Пра фізіку — цікава і проста

Навучэнцы сярэдняй школы № 9 Бабруйска заўсёды з энтузіязмам імкнуцца на ўрокі фізікі. Вывучэнне складанай навукі, дзякуючы падыходам настаўніцы Святланы Здаранковай, ператварылася для дзяцей у цікавы, займальны працэс. На занятках Святлана Уладзіміраўна стараецца максімальна наблізіць фізіку да рэальнага жыцця. Такая методыка дазваляе зрабіць фізічныя формулы, законы і аксіёмы зразумелымі кожнаму вучню.

Фота да матэрыяла: Пра фізіку — цікава і проста.— Адна справа — паўтарыць наглядны вопыт па падручніку, а зусім іншая — правесці эксперымент, звязаны са штодзённасцю, расказаць аб складанай фізічнай з’яве, прывёўшы даступны жыццёвы прыклад. Калі звычайны ўрок ператвараецца ў практыка-арыентаваны, тады і фізіка становіцца простай для ўспрымання і вывучэння. Складаны на першы погляд прадмет захоплівае навучэнцаў, яны пачынаюць самастойна імкнуцца да пошуку ведаў, — кажа Святлана Уладзіміраўна.

Для яе фізіка была адным з любімых школьных прадметаў. Але станавіцца настаўнікам, выкладаць гэтую навуку — такой мары ў Святланы Здаранковай не было. Педагогам яе бачылі бацькі. Па іх парадзе, пасля заканчэння школы яна і накіравалася ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

— Вучоба давалася лёгка. Але пра тое, каб застацца ў педагогіцы, спачатку нават не думала. Усё змяніла першая студэнцкая практыка. Універсітэт накіраваў мяне ў сярэднюю школу № 30 Мінска. Маім практычным кіраўніком стала настаўніца фізікі Ганна Георгіеўна Ясковіч. Сваім стаўленнем да працы яна змяніла мой погляд на прафесію. Я зразумела, што таксама хачу вучыць дзяцей, хачу быць педагогам, — падзялілася ўспамінамі Святлана Уладзіміраўна.

Атрымаўшы дыплом, Святлана Здаранкова па размеркаванні накіравалася на малую радзіму — у Бабруйск. Першыя прафесійныя крокі яна рабіла ў роднай сярэдняй школе № 26 горада.

— Гады працы ў роднай школе і зараз успамінаю з асаблівай цеплынёй. Па першым часе ўзнікалі некаторыя цяжкасці, напэўна, як і ў кожнага маладога спецыяліста. У гэты перыяд значную падтрымку аказваў калектыў установы. Гэта вельмі дапамагло ў прафесійным станаўленні, — расказала Святлана Здаранкова.

Зараз, працуючы ў 9-й гарадской школе, яна не бачыць для сябе іншага шляху, акрамя як настаўніцкага. Педагогіка стала яе прызваннем. На сённяшні дзень Святлана Ула-дзіміраўна валодае ўласным педагагічным почыркам, распрацавала методыку выкладання, галоўнае ў якой — зацікавіць фізікай кожнага вучня. На сваіх занятках яна стараецца максімальна развіваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.

Урокі Святлана Здаранкова будуе такім чынам, каб у дзяцей была магчымасць выбару індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Настаўніца шырока выкарыстоўвае на занятках інавацыйныя сродкі адукацыі. Адной з найбольш эфектыўных яна лічыць тэхналогію навучання “Актыўная ацэнка”.

Святлана Уладзіміраўна ўпэўнена, што, калі прымушаць дзяцей вучыць фізіку, нічога значнага не дасягнеш.
— А вось калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, вынік будзе адпаведным. Спосабы матывацыі могуць быць рознымі, — адзначае суразмоўніца.

Захапляе фізікай Святлана Здаранкова, робячы вучэбны матэрыял даступным для разумення, а замацоўвае веды вучняў пры дапамозе розных нестандартных заданняў, інтэлектуальных гульняў.

— Разам з вучнямі мы часта рашаем задачы-даследаванні, эксперыментальныя задачы. Фізіка — навука эксперыментальная. Таму я вялікую ролю адводжу арганізацыі даследчай дзейнасці. Даследаванні, досведы мае вучні праводзяць і на ўроках, і дома. Для суправаджэння дамашніх даследаванняў навучэнцаў мной быў распрацаваны электронны адукацыйны рэсурс “Сябры і фізічны праект”. Сайт уключае ў сябе ўрокі, тэсты, гульні, даследчыя заданні, прыклады даследаванняў, рашэнне якіх вельмі дапамагае вучням у авалоданні разнастайнымі патрэбнымі навыкамі, — падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна.

Важнае месца ў яе педагагічнай дзейнасці займаюць пазаўрочная работа і работа з адоранымі навучэнцамі.
— Напэўна, у сукупнасці пасля ўрокаў я праводжу з дзецьмі больш часу, чым у ходзе саміх заняткаў, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна.

На працягу навучальнага года для сваіх навучэнцаў яна арганізуе тэматычныя і прадметныя тыдні, разнастайныя інтэлектуальныя фізічныя гульні, віктарыны, адукацыйныя квесты. Традыцыйнай для вучняў стала і круглагадовая канферэнцыя “Навука дасведчаным шляхам”, падчас якой у дзяцей ёсць магчымасць прадэманстраваць вынікі дамашніх эксперыментаў.

— З мэтай развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў разам з настаўніцай матэматыкі Наталляй Сямёнаўнай Мазнікавай сёлета мы стварылі клуб фізіка-матэматычнага профілю. Яго ўдзельнікамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным і даследчым руху. Заняткі ў клубе дапамагаюць адораным дзецям дасягнуць большых поспехаў у вучобе, — паведаміла Святлана Здаранкова.

Адметна, што ў Святланы Уладзіміраўны добра атрымліваецца раскрываць юныя таленты. Яе вучні штогод становяцца прызёрамі другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, рознаўзроўневых конкурсаў даследчых работ. Многія выбіраюць фізіку за аснову прафесіі.

Плённая праца Святланы Здаранковай неаднаразова была адзначана. Настаўніца з’яўляецца пераможцай абласнога тура конкурсу “Настаўнік года” ў адпаведнай намінацыі, неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі мясцовых выканкамаў. Усё гэта важна і ў той жа час другасна. Значна каштоўней любой матэрыяльнай узнагароды для гэтай настаўніцы бляск зацікаўленых дзіцячых вачэй на ўроках.

Фота з архіва
Святланы ЗДАРАНКОВАЙ.