Пра герб і сталіцу

- 7:58Навіны рэгіёнаў

Літару “Д” маленькія беларусы могуць вывучыць з дапамогай апавядання аб дажынках, а таксама яркіх малюнкаў і фотаздымкаў, цікавых, запамінальных вершаў. Літара “Г” — гэта пра герб, а “С” — пра сталіцу. Выкладчыкі і навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну стварылі новую “Азбуку для маленькіх беларусаў”.

— Мы хацелі дапамагчы дзецям лягчэй засвоіць вывучэнне літар і чытанне, — гаворыць адзін з аўтараў праекта выкладчык вытворчага навучання каледжа Наталля Катовіч. — Спачатку быў створаны папяровы экзэмпляр азбукі, які мы прадставілі на занальным туры конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Наша ідэя спадабалася. Мы атрымалі параду працаваць далей і зрабіць дадаткова электронную распрацоўку.

І пачалася напружаная работа. Наталля Сяргееўна выкладае “Інжынерную графіку”, а тут прыйшлося стаць літаратурным кансультантам — падбіраць да малюнкаў і здымкаў вершаваныя каментарыі, невялікія апавяданні. Выкладчык прадметаў “Эканоміка” і “Бухгалтарскі ўлік” каледжа Надзея Сцяпура распрацоўвала бізнес-план, а першымі ацэншчыкамі азбукі былі яе сын і дачка — школьнік Антон і дашкольніца Ксенія. Ад іх і ад выхаванцаў дзіцячых садкоў аўтары праекта атрымлівалі парады, напрыклад, якія словы можна яшчэ дадаць для вывучэння літар.

— Не проста першы падручнік для маленькага беларуса, а кніга, якая раскажа аб Радзіме, яе традыцыях, культуры. Мы рабілі ўпор на патрыятычным, выхаваўчым аспекце, — гаворыць Надзея Аляксандраўна.

Электронны варыянт азбукі дае дадатковыя магчымасці: разбіваць матэрыял па блоках і кірунках — культура, спорт, традыцыі, геаграфія.

У рабоце над электронным варыянтам шмат працаваў навучэнец каледжа Дзмітрый Стральцоў, які атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-праграміста. Такая электронная азбука не толькі вучыць, але і развівае маторыку дзіцяці, каардынацыю рухаў, бо насычана заданнямі на размяшчэнне, збіранне малюнкаў.

“Азбука маленькага беларуса” будзе прадстаўлена ў фінале Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.