Пра аграбізнес — гуляючы

Нацыянальны экспертны савет падвёў вынікі рэспубліканскага тура Міжнароднай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”. У склад экспертнага савета ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Асацыяцыі інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва і БРСМ. Фінал праходзіў у анлайн-фармаце — удзельнікі прэзентавалі свае праекты і атрымалі парады ад экспертаў па іх развіцці.

Гадавальнік буякоў школьнікаў са Станіславава.

Інтэлектуальная бізнес-гульня “Пачынаючы фермер” была прапанавана Расійскім саюзам сельскай моладзі падчас Міжнароднага кангрэса сельскай моладзі ў лютым гэтага года ў Казані і падтрымана БРСМ. І ўжо 2 красавіка для беларускіх удзельнікаў пачаўся прыём заявак.

Праект аб’яднаў маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года — школьнікаў, якія пражываюць у сяле, студэнтаў устаноў адукацыі сельгаспрофілю, маладых спецыялістаў аграрнага сектара, а таксама прадпрымальнікаў аграсферы. Галоўная ідэя гульні — навучыць сельскую моладзь бізнес-планаванню, выпрацоўцы кіраўніцкіх рашэнняў і ўменню працаваць у камандзе.

У выніку ў рэспубліканскі тур прайшлі 36 праектаў. З іх 23 праекты былі ад школьнікаў, 7 — ад навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі і па 3 — ад студэнцкай і працоўнай моладзі. Свае распрацоўкі маладыя людзі прадставілі ў намінацыях: “Жывёлагадоўля, птушкагадоўля, рыбаводства і аквакультура, пчалярства”, “Раслінаводства, садоўніцтва, ландшафтны дызайн”, “Паляводства, агародніцтва” і “Агратурызм, сельскагаспадарчая кааперацыя”.

Юныя аграрыі ў сваіх праектах прапанавалі ўдасканальваць сучасныя фермерскія гаспадаркі і развіваць бізнес у аграсядзібах, адкрываць прыватныя пчальнікі і наладжваць вы­творчасць гарбузовых цукатаў, дэманстравалі інавацыйныя метады вырошчвання бульбы, зерневых, грыбоў, лекавых траў, ягаднікаў, агародніны і фруктаў, дзяліліся сваімі планамі па гадоўлі перапёлак і нават кароў. Фіналісты гульні не толькі выступілі з абаронай сваіх праектаў, але і атрымалі парады па далейшым развіцці распрацовак ад экспертаў. Дарэчы, каля паловы праектаў ужо перасталі быць ідэямі і паспяхова рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі.

Мікалай Мазоль на сваім пчальніку.


Перамогу ў рэспубліканскім фінале сярод школьнікаў атрымалі аўтарскія калектывы гімназіі № 8 імя У.І.Казлова Жлобіна, гімназіі Клецка, Першамайскай сярэдняй школы Лідскага раёна, сярэдняй школы вёскі Вістычы Брэсцкага раёна і Станіславаўскай базавай школы Шаркаўшчынскага раёна.

Так, ідэя праекта “Домік у вёсцы” ад гімназістаў са Жлобіна заключаецца ў тым, каб стварыць на тэрыторыі аграгарадка Чырвоны Бераг, аддаленага ад райцэнтра на 20 км, гасцявога доміка для адпачынку жыхароў, гасцей раёна, вобласці і турыстаў на камерцыйнай аснове. Гімназісты з Клецка прэзентавалі свой ужо дзеючы праект Рагоzка па вырабе плеценых з рагозу цыновак, капелюшоў, кошыкаў, хлебніц, сумак і іншых дэкаратыўных элементаў і падзяліліся планамі па яго развіцці. Так, юныя творцы хочуць стварыць у гімназіі творчую майстэрню (тут ёсць і памяшканні для склада, і сушылкі), дзе пад дэвізам “Пляцёнка з роднай старонкі” будуць вучыць гэтаму рамяству ўсіх жадаючых, а свае вырабы навучэнцы плануюць рэалізоўваць на школьных і раённых кірмашах і выставах, у спецыялізаваных магазінах, а рэкламаваць іх праз школьны сайт, на форумах, прысвечаных дэкору і дызайну інтэр’ераў.

Навучэнцы Першамайскай сярэдняй школы падзяліліся вопытам вядзення свайго школьнага бізнесу па вырошчванні азімага часнаку і планамі па яго пашырэнні ў межах праекта “Час&nok”. Школьнікі з Вістычаў Брэсцкага раёна прадставілі праект Herbal Line па вырошчванні лекавых траў, нарыхтоўцы і продажы травяных збораў. А школьнікі з Шаркаўшчыны расказалі і паказалі на фота, наколькі перспектыўная іх ідэя па вырошчванні буякоў на прышкольным участку. Яны ўжо вырасцілі ў сваім гадавальніку 900 кустоў, частка якіх пойдзе на продаж, а частка будзе высаджана на школьных плантацыях. У поспеху ягаднага бізнесу тут упэўнены, бо попыт і кошт на ягаду вялікі, а ў іх ужо ёсць вопыт па вырошчванні і рэалізацыі і ягад, і са­джанцаў буякоў.

На вырошчванне буякоў зрабілі стаўку і навучэнцы Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Ідэя іх праекта ў тым, каб нала­дзіць вырошчванне і рэалізацыю буякоў на тэрыторыі Глыбоцкага раёна (плануюць пасадзіць 6,5 тысячы ўжо дарослых кустоў і збіраць з іх мінімум 16 тон ягад за сезон) і там жа развіваць агратурызм, каб турысты маг­лі не толькі купіць ягады, але і пазнаёміцца з асаблівасцямі іх вырошчвання. Ужо сабрана каманда з 38 чалавек з ліку бацькоў навучэнцаў і адміністрацыі ліцэя, гатовых развіваць гэтую ідэю, і ёсць 5 га зямлі і ўся неабходная тэхніка. Аўтары праекта атрымалі перамогу ў намінацыі сярод устаноў прафтэхадукацыі. Перамогу з імі падзялілі навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага кале­джа імя У.Е.Лабанка з праектам “Фермерская гаспадарка па вырошчванні агародніны” (яго ідэя — круглагадовае вырошчванне ў цяпліцах экалагічна чыстых агуркоў і таматаў).

Гімназісты з Клецка і іх “Пляцёнкі з роднай старонкі”.

Сярод студэнцкіх праектаў таксама два пераможцы: Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (праект “Сельгаспрадукцыя оптам”) і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт (праект па ўдасканаленні кірункаў бізнесу для аграсядзібы “Бабровая Даліна” Шчучынскага раёна, якая актыўна супрацоўнічае з універсітэтам). У прыватнасці, студэнты прапануюць ладзіць там забаўляльна-пазнавальныя квесты — GREEN QUEST.

Сярод працоўнай моладзі пераможцамі сталі Мікіта Тачылкін з ААТ “Гомельпрамбуд” (праект “Гідрапонная ферма “Сады Семіраміды”, якую аўтар хоча стварыць у сваёй цяпліцы) і Мікалай Мазоль, прадстаўнік клуба маладых інвалідаў “САМІ”, створанага ў Мікашэвічах пры філіяле Лунінецкага ТЦСАН.

“Мікалай сам арганізаваў і даглядае ўласную пчаліную пасеку. Калі не стала яго таты, пчалярству яго пачаў вучыць татаў сябар. Прэзентаваць праект Мікалаю дапамагала я, але на практыцы, на пчальніку, ён сам з усім цудоўна спраўляецца. Пакуль у Мікалая 3 вуллі, а вясной ён збіраецца купіць яшчэ 2. Ёсць ідэя адзін вулей паставіць і пры нашай установе, каб Мікалай вучыў сваёй справе нашых наведвальнікаў”, — гаворыць Валянціна Фёдараўна Ярмоліч, куратар клуба “САМІ”.

Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымалі права на ўдзел у міжнародным завочным туры бізнес-гульні. Абарона праектаў перад Міжнародным экспертным саветам запланавана на 28 лютага ў Маскве. Пераможцы міжнароднага тура змогуць трапіць на стажыроўкі ў вядучыя аграрныя гаспадаркі краін—удзельніц праекта — Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Арменіі.

Трэба адзначыць, хоць форма правя­дзення гэтага мерапрыемства — гульнявая, але ідэя яго даволі сур’ёзная — ствараць на сваёй радзіме магчымасці для таго, каб развіваць жыццё ў вёсцы і мець даход з працы на зямлі.

Святлана НІКІФАРАВА.