамя таго, я актыўны чалавек, якому неабходна разнастайнасць у дзеяннях. Хімія ў гэтым плане якраз тое, што трэба. І, канечне, не абышлося без уплыву школьнай настаўніцы хіміі, якая, дарэчы, таксама была вельмі актыўнай”, — адзначыла ў пачатку размовы Аксана Віктараўна.

Настаўніца ў свой час скончыла БДУ і, акрамя хіміі, можа выкладаць біялогію, што і рабіла. Дарэчы, даволі паспяхова, бо некаторыя вучні пад яе кіраўніцтвам выступалі на алімпіядах. Ёсць у працоўнай дзейнасці педагога перыяд, калі яна працавала з асаблівымі дзецьмі, бо мае яшчэ адукацыю і дэфектолага. Але ж хімія перамагла, бо дапамагае падтрымліваць форму ў жыцці і прафесіі.

Апошнія гады Аксана Віктараўна з задавальненнем дзеліцца сваёй любоўю да хіміі з навучэнцамі гімназіі. А работа з адоранымі дзецьмі натхняе яшчэ больш. І самае натхняльнае дзейства пачынаецца на ўроку. Аксана Віктараўна аддае перавагу камбінаванаму тыпу ўрокаў. Разам з тым лічыць, што і ад лекцыйных заняткаў не варта адмаўляцца, бо ў хіміі ёсць такія тэмы, якія прасцей патлумачыць у форме размовы.

“Увогуле да арганізацыі ўрокаў і выкарыстання розных тэхналогій стараюся падыходзіць рацыянальна. Каб не траціць час упустую, прадумваю падачу кожнай тэмы. На ўроку мае значэнне кожная мінута, таму, каб 45 мінут прайшлі эфектыўна, камбіную самыя розныя методыкі і тэхналогіі. Я за залатую сярэдзіну, таму не магу сказаць, што з’яўляюся прыхільніцай традыцыйнага ўрока або ўсяго новага. Дзецям патрэбна разнастайнасць, таму ўрокі не павінны быць шаблоннымі. Разам з тым, каб дамагчыся эфекту, трэба мець на ўвазе і традыцыйны падыход, які, дарэчы, дапамагае арганізаваць вучняў і засяродзіць іх увагу на патрэбным”, — лічыць педагог.

Сучасныя дзеці — візуалы, яны любяць нагляднасць, рух. Для Аксаны Віктараўны гэта не праблема, бо яна сама актыўны чалавек. Да таго ж яна не саромеецца вучыцца ў сваіх вучняў. І не толькі паспяваць за новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Яны вучаць сваю настаўніцу спакайней рэагаваць на некаторыя жыццёвыя з’явы. Цяперашнія дзеці вельмі чалавечныя, таму і зносіны свае імкнуцца будаваць менавіта на прынцыпах гуманізму і чалавечнасці. Аксана Віктараўна пераканана, што вялікі працэнт прадметнага поспеху вучняў залежыць якраз ад адносін паміж імі і настаўнікам. Яе галоўны прынцып: паважаць дзіця, нягледзячы на яго вучэбныя дасягненні.

Хімія даецца не ўсім, але, каб усе адчувалі сябе паспяховымі, настаўніца шырока выкарыстоўвае міждысцыплінарны падыход у выкладанні свайго прадмета. Напрыклад, вучань захапляецца спортам, і на ўроку зайшла гаворка пра малочную кіслату. А яна з’яўляецца асноўнай прычынай боляў у мышцах, бо падчас трэніроўкі назапашваецца ў арганізме. І такія паралелі і аналогіі на ўроках хіміі можна пачуць часта, бо хімія цесна звязана з біялогіяй, матэматыкай і фізікай.

 Каб заставацца цікавай, Аксана Віктараўна шмат часу адводзіць на самаадукацыю. Чытае не толькі хімічную літаратуру. Час ад часу заглядвае ў школьныя падручнікі сваіх сыноў, каб разумець, што цяпер вывучаюць па матэматыцы, фізіцы ці нават літаратуры. Арыентацыя на сучасны ўзровень дзяцей дапамагае будаваць запатрабаваны вучэбны кантэнт. Акрамя таго, асабісты прыклад па-ранейшаму з’яўляецца самым матывацыйным. Калі настаўніца хутчэй палічыць без калькулятара, чым вучні з ім, то гэта выклікае ў іх асяроддзі як мінімум павагу. А калі з ходу прапануе рашэнне складанай задачы, то гэта ўжо дэманстрацыя найвышэйшага педагагічнага пілатажу. Разам з тым педагог не забывае пахваліць вучня нават за маленькі крок. Прымае і абмяркоўвае любое рашэнне.

Хімія — практычная навука, таму практычная дзейнасць на ўроку з’яўляецца неад’емнай часткай. Зайшла гаворка пра крухмал або канцэрагены — вось вам іх прымяненне ў жыцці: вараная або смажаная бульба, чыпсы. І тут жа можна задаць шмат праблемных пытанняў, якія будуць тычыцца кожнага. Канечне, каб назапасіць жыццёвых прыкладаў, Аксане Віктараўне давялося і даводзіцца быць уважлівай да прывычных бытавых дробязей. Нават пры паходзе ў магазін яна ўключае свой пошукавы настрой і вывучае, напрыклад, змест этыкетак не толькі як звычайны спажывец, а і як настаўнік-хімік.

Хімія немагчымая без эксперымента. Гэта аксіёма. І тут Аксана Віктараўна вельмі ўдзячна адміністрацыі гімназіі за падтрымку ў гэтым кірунку. На сёння ў распараджэнні настаўніцы не толькі адрамантаваны кабінет, але і сучаснае лабараторнае абсталяванне, рэактывы, мультыборд, што, канечне, дапамагае падтрымліваць цікавасць да прадмета, а іншым разам выводзіць яго вывучэнне на новы ўзровень.

Гаворка ідзе пра алімпіяднікаў, якія ў настаўніцы ёсць кожны год. Прычым вучні Аксаны Віктараўны дасягаюць вялікіх перамог. У гэтым годзе яе выхаванец Мацвей Навасёлаў стаў абсалютным пераможцам на Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. А ў 2019 годзе Іван Мамчыц стаў бронзавым прызёрам міжнароднай алімпіяды ў Францыі.

Падрыхтоўка да алімпіяды ідзе ў камандзе, што таксама з’яўляецца адным з прынцыпаў работы педагога. Алімпіяднікі — гэта аднадумцы, якія разумеюць, дзеля чаго яны займаюцца. У каманду, як правіла, збіраюцца вучні розных класаў, таму з імі арганізоўваецца як групавая, так і індывідуальная работа. Усе яны вучацца ставіць перад сабой мэту і дасягаць яе. Малодшыя бачаць, як працуюць адзінаццацікласнікі, што іх падрыхтоўка да алімпіяды — гэта руцінная, часам не зусім цікавая работа. Але вынікі старэйшых таварышаў вельмі натхняюць. І гэта таго варта.

Алімпіядныя дзеці асаблівыя. Як адзначае Аксана Віктараўна, яны найперш дапытлівыя, настойлівыя ў пошуках адказаў на пытанні, схільныя да глыбокіх разваг. Такія дзеці вызначаюцца добрай памяццю. “Спачатку дзіця мяне штурмуе прапановамі і пытаннямі, а пасля мы ўжо разам шукаем адказы на пытанні. Атрымліваецца такая ўзаемная матывацыя. Але падрыхтоўка алімпіядніка — тытанічная праца, асабліва ў 11 класе, калі мэта — атрымаць дыплом. І многія педагогі баяцца гэтага. Акрамя таго, алімпіяднікі розныя. Нехта больш глыбока разбіраецца ў адным пытанні, а другі — у іншым. Даводзіцца ўвесь час лавіраваць. Асаблівую ўвагу ўдзяляю рашэнню задач, дзе таксама прыходзіцца праяўляць творчасць. Камусьці, каб разабрацца, хапае адной-дзвюх падобных задач. А некаму трэба больш, таму складаю свае, на што таксама траціцца вельмі шмат часу. Але мне падабаецца такі жыццёвы рытм, тым больш калі за плячыма падтрымка сям’і і калег”, — рэзюмавала мая суразмоўніца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.