Поспех вучняў — талент настаўніка

- 9:00Людзі адукацыі

Быць настаўнікам — гэта прызванне, быць добрым настаўнікам — гэта талент. Таццяна Леанідаўна Неманкова — выдатны педагог, які любіць і ведае свой прадмет і знаходзіцца ў пастаянным пошуку, валодае такім талентам.

У 1994 годзе былая вучаніца сярэдняй школы № 3 ­Мсціслава вярнулася ў яе родныя сцены пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Любоў да прадмета ў свой час прывіла ёй настаўніца геаграфіі Таісія Флораўна Котава — педагог вопытны, патрабавальны, які ўмее падаць матэрыял цікава, даступна.

“Вечна вынаходзіць, спрабаваць, удасканальваць і ўдасканальвацца — вось адзіны курс настаўніцкага жыцця” — гэтыя словы К.Д.Ушынскага сталі дэвізам работы Таццяны Леанідаўны. Асаблівасць яе педагагічнай дзейнасці: прыярытэт самастойнай і творчай работы, праектных і даследчых метадаў, шырокае выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу.

Навучанне — працэс складаны. Якасць выкладання залежыць ад ведаў настаўніка, яго прафесійнай падрыхтоўкі. Таццяна Леанідаўна ўвесь час знаходзіцца ў пошуку. Работа з метадычнай, пазнавальнай літаратурай, статыстычнымі, картаграфічнымі, інтэрнэт-крыніцамі, матэрыяламі, атрыманымі падчас экскурсій і палявых даследаванняў, дапамагае педагогу данесці ў цікавай форме навучэнцам веды па прадмеце, дапамагчы глыбей засвоіць інфармацыю не толькі па геаграфіі, але і па экалогіі, краязнаўстве, іншых сумежных навуках. Яшчэ старажытнакітайскі мудрэц Канфуцый казаў: “Слухаю — забываю, гляджу — запамінаю, раблю — разумею”. Гэтыя словы пацвярджаюць важнасць практычнай рэалізацыі набытых гімназістамі ведаў, уменняў і навыкаў па геаграфіі.

Таццяна Леанідаўна Неманкова — кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, удзельніца рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне геаінфармацыйных тэхналогій у практыка-арыентаваную вучэбную і даследчую дзейнасць навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з мэтай павышэння даследчага патэнцыялу і рэалізацыі экалагічных ведаў для дасягнення Мэт устойлівага развіцця рэгіёна”, кіраўнік творчай групы педагогаў гімназіі па рабоце з адоранымі навучэнцамі.

Настаўніца выпрацавала сваю сістэму дзейнасці з высокаматываванымі навучэнцамі. Яна простая і ўключае ў сябе выяўленне адораных і таленавітых дзяцей па прадмеце, выкарыстанне разнастайных форм работы па самарэалізацыі творчай накіраванасці навучэнцаў, прымяненне прынцыпаў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, заахвочванне і сумесную работу педагога з бацькамі навучэнцаў, павышэнне прафесійнага майстэрства, узаемадзеянне з іншымі структурамі соцыуму для стварэння спрыяльных умоў для развіцця адоранасці.

Таццяна Леанідаўна лічыць, што работа з высокаматываванымі навучэнцамі дыктуе пэўныя патрабаванні і да асобы педагога. Што ж для гэтага неабходна? Жаданне і гатоўнасць працаваць сістэмна, а не перыядычна, пастаянна праяўляць пошукавую актыўнасць, быць у курсе ўсёй новай інфармацыі па алімпіядным руху, выкарыстоўваць базавую і дадатковую якасную літаратуру па прадмеце, ведаць псіхалогію падлеткаў і псіхалогію адораных навучэнцаў, выкарыстоўваць прынцып неназойлівасці і добраахвотнасці наведвання пазаўрочных заняткаў і выканання заданняў.

З мэтай выяўлення найбольш таленавітых і адораных навучэнцаў праводзяцца рэспубліканскія алімпіяды па вучэбных прадметах. Не выключэнне і геаграфія. Таццяне Леанідаўне ёсць чым ганарыцца! Яе навучэнцы пастаянна становяцца пераможцамі ІІ і ІІІ этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”. Неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”, двойчы станавіліся пераможцамі.

Выдатныя веды прадэманстравала на ІІІ этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”

ў 2020/2021 навучальным годзе навучэнка 9 “Б” класа гімназіі Настасся Філіпенка. Выступленне аказалася паспяховым — дыплом ІІ ступені.

Галоўны педагагічны поспех Таццяны Леанідаўны — поспех яе вучняў.

Іна ШАРЫЛАВА,
кіраўнік школы эфектыўнага педагагічнага вопыту гімназіі Мсціслава, настаўніца пачатковых класаў.