Пра бяспеку — гуляючы

- 16:45Нам пішуць

На вясновых канікулах спартыўная зала сярэдняй школы № 7 Навагрудка ператварылася ў сапраўдны навучальны палігон, дзе адпрацоўвалі алгарытм дзеянняў пры ўзнікненні розных надзвычайных сітуацый. 29 сакавіка навучэнцы 8—10 класаў узялі ўдзел у квэст-гульні “Надзвычайная сітуацыя”.

Квэст-гульня ўяўляла сабой праходжанне этапаў, пляцовак. Перад пачаткам мерапрыемства інспектары РАНС расказалі школьнікам правілы гульні, сутнасць якіх — уявіць, што адбылася надзвычайная сітуацыя і выклікала шэраг іншых небяспечных абставін. Якраз такія наступствы ўдзельнікам і неабходна было ліквідаваць на пляцоўках. Падзяліўшыся на 6 каманд, хлопцы адправіліся на тэматычныя пляцоўкі: “Эвакуацыя”, “Выклік службы ратавання”, “Возера ртуці”, “Аміяк” “Пажар”, “Праверка ведаў”. Удзельнікі атрымалі маршрутныя лісты, выбралі капітана, прыдумалі назвы каманд і адправіліся выконваць заданні па станцыях.

Хлопцы і дзяўчаты выкарыстоўвалі тэарэтычныя веды на практыцы: збіралі з запалак галаваломку, віртуальна выклікалі службу МНС па тэлефоне, на пляцоўцы “Возера ртуці” з дапамогай неабходнага інвентара прыбіралі штучную ртуць (пацеры), на пляцоўцы “Аміяк” прымяралі сапраўдныя маскі ратавальніка; яшчэ на адной пляцоўцы на час апраналі баявую вопратку і віртуальна тушылі пажар вогнетушыцелем, праходзілі лабірынт (задымлены калідор). Завяршальным этапам была “Праверка ведаў”, дзе хутка трэба было адказваць на пытанні.

Заданні не з лёгкіх, і нават не кожны дарослы адразу зможа з імі справіцца. Выбрацца з задымленага памяшкання, у баявой вопратцы ратавальніка-пажарнага ліквідаваць умоўны пажар, рашыць галаваломку, выклікаць ратавальнікаў, правільна сабраць і ўтылізаваць ртуць для перадачы ў МНС, прайсці ў масках заражаны аміякам “калідор” — усё гэта было дзецям па плячы. Барацьба ішла на секунды, усе каманды выдатна спраўляліся.

Пераможцамі гульні сталі: I месца — зборная каманда 8 “Б” і 10 “К” класаў “Кукурузныя палачкі”, II месца — каманда 9 “К” класа “Бульбяныя войскі”, III месца — каманда 9 “А” класа “Алмазы”.

Квэст-гульня прайшла цікава і пазнавальна, бо кожны ўдзельнік змог праявіць свае веды, уменні і навыкі ў галіне пытанняў бяспечнай жыццядзейнасці. У падарунак атрымалі ад ратавальнікаў тэматычныя памяткі і брашуры.

Такое незвычайнае мерапрыемства дзецям спадабалася. Актыўная гульня, якая дапамагла на практыцы праверыць веды і ўменні ў ліквідацыі наступстваў розных надзвычайных сітуацый прыйшлася даспадобы хлопцам.

Вольга КУР’ЯН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.