PR-акцыя “Мы супраць!”

- 14:50Нам пішуць

У аздараўленчым профільным лагеры “Тэхнарыкі” Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў дзень вірусаў у рамках акцыі “Правядзі лета выдатна!”.

Дзяцей чакала многа цікавага. На занятках у IT-школе на гуртку “КОМРиХ” распрацавалі інфармацыйныя лістоўкі пра шкоду курэння, алкаголю і наркотыкаў.

Дзеці атрымалі байт ведаў ад псіхолага Ваўкавыскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі С.А.Лазарэнка і ўрача-валеолага Т.В.Ільіновай. Госці расказалі пра актуальнасць здаровага ладу жыцця, прафілактыку шкодных звычак, дапамаглі дзецям адказаць на пытанне “Што я ведаю пра самазахаваўчыя паводзіны?”. Выхаванцам быў прадэманстраваны відэафільм “Журналісцкае расследаванне. Штучнае шчасце”.

Але найцікавейшым быў удзел у інтэрактыўнай гульні “Дрэнныя сястрычкі — шкодныя звычкі”. У гульнёвай форме даведаліся аб шкодзе курэння, высветлілі, у чым небяспека піва, прагаласавалі “за” здаровы лад жыцця і “супраць” шкодных звычак. Атрады намалявалі партрэт курца, у якім адлюстравалі негатыўнае ўздзеянне тытунёвага дыму на аблічча. І напрыканцы дня была праведзена PR-акцыя па распаўсюджванні інфармацыйных лістовак “Мы супраць!”.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага ЦТТДіМ.