Поўнае ўзаемаразуменне і падтрымка!

Адбылася рабочая сустрэча галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышава і начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчука. Падчас зацікаўленага дыялогу абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з рэалізацыяй сумеснага праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”.

Карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” на Брэстчыне адкрыўся амаль 10 гадоў назад. З 2011-га карпункты пачалі з’яўляцца і ў іншых абласцях краіны. Да нядаўняга часу прадстаўніцтва газеты на Брэстчыне размяшчалася на базе сярэдняй школы № 28 Брэста. Цяпер карпункт чакае наведвальнікаў у Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Інфармацыйны абласны штаб газеты стаў бліжэй да педагогаў.
— Рэалізацыя праекта надала новы імпульс для больш плённага супрацоўніцтва органаў кіравання адукацыяй і рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. — Асвятленне падзей адукацыйнай галіны вобласці і найлепшага педагагічнага вопыту стала сістэмным і значна пашырылася. Сёлета на старонках прафесійнага выдання падзяліліся цікавымі і карыснымі напрацоўкамі па розных напрамках вучэбна-выхаваўчага працэсу больш за 100 педагогаў. А колькасць інфармацыйных матэрыялаў і злічыць немагчыма. Дзякуючы ўмела арганізаванай рабоце карпункта, сфарміравана сетка пастаянных аўтараў-пазаштатнікаў з ліку педагогаў. І колькасць іх пастаянна павялічваецца. У выніку газета з’яўляецца зручнай і эфектыўнай пляцоўкай для дэманстрацыі дасягненняў настаўніцтва Брэстчыны.
М.А.Ціханчук рэгулярна і ўважліва чытае “Настаўніцкую газету” і заклікае да гэтага 35-тысячную аўдыторыю педагогаў вобласці. Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі ўпэўнены, што патэнцыял для далейшага пашырэння супрацоўніцтва, у тым ліку павелічэння колькасці падпісчыкаў, ёсць. На Брэстчыне шмат творчых педагогаў-прафесіяналаў.
— Калі чую, што наша газета нецікавая, заўсёды пытаюся: “А што вы зрабілі для таго, каб яна стала цікавай?” Крытыкаваць лёгка, а вось сесці, напісаць грунтоўны матэрыял (і не адзін) і прапанаваць яго чытачам — вялікая адказнасць. Той, хто чытае кожны нумар газеты і друкуецца там, не лічыць яе нецікавай, — заўважыў М.А.Ціханчук.
Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў запэўніў, што рэдакцыя падтрымлівае любыя ўзаемакарысныя праекты і прапановы з боку абласнога ўпраўлення адукацыі па пашырэнні інфармацыйнай прасторы Брэстчыны, і выказаў спадзяванне, што актыўнымі аўтарамі прафесійнага выдання стануць, акрамя педагогаў, і кіраўнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.