Поўны куфэрак дзіцячых Радасцей

Як часта наш уласны свет абмежаваны штодзённымі турботамі і клопатамі! А што ўжо ў такім выпадку казаць пра тых, каму лёсам наканавана пражыць усё жыццё з пэўнымі абмежаваннямі, прадыктаванымі хваробай, ці пра дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі і чыё дзяцінства праходзіць у сценах інтэрнатнай установы? Між тым часам іх свет намнога больш яскравы і разнастайны, больш напоўнены эмоцыямі і адкрыццямі, чым наш. У гэтым давялося ўпэўніцца падчас знаёмства з удзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Куфэрак дзіцячых радасцей”, вынікі якога днямі былі падведзены ў сталіцы.

Напэўна, не бывае нічога выпадковага. І ўсё тое багацце дзіцячай душы, што было прадстаўлена на конкурс, таксама знайшло сваё ўвасабленне невыпадкова, а дзякуючы нераўнадушным дарослым — бацькам і педагогам, у якіх ёсць жаданне і неверагодныя сілы для таго, каб дапамагчы дзецям не засяроджвацца на ўласных праблемах, а адчуць жыццё ва ўсёй яго паўнаце і разнастайнасці. Зрэшты, і правядзенне самога конкурсу таксама стала магчымым дзякуючы нераўнадушным дарослым. Найперш — прадстаўнікам Беларускага дзіцячага фонду, а таксама ўсім тым, хто падтрымаў гэтую ідэю, — мастакам, спонсарам.
Гэта ўжо не першы падобны праект фонду. На працягу 25 гадоў Беларускі дзіцячы фонд падтрымлівае юныя таленты Беларусі — дзяцей з няпростым жыццёвым лёсам. Праграма “Юныя таленты” дапамагла многім дзецям дасягнуць сваёй мары. Сярод іх — спевакі, музыканты, літаратары, мастакі. Зараз жа арганізатары звярнулі ўвагу на тых, хто займаецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. І не памыліліся з выбарам: гэта надзвычай папулярны напрамак. Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны дзеці-сіроты, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце 10—18 гадоў. Усяго на конкурс, які праходзіў з лістапада мінулага года па люты бягучага, было даслана амаль 500 работ у розных тэхніках дэкаратыўнай творчасці.
Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі ў выніку сваіх “абмежаванняў” успрымаюць гэты свет больш ярка, востра, эмацыянальна. Таму ўсе работы напоўнены перажываннямі, радасцю, захапленнем. Сярод іх няма такіх, ад якіх бы веяла безнадзейнасцю ці адчаем. Лёгкі смутак восені ці настальгія па раннім дзяцінстве — гэта, бадай што, самыя сумныя матывы дзіцячай творчасці. А вось тэхнікі выканання — самыя розныя: кераміка і тэкстыль, батык і роспіс па дрэве і шкле, карціны і лялькі з лямцу, вышыўка, кампазіцыі з саломкі — свет жа сапраўды бязмежны!
З усёй гэтай разнастайнасці журы — у складзе якога вядомыя мастакі і педагогі — неабходна было выбраць пераможцаў. Справа надзвычай складаная. Бо работ непрыкметных, тых, якія б не выдзяляліся цікавым позіркам, не гаварылі б аб неверагоднай зацікаўленасці і працавітасці дзяцей, не было. Таму, напэўна, і пераможцаў было так шмат — амаль тры дзясяткі: розныя намінацыі, дыпломы рознай ступені — але аднолькавая радасць у вачах дзяцей, незалежна ад узросту і творчага вопыту. Вось, напрыклад, шаснаццацігадовы Антон Раманюк з Ліды Гродзенскай вобласці, які атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Кераміка” за работу пад назвай “Стары горад” — надзвычай стыльную, прадуманую і далікатна выкананую. Для яго гэта ўжо не першая перамога ў творчых конкурсах, але ад таго не менш значная. Ці дзесяцігадовая Паліна Кудрэц з Наваполацка Віцебскай вобласці: работа дзяўчынкі “У чаканні цуду” — светлая і не па-дзіцячы глыбокая — у яе адна з першых творчых задумак. І адразу — дыплом ІІ ступені.
Усе пераможцы, дзеці з розных куткоў Беларусі, атрымалі дыпломы з рук членаў журы і каштоўныя падарункі ад Беларускага дзіцячага фонду. Праўда, як адзначалі самі пераможцы, гэтыя падарункі хоць і вельмі прыемныя, але для іх як творцаў больш важнае іншае: магчымасць паказаць свае работы вялікай колькасці гледачоў. І ў дзяцей з’явілася такая магчымасць. Пры падтрымцы Мінскай гарадской ратушы выстава лепшых дзіцячых работ конкурсу размясцілася ў самым цэнтры сталіцы. Працаваць выстава будзе да канца сакавіка.
Зрэшты, толькі гэтым — правядзеннем выставы работ дзяцей-пераможцаў — конкурс не закончыўся. Па традыцыі 15 юных аўтараў з ліку пераможцаў у дні вясновых школьных канікул прымаюць удзел у традыцыйным творчым семінары “Юныя таленты”. У рамках семінара для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў Беларускі дзіцячы фонд арганізаваў майстар-класы, творчыя заняткі з вопытнымі педагогамі ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці, каб дзеці змаглі падзяліцца адно з адным сваімі дасягненнямі, пашырыць веды і ўменні. Акрамя таго, у дні семінара дзяцей чакае вялікая экскурсійная і забаўляльная праграма.

 

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.