Поўныя рашучасці нарасціць аб’ёмы тавараабароту

- 12:07Інфармацыйная гадзіна

Гэта пацвердзілі прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў на сустрэчы сам-насам, якая адбылася ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на пэўныя праблемы са зніжэннем узаемнага тавараабароту. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў неабходнасць яго нарошчвання, паколькі гэта з’яўляецца фундаментам двухбаковых адносін. “І мы поўныя рашучасці аднавіць гэтыя гандлёва-эканамічныя адносіны”, — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць дамоўленасці ў машынабудаванні, і прапанаваў працаваць сумесна на рынках суседніх краін. “Мы нямала зрабілі, каб тут быў рэальны сектар, падобны да беларускага”, — адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Туркменістанам па шырокім спектры напрамкаў — пачынаючы ад ваенна-прамысловага комплексу і да падрыхтоўкі кадраў.
У дні візіту ў Ашхабадзе праходзіць беларуска-туркменская выстава-кірмаш. На думку беларускага лідара, яна дае магчымасць прадэманстраваць не толькі народу Туркменістана, але і гасцям мерапрыемства, што могуць вырабляць абедзве краіны.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што яго візіт у Туркменістан праходзіць напярэдадні вялікай падзеі, якая прадвызначыла напрамак палітыкі краіны, — Дня нейтралітэту. Ён адзначыў, што тэмай, якая абмяркоўваецца ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі, што пройдзе з нагоды свята ў Ашхабадзе 12 снежня, стане міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця. “Без міру і бяспекі няма стабільнасці. Гэта якраз на злобу дня. Вакол бушуюць пажары канфліктаў, сутыкненняў і ўжо войнаў. Не дай бог, як я ўжо гаварыў, выступаючы ў ААН, нам дажыць да таго часу, калі гэта перарасце ў маштабную вайну. Гэта вельмі важны кантэкст размовы”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Туркменістана назваў візіт свайго калегі знакавым і гістарычным, паколькі ён праходзіць у святочныя для краіны дні. Ён адзначыў, што Беларусь і Туркменістан з’яўляюцца аднадумцамі на міжнароднай арэне. Гаворачы аб эканамічным складніку двухбаковых адносін, Гурбангулы Бердымухамедаў высока ацаніў развіццё беларускай прамысловасці, адзначыўшы, што гэтая прадукцыя запатрабавана ў Туркменістане, а Беларусь славіцца ў свеце як тэхналагічная краіна.
Туркменскі лідар звярнуў увагу і на гуманітарную сферу супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, падкрэсліўшы яе важнасць для развіцця адносін паміж народамі. Гурбангулы Бердымухамедаў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падрыхтоўку туркменскіх грамадзян у беларускіх навучальных установах. “У вас вучыцца больш як 9 тысяч туркменскай моладзі. Беларусь — гэта кузня кадраў”, — сказаў ён.
Прэзідэнт Туркменістана згадаў таксама буйнамаштабны праект, які рэалізоўваецца бакамі, — будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Ён падкрэсліў, што яго прадукцыя запатрабавана не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце, і выказаў надзею, што гэты аб’ект будзе здадзены ў тэрмін. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што асноўныя цяжкасці ўжо ў мінулым. Туркменскі лідар выказаў удзячнасць беларускаму боку за рэалізацыю гэтага праекта ў Туркменістане.