Пра фізічныя з’явы і бясконцасць космасу

- 10:57Адукацыйная прастора

Працягваем знаёміць вас, паважаныя чытачы, з праектамі — пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У намінацыі “Электронны вучэбны модуль для ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана выкладчыца Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Аляксандра Адамовіч з інфармацыйна-адукацыйным парталам “Фізіка. Астраномія”.

— Практыка паказвае, што пры невялікай колькасці вучэбных гадзін такія прадметы, як “Фізіка” і “Астраномія”, больш эфектыўна выкладаць з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій — ад электронных падручнікаў, прагляду відэа да віртуальнай рэальнасці, прымяняючы іх на ўсіх этапах вучэбных заняткаў, — адзначае Аляксандра Адамовіч. — У выніку і ўзнікла ідэя стварэння інфармацыйна-адукацыйнага партала і насычэння яго матэрыяламі, якія будуць садзейнічаць пошуку педагогамі эфектыўных форм, метадаў і сродкаў навучання, якія забяспечаць больш шырокія магчымасці развіцця і самарэалізацыі асобы навучэнца, а таксама фарміравання кампетэнтнага спецыяліста, здольнага арганізаваць вучэбную і прафесійную дзейнасць з прымяненнем ІКТ.

Партал прызначаны для выкладчыкаў фізікі і астраноміі пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэбных заняткаў, кантролю ведаў навучэнцаў. Навучэнцам ён спатрэбіцца пры вывучэнні таго ці іншага вучэбнага матэрыялу, падрыхтоўцы дамашніх заданняў, для самакантролю ведаў і атрымання дадатковай інфармацыі. Распрацоўка прыцягне ўвагу і тых, каго цікавіць інтэрактыўны матэрыял аб фізічных з’явах і бясконцасці космасу.

Пры стварэнні электроннага рэсурсу былі ўлічаны патрабаванні да метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу: даступнасць, цэласнасць, інфармацыйная насычанасць, функцыянальнасць і прадукцыйнасць. Дарэчы, метадычную падтрымку ў стварэнні партала аказала метадыст каледжа Наталля Жукава. Разнастайныя элементы ўяўля­юць сабой інтэрактыўныя вучэбныя модулі, якія размешчаны ў цэласнай структуры кожнага вучэбнага прадмета. Яны выкарыстоўваюцца для асваення прадметнага матэрыялу, у тым ліку і на творчым узроўні, выканання заданняў з мэтай трэнінгу прадметных і надпрадметных спосабаў дзейнасці, кантролю і ацэнкі вучэбных дасягненняў навучэнцаў. З дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання можна арганізаваць высокаэфектыўную пазааўдыторную работу як неабходную частку сучаснага адукацыйнага працэсу.

На галоўнай старонцы партала размешчана інфармацыя аб праекце. Рэсурс складаецца з двух асноўных раздзелаў — “Фізіка” і “Астраномія”, пераход на якія ажыццяўляецца націсканнем кнопкі “Перайсці”. Інфармацыя на партале прадстаўлена нелінейна: укладанні раздзелаў адкрываюцца ў любой паслядоўнасці. Для зручнага доступу да інфармацыі створаны кнопка “Выбар прадмета”, стрэлка “Уверх”.

Раздзел “Фізіка” ўключае 19 лекцый па электрадынаміцы, якія ахопліваюць раздзелы “Электрычнае поле”, “Пастаянны электрычны ток”, “Магнітнае поле”, “Электрамагнітная індукцыя” і інш. (вучэбны матэрыял можна выкарыстоўваць выкладчыкам як апорны канспект пры падрыхтоўцы да вучэ­бных заняткаў і навучэнцам для выканання дамашняга задання); падручнікі па фізіцы для 10 і 11 класа, якія можна прагледзець у анлайн-рэжыме і спампаваць, анлайн-тэсты, інтэрактыў (курс відэалекцый, дэманстрацыйнае відэа, гульні).

Анлайн-тэсты па электрадынаміцы выкарыстоўваюцца як для самакантролю, так і для бягучага і выніковага кантролю навучэнцаў. Тэсты выкананы ў анлайн-канструктары Online Test Pad. У гэтым падраздзеле прадстаўлены тэсты з множным выбарам, пасля заканчэння выстаўляецца адзнака і даюцца працэнтныя суадносіны засваення пройдзенай тэмы. Перавага — у эканоміі часу для выкладчыка і магчымасці імгненна даведацца вынік для навучэнца. Падраздзел “Інтэрактыў” прадстаўлены курсам відэалекцый і дэманстрацыйным відэа па тэмах “Электрычнае супраціўленне”, “Закон Ома”, “Вузел электрычнага ланцуга”, “Ток у вакууме”, “Элек­трычныя зарады”, “Закон Кулона” і інш. Прымяненне вучэбнага відэа дазваляе паведамляць разнастайную інфармацыю ў межах вучэбнага матэрыялу, фарміраваць наглядныя ўяўленні аб фактах, падзеях, фізічных законах, з’явах, абагульняць, сістэматызаваць пройдзены матэрыял, стымуляваць дзейнасць навучэнцаў па самаадукацыі.

Дыдактычныя гульні па раз­дзеле “Электрадынаміка” створаны з дапамогай канструктара для стварэння гульняў LearningApps, які дазваляе распрацоўваць розныя віды вучэбных гульняў, накіраваных на замацаванне атрыманых ведаў.

У падраздзеле “Рознае” карыстальнікі знойдуць адзінкі вымярэння ў СІ, пастаянныя велічыні і інш. Гэты матэрыял прадстаўлены ў таблічным выглядзе, што са­дзейнічае больш эфектыўнаму знаходжанню неабходнай інфармацыі і засваенню матэрыялу. Gif-выявы розных фізічных з’яў: перагарання лямпачкі ў замаруджанай здымцы, руху іоннага рухавіка на катушцы Тэсла, электразваркі, фігур Ліхтэнберга, уласцівасцей ферамагнітнай вадкасці і інш. — прадстаўлены ў падраздзеле “Гэта цікава”. Прычым кожная выява мае блок з тэарэтычным апісаннем. Падраздзел “Рэсурсы” прадастаўляе навучэнцам і выкладчыкам спасылкі на знешнія інтэрнэт-крыніцы, дзе можна атрымаць дадатковую інфармацыю.

Раздзел “Астраномія” таксама складаецца з шэрага змястоўных падраздзелаў. Для карыстальніка аўтар партала прапаноўвае 30 лекцый і падручнік па астраноміі для спампоўвання, анлайн-тэсты па тэмах “Уводзіны ў астраномію”, “Будова Сонечнай сістэмы”, “Сонца і іншыя зоркі”, “Будова і эвалюцыя Сусвету” і інш. У падраздзеле “Планеты” ёсць магчымасць пазнаёміцца з gif-выявай кожнай з планет Сонечнай сістэмы, яе апісаннем і табліцай параметраў, дзе размешчаны вага, дыяметр, шчыльнасць, даўжыня сутак, адлегласць да Сонца і г.д.

Бадай што самымі цікавымі падраздзеламі з’яўляюцца падраздзелы “Інтэрактыў” і “Гэта цікава”. Рубрыка “Інтэрактыўная ма­дэль” дазваляе з дапамогай дадатку Solar System Scope паглыбіцца ў Сонечную сістэму і падарожнічаць у рэжыме рэальнага часу. Таксама ёсць магчымасць маментальнага перамяшчэння па Сонечнай сістэме да розных нябесных цел. Раздзелы ўключаюць у сябе ўсе існуючыя планеты (іх імёны, арбіты, атмасфера, выгляд планет з Зямлі), усе карлікавыя планеты з падрабязнай інфармацыяй пра іх, сузор’і. Гэта вельмі зручна пры праходжанні тэм аб планетах, спадарожніках, малых нябесных целах. У рубрыцы “Гукі космасу” змяшчаюцца аўдыяфайлы з гукамі Сусвету. Кожны аб’ект бяскрайняга космасу выдае гукі. Для кагосьці гэта падасца песняй, а для некаторых — проста белым шумам. Падборка дакументальных і навуковых фільмаў па астраноміі ў розных тэматычных кірунках (“Падарожжа на край Сусвету”, “Чорныя дзіркі Квазары. Прастора і час”, “Эвалюцыя планеты Зямля” і інш.) змешчана ў рубрыцы “Кіназала”. Непадробную цікавасць выклічуць у карыстальнікаў астранамічныя анлайн-пазлы, створаныя з дапамогай рэсурсу Jigsawplanet, і гульні па астраноміі, створаныя з дапамогай дадатку LearningApps. У падраз­дзеле “Гэта цікава” можна ўбачыць анлайн-трансляцыю вэб-камеры МКС, 800-мегапіксельную панараму Млечнага Шляху, інтэрактыўную мадэль сутыкнення галактык і інш.

— Часта навучэнцы не могуць сабе ўявіць сапраўдных памераў і форм тых ці іншых нябесных цел або іх частак, напрыклад кратараў, цяснін, скал. Віртуальныя падарожжы па паверхнях планет і галактыцы сталі даступнымі на ўроках астраноміі з дапамогай рубрыкі ЭАР “VR-відэа. Віртуальная рэаль­насць”. Для таго каб гэта ажыццявіць, можна выкарыстоў­ваць акуляры віртуальнай рэаль­насці (VR box). Навучэнцы з задавальненнем працуюць з 3D-тэхналогіяй, разглядаючы тыя ці іншыя няроўнасці паверхні касмічных цел, — заўважае Аляксандра Адамовіч.

Інфармацыйна-адукацыйны партал “Фізіка. Астраномія” створаны з дапамогай мовы гіпертэкставай разметкі HTML, каскадных табліц стыляў CSS, мовы скрыптоў JavaScript і бібліятэкі Bootstrap 4 і даступны па спасылцы https://portal-it.000webhostapp.com/. ЭАР адаптыўны для мабільных і стацыянарных прылад.

Па меркаванні аўтара, выкарыстанне распрацаванага ЭАР спрыяе фарміраванню інфармацыйнай культуры навучэнцаў, да­зваляе індывідуалізаваць навучанне ў адпаведнасці з іх магчымасцямі, патрэбамі і інтарэсамі. Выкарыстоўваючы гэты партал, выкладчык эканоміць час на распрацоўку матэрыялаў і арганізацыю месца правядзення вучэбных заняткаў, у тым ліку і дыстанцыйна, а з дапамогай разнастайнасці прадстаўленых форм падачы вучэбнага матэрыялу максімальна задзейнічае ўвагу навучэнцаў. Рэсурс можна дапаў­няць новай актуальнай інфармацыяй. Пры неабходнасці выкладчык можа мяняць, дапаўняць як тэксты, тэсты, так і інтэрактыўныя матэрыялы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.