Поспехаў дасягнулі многія

- 13:31Спартыўныя падзеі

На мінулым тыдні ў Магілёў з’ехаліся лепшыя пачынаючыя лыжнікі з усёй краіны. У горадзе на Дняпры адбылася Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па лыжных гонках.

Пазмагацца за першынство сабраліся лыжнікі з 7 каманд: па адной з кожнай вобласці і сталіцы. Агульная колькасць удзельнікаў спартакіяды склала больш за сто спартсменаў.1 Нягледзячы на юны ўзрост (а ў забегах удзельнічалі спартсмены з 1999 па 2002 год нараджэння), многія з іх — лыжнікі, якія ўжо маюць розныя спартыўныя кваліфікацыі.
Праходзіла спартакіяда на працягу двух дзён, за якія спартсменам прапаноўвалася прадэманстраваць усё сваё майстэрства і падрыхтоўку праз удзел у забегах вольным і класічным стылем. Падчас адкрыцця спаборніцтваў з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў:
— Мы рады прымаць рэспубліканскую спартакіяду па лыжных гонках на Магілёўскай зямлі. Зараз кожны з вас спадзяецца на перамогу і імкнецца да яе. Але стаць пераможцам — гэта не галоўнае. Больш важна паказаць максімум сваіх здольнасцей, а таксама ўзяць на заметку вопыт, набыты тут.
Урачыстая частка спаборніцтваў скончылася хутка, саступіўшы месца гонцы вольным стылем. Адлегласць забегу для юнакоў і дзяўчат, натуральна, адрознівалася.3Адрозненні былі і ў даўжыні трасы для малодшай і старшай узроставай груп. Так, дзяўчатам з малодшай групы неабходна было максімальна хутка пераадолець адлегласць у 3 км, а траса ў юнакоў у гэтай групе склала 5 км. У старшай групе забег быў больш доўгім. Дзяўчаты беглі 5 км, юнакі — 7,5 км. Такую ж адлегласць спартсменам трэба было прабегчы і на другім этапе спаборніцтваў, падчас гонкі класічным стылем.
Абедзве гонкі прайшлі ў яркай і займальнай барацьбе. Многія з удзельнікаў змаглі дасягнуць нядрэнных спартыўных вынікаў. Гэтаму, без сумненняў, вельмі дапамагла добра падрыхтаваная лыжная траса, а таксама прадуманая арганізацыя спаборніцтваў.
Вынікі спартакіяды падводзіліся ў камандным і асабістым заліках. У камандным найбольш паспяхова выступілі прадстаўнікі Мінска, на 2 месцы — спартсмены Віцебшчыны, на 3 месцы — Магілёўскай вобласці. У асабістым першынстве, як ужо гаварылася раней, добрых вынікаў дасягнулі многія школьнікі. Дыпломы і медалі атрымалі 24 навучэнцы. Лідары ж у камандным заліку пакідалі Магілёў з пераможнымі кубкамі, медалямі і дыпломамі, а каманда-пераможца была адзначана яшчэ і каштоўным прызам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.