Пра фізіку цікава

У цуды і загадкі фізікі пагрузіліся ўдзельнікі (іх звыш 600 чалавек) фестывалю навукі “Фізіка вакол нас”, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

— Да ўдзелу ў фестывалі запрасілі навучэнцаў з 5 па 11 клас, настаўнікаў, — расказвае дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. — Але паўдзельнічаць, пабываць на шматлікіх майстар-класах і прэзентацыях захацелі і больш юныя аматары навукі. Мы другі раз праводзім такое мерапрыемства, у мінулым годзе адбыліся фестывалі ў Гродне і Лідзе. Сёлета праграму пашырылі, запрасілі новых удзельнікаў і ўключылі новыя мерапрыемствы. Як бачым па колькасці ўдзельнікаў у гэтым годзе, цікавасць да фізікі ў дзяцей ёсць.

Арганізатары фестывалю, а гэта ГрДУ імя Янкі Купалы, вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр “Тэхналаб”, абласны Цэнтр тэхнічнай творчасці, адукацыйны цэнтр “Стэмлаб”, гродзенскі філіял Парка высокіх тэхналогій, робатастудыя ROBOX, прадпрыемствы “Белтекс-Оптик” і Armytek Optoelectronics Inc., прапанавалі 17 майстар-класаў, прэзентацый і інтэрактыўных пляцовак.

Пачаўся фестываль з прагляду відэафільмаў пра фізіку і фізікаў. Школьнікаў віталі прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ Генадзь Гачко, дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. Прафесар Валерый Ліопа прачытаў незвычайную лекцыю па фізіцы цвёрдага цела… у вершаванай форме, кіраўнік філіяла ПВТ Юрый Вайтукевіч гаварыў пра тое, чым можа заняцца фізік у галіне інфармацыйных тэхналогій. Цікава было паслухаць і пра стварэнне дзіцячага тэхналагічнага парка. Дзеці і дарослыя задавалі шмат пытанняў, а за самыя цікавыя пытанні ўдзельнікі былі ўзнагароджаны падарункамі ад ПВТ.

На практычнай частцы можна было даведацца пра сучасныя оптавалаконныя тэхналогіі, высокатэхналагічныя святлодыёдныя ліхтары, 3D-тэхналогіі, уплыў моцных электрычных палёў на адкрыты агонь, убачыць аптычныя ілюзіі і лазеры, сабраць робата і стварыць электронныя аздабленні. Была арганізавана экскурсія ў суперкамп’ютарны цэнтр універсітэта, дзе прадстаўлены вылічальныя сістэмы, што выкарыстоўваюцца для рашэння задач мадэлявання фізічных працэсаў і апрацоўкі вялікіх масіваў даных.

Навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 15 Ліды Дар’я Багрым разам са сваёй настаўніцай фізікі Ганнай Токць спяшаліся на майстар-клас па робататэхніцы. Дзяўчына мае дыплом за ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект” у секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”. Так што за адзін дзень можна было прыняць удзел у двух цікавых мерапрыемствах.

— Абласны этап конкурсу “ТэхнаІнтэлект” праводзім разам з фізіка-тэхнічным факультэтам ГрДУ, у журы запрашаем выкладчыкаў факультэта. Юныя рацыяналізатары і вынаходнікі маюць магчымасць атрымаць ад вопытных навукоўцаў кансультацыі па ўдасканаленні сваіх распрацовак, а таксама паўдзельнічаць у фестывалі “Фізіка вакол нас”, — расказвае дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч. — У гэты раз у дзесяці секцыях былі прадстаўлены 95 распрацовак навучэнцаў, створаных падчас даследчай, эксперыментальнай і вынаходніцкай дзейнасці ў галіне тэхнічнага канструявання, энергетыкі і электратэхнікі, экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання, сучасных і перспектыўных матэрыялаў, інфармацыйных сістэм і тэхналогій, робататэхнікі, аўтаматызацыі і інтэлектуальных сістэм, радыёэлектронікі, мультымедыйных і касмічных тэхналогій.

Як паведаміў Андрэй Герман, у рамках фестывалю прайшло некалькі рабочых сустрэч, на якіх абмяркоўваліся пытанні ўдзелу партнёраў універсітэта ў рабоце навукова-тэхналагічнага парка і стварэння дзіцячага тэхнапарка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *