Поспех залежыць ад нас

Асоба настаўніка — асноўная ўмова поспеху педагагічнага працэсу. Каб стаць настаўнікам, недастаткова толькі дасведчанасці ў прадмеце. Трэба яшчэ мець майстэрства перадаць веды вучням. Многае залежыць ад асабістых якасцей педагога, сярод якіх — добразычлівасць, спагадлівасць, далікатнасць, уважлівасць, псіхалагічная ўстойлівасць, цярплівасць, нават харызма.

Менавіта такімі якасцямі валодае настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 2 Светлагорска Анжаліка Анатольеўна Ласаева. Больш за 30 гадоў у яе адзіны запіс у працоўнай кніжцы — настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2. Гэта і ёсць адданасць прафесіі, вернасць педагагічным ідэалам, прызванне. На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці яна класны кіраўнік, апошнія 15 гадоў — кіраўнік школьнага МА, член раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-філолагаў.

Безумоўна, талент педагога перадаецца па спадчыне. У далёкім 1985 годзе дзяўчына нават не задумвалася аб сваёй будучыні. Усё было і так зразумела: працягваць педагагічную дынастыю і стаць настаўнікам у трэцім пакаленні. Дзед Гаўрыіл Канстанцінавіч Багданаў 45 гадоў працаваў настаўнікам матэматыкі, доўгія гады быў дырэктарам школы. Прайшоў вайну, атрымаў баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”. За педагагічную працу заслужыў медаль “За працоўную доблесць” і званне “Выдатнік народнай асветы”. Яго жонка Вера Сцяпанаўна Багданава больш за 40 гадоў давала дзецям веды, дарыла сваю дабрыню і любоў, вучыла дзяцей рускай мове. Узнагароджана медалём “За доблесную працу ў 1941—1945 гг.”, медалямі “За працоўную доблесць”, “Мацярынская слава” ІІ ступені. Званне “Заслужаны настаўнік МАССР” атрымала ў 1955 годзе, “Выдатнік народнай асветы” — у 1958 годзе. Двое з пяцярых дзяцей сталі настаўнікамі.

Педагагічную дынастыю працягнулі бацькі — Галіна Гаўрылаўна і Анатолій Васільевіч Домрачавы, якія больш за 30 гадоў працавалі ў Немдзінскай сярэдняй школе Рэспублікі Марый Эл. Галіна Гаўрылаўна, настаўнік-метадыст, паспяхова практыкавала ў роднай школе, чытала лекцыі па методыцы выкладання рускай мовы ў нацыянальнай школе ў ІУН. А Анатолій Васільевіч быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вось у такой педагагічнай сям’і, дзе асабістыя якасці, традыцыі, асновы цаніліся вышэй за ўсё, нарадзіліся і выхоўваліся 4 дзяўчынкі, якія таксама сталі настаўніцамі біялогіі, матэматыкі, рускай мовы і літаратуры, пачатковых класаў.

У 1990 годзе Анжаліка Анатольеўна Ласаева скончыла філалагічны факультэт МДПІ імя Н.К.Крупскай у Іашкар-Але. Малады філолаг па ўсесаюзным размеркаванні прыехала працаваць у Светлагорск Гомельскай вобласці, каб працягнуць справу сваёй сям’і. І знайшла свой почырк, свой камертон, які заўсёды прымушаў гучаць сэрцы яе таленавітых вучняў. Дастукацца да кожнага дзіцяці дапамаглі прыроджаны талент педагога, высокі інтэлект, арганізатарскія здольнасці, дабрыня і павага да людзей. Яе вучні і сёння выбіраюць прафесію настаўніка. Дочкі Галіна і Вікторыя, скончыўшы эканамічны і філалагічны факультэты ГДУ імя Францыска Скарыны, працягнулі педагагічную дынастыю ў чацвёртым пакаленні.

— Адданасць прафесіі — адметная сямейная рыса, а работа — гэта стан душы, — гаворыць Анжаліка Анатольеўна. — Асноўная мэта маёй педагагічнай дзейнасці — выхаваць асобу, здольную мысліць самастойна і адаптавацца да зменлівых умоў жыцця, сфарміраваць у навучэнцаў уменне і жаданне самаўдасканалення і самаадукацыі. Поспех у жыцці залежыць ад нас саміх.

Анжаліка Ласаева шырока выкарыстоўвае ТСН у вучэбным працэсе: урокі з выкарыстаннем мультыборда і ўрокі камп’ютарнай падтрымкі (электронныя падручнікі, трэнажоры, інтэрнэт). Усё гэта дазваляе не толькі развіваць, але і ўдасканальваць творчы патэнцыял кожнага вучня, дасягаць больш высокага ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў па прадмеце, прывіваць любоў і цікавасць да рускай мовы і літаратуры. Ужо некалькі гадоў у якасці дамашняга задання на ўроках рускай літаратуры ў старшых класах настаўніца практыкуе наступныя заданні: падрыхтаваць прэзентацыю па біяграфіі і творчасці пісьменніка, зняць відэаролік на верш любімага паэта, падрыхтаваць відэапраект, фотакалаж.

— Любая форма работы з выкарыстаннем камп’ютара мае сур’ёзныя перавагі перад традыцыйнымі формамі ўрокаў, таму што валодае значна большымі магчымасцямі прад’яўлення вучням наглядных, гукавых сродкаў, даведачных матэрыялаў. Дзякуючы ІКТ, вучэбныя заняткі становяцца больш яркімі і цікавымі. Настаўнік перастае быць крыніцай інфармацыі, становіцца саўдзельнікам, памочнікам, а навучэнцы прывыкаюць працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі: шукаюць, параўноўваюць, аналізуюць, трансфармуюць, даследуюць новае і ствараюць свае праекты, — дзеліцца вопытам Анжаліка Анатольеўна.

На медыяўроках настаўніца выкарыстоўвае разнастайны ілюстрацыйна-інфармацыйны матэрыял: відэапрэзентацыі біяграфій пісьменнікаў, завочныя фотаэкскурсіі, фрагменты з кінафільма ці спектакля, тэксты ў выкананні майстроў слова, рамансы на вершы рускіх паэтаў.

— Выкарыстанне ІКТ не толькі значна павышае эфектыўнасць навучання, але і дапамагае стварыць больш прадукцыйную атмасферу на школьных занятках, зацікавіць вучняў матэрыялам, які вывучаецца, абудзіць цікавасць да прадмета і раскрыць творчыя здольнасці. Важнае месца ў дзейнасці настаўніка займае развіццё самастойнасці меркаванняў школьнікаў. Таму імкнуся не паведамляць веды ў гатовым выглядзе, а будаваць урок так, каб іх засваенне адбывалася ў працэсе пошуку, разважання, дыскусіі, на аснове назіранняў. На абмеркаванне выношу праблемныя пытанні, якія патрабуюць аргументаваных адказаў, абгрунтавання свайго пункту гледжання, — падкрэслівае настаўніца.

Дзякуючы камп’ютарным тэхналогіям, настаўніку даецца магчымасць ствараць, тыражаваць і захоўваць дыдактычныя матэрыялы. У кабінеце рускай мовы і літаратуры настаўніца сістэматызавала тэматычны матэрыял па прадмеце і стварыла медыятэку.

Прымяненне ІКТ, новых форм і метадаў навучання спрыяе дасягненню высокіх вынікаў. Навучэнцы Анжалікі Ласаевай неаднаразова станавіліся прызёрамі этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

У 2020 годзе мнагадзетная сям’я Ласаевых прыняла ўд зел у рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Мая сям’я, мой дом — мая Радзіма” ў намінацыі “Сям’я — адзінства думак і спраў” і атрымала дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. А ў рэспубліканскім этапе — заслужаны дыплом ІІ ступені.

Ужо больш за сем гадоў школьны клуб “Проба пяра” супрацоўнічае з пісьменнікамі Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Анжаліка Анатольеўна арганізуе сустрэчы з пісьменнікамі і журналістамі, экскурсіі па літаратурных мясцінах, наведванне выдавецтваў.

Актыўная жыццёвая пазіцыя, пастаяннае імкненне да самаадукацыі і самаўдасканалення, ініцыятыўнасць і крэатыўнасць — адметныя рысы Анжалікі Анатольеўны, якая заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, даць параду калегам і вучням. Для яе вельмі важна не спыняцца на дасягнутым, а развівацца, ісці наперад, спасцігаць новыя вяршыні і дзяліцца сваімі ведамі і вопытам.

Наталля БАРАННІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Светлагорска Гомельскай вобласці.