Пра гістарычную спадчыну Ляхавіцкага раёна паведамяць арыгінальныя макеты

- 14:16Родная земля

З багатай архітэктурнай спадчынай Ляхавіцкага раёна можна азнаёміцца дзякуючы арыгінальным макетам, створаным калектывамі ўстаноў адукацыі. Раскажуць незвычайныя работы і пра мужнасць народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ляхавіцкая цвярдыня

Адным з самых непрыступных замкаў на беларускіх землях быў Ляхавіцкі. У яго гонар пастаўлены помнік, выява замка ўпрыгожвае герб горада, а настаўнікі і вучні актыўна вывучаюць мінулае фартэцыі. Калісьці магутныя бастыёны ўзвышаліся над звілістай рэчкай з таямнічай назвай Ведзьма. Шмат таямніц і ў гісторыі замка. Мяркуйце самі: на працягу XVII стагоддзя (багатага на войны і паўстанні) ён ні разу не быў захоплены, вытрымаў некалькі аблог, самая доўгая з якіх працягвалася чатыры месяцы.

Настаўнік гісторыі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Віталь Аляксандравіч Толкач тлумачыць гэта ўзвядзеннем замка згодна з перадавой для таго часу новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмай. Яшчэ адна, не менш важная прычына — мужнасць абаронцаў. Амаль праз 300 гадоў гэтая рыса характару мясцовых жыхароў яскрава праявілася пры абароне горада ад наступаючых ня­мецка-фашысцкіх войскаў, а потым і ў часы акупацыі. Пра гэты пе­рыяд Віталь Аляксандравіч таксама раскажа шмат цікавага і гераічнага, паколькі Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца для яго асноўнай тэмай краязнаўчых даследаванняў.

Пакуль што вернемся ў часы сівой даўніны… Канец XVI стагоддзя. У Ляхавічах закладваецца замак бастыённага тыпу. Крэпасць мела правільную прамавугольную планіроўку з моцна выступаючымі вуглавымі бастыёнамі. Унутраны двор быў абаронены высокім насыпным валам. З аднаго боку крэпасці — рака Ведзьма, а з іншых — глыбокі роў, запоўнены вадой.

— Падземныя калідоры дазвалялі гарнізону перамяшчацца ў сярэдзіне валоў. Пры бастыёнах былі казематы для боепрыпасаў. Уехаць у замак можна было праз пад’ёмны мост. Над варотамі ўзвышалася вежа са шпілем. Архітэктурным упрыгажэннем фартэцыі быў двухпавярховы каменны палац, узведзены ў стылі барока. Непадалёк стаяў арсенал — масіўны каменны аднапавярховы будынак. Па адной з легенд, адсюль пачынаўся падземны ход і вёў аж у Нясвіж. Згодна з іншай, ён выходзіў да найбліжэйшага саду і выкарыстоўваўся для эва­куацыі падчас аблогі і вылазак гарнізона ў бок непрыяцеля, — паведаміў настаўнік гісторыі.

Каб пацвер­дзіць свае словы, Віталь Аляксанд­равіч прапанаваў азнаёміцца з гравюрай XVII стагоддзя. Зрабіць гэта няцяжка, дастаткова на любым пошукавым сайце набраць “Ляхавіцкі замак”. На пажаўцелай ад часу выяве можна ўбачыць і бастыёны, і вежу са шпілем, і прыгожы двухпавярховы барочны палац. Не пазначаны толькі падземныя хады, але ў тым, што яны былі, можна не сумнявацца.

Наогул, у жыцці настаўніка Ляхавіцкі замак адыграў не менш важную ролю, чым у гісторыі самога горада. У многім дзякуючы замку Віталь Аляксандравіч паспяхова прайшоў атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымаў пасведчанне экскурсавода. На абароне якраз расказваў камісіі пра знакамітую фартэцыю. Сам жа педагог родам з Шаркаўшчынскага раёна, але жыццёвыя дарогі прывялі яго ў гэты ціхі куточак Брэсцкай вобласці, які палюбіў з першага знаёмства, і літаральна з першага дня пачаў вывучаць мінулае краю.

— Адразу ж звярнуў увагу на герб райцэнтра. Што за крэпасць, чаму яна галоўны сімвал Ляхавіч? Пачаў шукаць адказы ў інтэрнэце, кнігах мясцовых краязнаўцаў. А тут якраз з’явілася нагода абараніцца на экскурсавода, — падзяліўся Віталь Аляксандравіч, а потым выказаў слушную думку: — Падчас урокаў вучні часта цікавяцца, якія падзеі ў той ці іншы перыяд адбываліся ў Ляхавічах. І ў мяне як настаўніка гісторыі няма права сказаць ім, што не ведаю адказу, бо не мясцовы. Як жа буду фарміраваць у дзяцей любоў да малой радзімы, калі сам не люблю гэты край?

Пытанне, сапраўды, рытарычнае. Але Віталю Аляксандравічу тут не можа быць сорамна: ён добра ведае і любіць Ляхавіччыну, у тым ліку яе легенды і паданні. Самыя яркія з іх звязаны з ракой Ведзьмай. Гавораць, калісьці ў гэтых краях жыла вядзьмарка. Мясцовыя людзі аднойчы раззлаваліся на яе і ўтапілі ў рацэ, ад чаго вада адразу ж пацямнела. Яшчэ адна легенда нагадвае шэкспіраўскую класіку: на супрацьлеглых берагах знаходзіліся два паселішчы, жыхары якіх варагавалі паміж сабой. Аднак хлопец і дзяўчына з гэтых паселішчаў пакахалі адно аднаго. Падчас вяселля, калі жаніх ішоў да нявесты праз раку, мост абрушыўся. Родныя хлопца палічылі гэта дрэнным знакам і назвалі раку Ведзьмай. Як бы там ні было, калі чуеш арыгінальны гідронім, адразу ж хочацца даведацца пра таямніцу яго паходжання.

Што тычыцца замка, то ў пачатку XVIII стагоддзя яго напаткаў сумны лёс. 30 красавіка 1706 года атрад шведскага палкоўніка Крэйца падышоў да магутных сцен. 1 мая пасля працяглага абстрэлу гарнізон вырашыў здацца, крэпасць была разбурана. Пра стратэгічную важнасць замка сведчыць той факт, што за яго ўзяцце Густаў Крэйц атрымаў званне генерал-маёра, а паглядзець на разбураную цвярдыню прыязджаў сам Карл ХІІ. Цяпер на месцы фартэцыі — прыватны сектар. Падчас палявых работ жыхары Ляхавіч часта знаходзяць на агародах артэфакты мінулага, а ў адным са склепаў, па словах Віталя Аляк­сандравіча, можна нават убачыць рэшткі замкавых умацаванняў.

— Мы з вучнямі часта прыхо­дзім паглядзець фрагменты валоў, асабліва вясной і восенню, калі стаіць добрае надвор’е. Праводжу экскурсіі не толькі для школьнікаў. Гісторыяй Ляхавіч цікавяцца і лю­дзі, жыццё якіх было звязана з гэтым горадам. Хтосьці тут нара­дзіўся або працаваў пэўны час, у некага родныя адсюль. Гэта так званы настальгічны турызм — перспектыўны, дарэчы, для Беларусі кірунак, — падзяліўся настаўнік.

Пошук вядуць “следапыты”

Сёння акцэнт у сваёй края­знаўчай дзейнасці Віталь Аляксандравіч робіць на тэме Вялікай Айчыннай вайны. Разам з удзельнікамі пошукавага атрада “Следапыты” яны вывучаюць падзеі больш чым 80-гадовай даўніны, шэфствуюць над брацкімі магіламі, папаўняюць экспазіцыю матэрыяламі пра генацыд беларускага народа — працягваюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі.

— Пошукавы атрад быў створаны пры музеі баявой славы яшчэ ў 1950-я гады дырэктарам школы ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Рыгоравічам Скалабанам. Адным з асноўных абавязкаў чырвоных следапытаў была перапіска з ветэранамі. Вучні адпраўлялі лісты ў розныя куткі Савецкага Саюза, адшуквалі ўдзельнікаў абарончых баёў 1941-га і вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод тых, каму рэгулярна прыхо­дзілі лісты ад ляхавіцкіх следапытаў, — палкоўнік Дзмітрый Аляксеевіч Марозаў, аўтар кнігі “Пра іх не згадвалася ў зводках”. З партрэтам ветэрана і яго кнігай можна азнаёміцца ў экспазіцыі школьнага музея баявой і працоўнай славы, — паведаміў настаўнік.

Перапіска працягваецца, праў­да, ужо не з франтавікамі, а з іх нашчадкамі. Па ініцыятыве родных аднаўляюцца і перарваныя часам кантакты. Так, аднойчы на электронную пошту школы напісала жанчына, якая, перабіраючы архіў свайго бацькі, знайшла лісты, напісаныя яму ляхавіцкімі следапытамі ў савецкі час. Яна зрабіла копіі гэтых лістоў і даслала ў школу.

— Ветэраны, на жаль, сыхо­дзяць ад нас, таму ганарымся, што паспелі запісаць, у тым ліку на відэа, успаміны Фёдара Фёдаравіча Лойкі і Уладзіміра Васільевіча Пракапенкі. Яны былі апошнімі з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне. Асабліва частымі былі сустрэчы з Фёдарам Фёдаравічам. Ён жыў побач са школай, у суседнім доме, і да яго мы з вучнямі заўсёды наведваліся на святы, асабліва ён нас чакаў на 9 Мая. Напярэдадні сустрэчы абавязкова цікавіўся, колькі прый­дзе дзяцей, каб кожнаму ўручыць на развітанне шакаладку, — адзначыў Віталь Аляксандравіч.

Макет помніка на брацкай магіле, створаны калектывам Падлескай базавай школы

Кожны год для юных следа­пытаў напоўнены важнымі справамі. Асабліва насычаным з’яўляецца юбілей Вялікай Перамогі. Сярод іншых значных мерапрыемстваў стаў удзел у раённым конкурсе “Рэха стагоддзяў” па стварэнні макетаў воінскіх пахаванняў. Калектыў сярэдняй школы № 2 Ляхавіч прадставіў паменшаную копію брацкай магілы ў Грушаўцы, над якой шэфствуе.

Шыкоўнае месца

Убачыць незвычайныя конкурсныя работы можна ў гарадскім Доме культуры. Тут жа знаходзіцца і макет Ляхавіцкага замка, зроблены мастакамі-архітэктара­мі. Настаўнікі і вучні раёна таксама з’яўляюцца аўтарамі не менш цікавых макетаў фартэцыі. Гэтыя работы хоць і не настолькі прафесійныя, аднак даволі арыгінальныя, з аўтарскім, так бы мовіць, бачаннем. Некаторыя з іх выстаў­ляюцца ў цёплы перыяд года пад адкрытым небам на тэрыторыі знакамітай грушаўскай сядзібы.

Пра Грушаўку хацелася б ска­заць асобна. Гэта выдатны прыклад таго, як мясцовыя ініцыятывы, памножаныя на зацікаўленасць раённай улады, могуць прыносіць плён. Былое ўладанне Рэйтанаў з яго прыгожым драўляным палацам, унікальнай неагатычнай капліцай-пахавальняй, рэшткамі гаспадарчых пабудоў нібы магніт прыцягвае турыстаў, аматараў даўніны. Асаблівую атма­сферу гэтаму месцу якраз і надаюць выстаўленыя пад высокімі разгалістымі таполямі і клёнамі макеты храмаў, палацаў і, канечне, знакамітай фартэцыі.

Метадыст Ляхавіцкага РВМК Людміла Буцько побач з макетамі на тэрыторыі грушаўскай сядзібы

Палацава-паркавы комплекс у Грушаўцы — адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Ляхавіцкага раёна. Але так было не заўсёды. Прыгадваю 2013 год, сваю першую камандзіроўку ў гэтыя мясціны, калі разам з настаўнікамі Тальмінавіцкай школы наведваў Савейкаўскі палацава-паркавы комплекс. Інфармацыйная нагода была выдатная: у закінутага палаца нарэшце з’явіўся гаспадар, зацікаў­лены ў аднаўленні яго былой прыгажосці і велічы. Планаваў наведаць і Грушаўку, але педагогі параілі адкласці паездку да лепшых часоў, калі сядзіба набудзе прывабны выгляд. І вось гэтыя часы насталі.

Вучні Начаўскай сярэдняй школы знаёмяць з экспазіцыяй, прысвечанай палацава-паркаваму комплексу

Кожны дзень Грушаўка сустракае гасцей. Сярод іх шмат школьнікаў і педагогаў, асабліва падчас канікул. І першае, на што звяртаюць увагу наведвальнікі, — арыгінальныя макеты. Ёсць тут і паменшаная копія палаца Чарноцкіх, зробленая калектывам Начаўскай сярэдняй школы. Стварэнне макета стала адным з вынікаў краязнаўчай работы, якая актыўна вя­дзецца ў школе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладзіміравіча Погаса. Настаўнік гісторыі спадзяецца, што начаўская сядзіба таксама верне былую славу, паколькі ў турыстычным плане яна не менш цікавая, чым Грушаўка, а ў нечым і ўнікальная, паколькі тут ёсць аб’екты, якія не сустрэнеш больш ні­дзе ў Беларусі. Гэта, напрыклад, каменны стол, які сёння мясцовыя жахары называюць каменем кахання. Хто яго зрабіў і для чаго — пра ўсё гэта нам раскажа Уладзімір Уладзіміравіч.

— Да 1794 года гэтыя землі належалі ордэну езуітаў. Пасля падзелу Рэчы Пас­палітай падораны князям Масальскім, але яны не сталі імі карыстацца і хутка прадалі. У 1798 годзе іх набыў віцебскі ротмістр Францішак Ксаверы Чарноцкі для свайго старэйшага сына Міхаіла. Менавіта ён з 1810 па 1815 год пабудаваў тут радавое гняздо, якое належала Чарноцкім да 1939 года — часу аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Самым яркім прадстаўніком роду, на мой погляд, з’яўляецца перакладчык і публіцыст Напалеон Чарноцкі. Ён нарадзіўся 13 ліпеня 1866 года, вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, але ў 1890 годзе за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў выключаны. Вярнуўся ў маёнтак да бацькоў, дзе пражываў пад наглядам паліцыі. Нягледзячы на гэтыя абставіны, працягваў удзельнічаць у выданні на беларускай мове першага варыянта агітацыйнай брашуры “Дзядзька Антон”, перакладаў творы Караленкі, Чэхава, Крапіўніцкага. Пісаў работы “Як будзе з зямлёю”, “Да пытання аб беларускай народнай школе”, а таксама на медыцынскія тэмы. Яшчэ адзін яго знакаміты твор, напісаны ў пазнейшыя гады, — “Батлейка з ваколіц Начы”, дзе ён расказвае пра сваё дзяцінства і народную батлейку. Менавіта ў дзіцячыя гады было сфарміравана яго захап­ленне фальклорам. Частым гос­цем у яго бацькоў быў знакаміты этнограф і фалькларыст Міхал Федароўскі. Спецыяльна для госця Казімір Чарноцкі запрашаў у палац сялян, якія расказвалі легенды і паданні, спявалі народныя песні. Гэтыя творы слухаў і малы Напалеон. Апошнія гады свайго жыцця ён правёў у маёнтку Скрыбаўцы сённяшняга Шчучынскага раёна, дзе вырошчваў зёлкі, даследаваў наваколле. Памёр ва ўзросце 70 гадоў, пахаваны на мясцовых ката­ліцкіх могілках.

Апошні ўладальнік Начы з роду Чарноцкіх, Зігізмунд, быў аграномам. Яго парк і сад лічыліся ўзорнымі для свайго часу. У парку нават быў незвычайны сонечны гадзіннік. Ён складаўся з 12 лістоўніц, пасярэ­дзіне расла больш высокая, па якой і вызначаўся час. Менавіта пры Зігізмундзе Чарноцкім з’явіўся ўнікальны каменны стол. За ім гаспадар праводзіў заняткі для вучняў прыватнай школы садаводаў. Сёння за гэтым сталом таксама праводзяцца заняткі, але ўжо Уладзімірам Погасам для мясцовых школьнікаў падчас экскурсій у рамках урокаў па гісторыі Беларусі. Хаця, хто ведае, можа, паслухаўшы цікавы аповед Уладзіміра Уладзіміравіча, хтосьці з вучняў захоча прадоў­жыць мясцовыя традыцыі садаводства і агародніцтва і звяжа сваё жыццё з аграрнай справай.

Як і ў кожнай гістарычнай ся­дзібе, у Начы таксама ёсць свае легенды і паданні. Па адной з іх, Чарноцкія схавалі ў сажалцы на тэрыторыі парку скарб. Мясцовыя жыхары шмат разоў спрабавалі яго знайсці, але безвынікова. Аднак, на мой погляд, самым галоўным скарбам, які пакінулі нам былыя гаспадары гэтай зямлі, з’яўляецца прыгожы палац, а таксама парк, які сёння мае статус помніка прыроды мясцовага значэння. У ім расце шмат унікальных раслін і нават сустракаецца чырвана­кніжны венерын чара­вічак.

Па словах настаўніка, пытанне рэканструкцыі начаўскай сядзі­бы разглядалася не адзін раз, аднойчы нават былі выдзелены грошы. Але сродкі перанакіравалі на іншы аб’ект, таму начаўскі палац яшчэ ў чаканні свайго зорнага турыстычнага часу. Затое ў цэнтры ўвагі знаходзіцца грушаўская сядзіба.

Яркія ўражанні гарантаваны

Сваіх гасцей яна сустракае не толькі адноўленым драўляным палацам, унікальнымі макетамі архітэктурных помнікаў, але і шыкоўнымі дрэвамі. Прыемна прагуляцца па цяністай алеі, пастаяць пад шырокай кронай клёнаў і палюбавацца густой ліс­тотай, якая быццам ахутала палац. У дзень маёй камандзіроўкі лісце клёнаў было яшчэ зялёным, аднак з кожным днём прырода надае яму ўсё больш адценняў жоўтага і чырвонага колераў. Зусім хутка сядзіба будзе патанаць у залатой лістоце. Не прапусціце гэты момант, наведайцеся ў Грушаўку — яркія ўражанні і не менш яркія здымкі вам гарантаваны.

***

Марыя Саракавік, начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама:

— Наш раён невялікі, але ў кожнай установе адукацыі склаліся добрыя традыцыі, якія мы захоўваем і прымнажаем. Адной з іх стала стварэнне макетаў нашых славутых аб’ектаў. Некалькі гадоў назад настаўнікі і вучні рабілі паменшаныя копіі помнікаў архітэктуры, а сёлета да 80-годдзя Перамогі ўдзельнічалі ў конкурсе “Рэха стагоддзяў”. Школьныя калектывы працавалі над макетамі воінскіх пахаванняў. Убачыць работы можна ў будынку гарадскога Дома культуры. Тут жа знаходзіцца і макет галоўнай гістарычнай славутасці Ляхавіч — былога замка.

Гісторыю ўнікальнага фартыфікацыйнага аб’екта вывучае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Віталь Аляксандравіч Толкач. Цікавыя факты пра фартэцыю раскажа і настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Наталля Уладзіміраўна Скрыпнік. Адметны раён і палацава-паркавымі комплексамі — гэта яшчэ адна тэма края­знаўчых даследаванняў. Для кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Начаўскай сярэдняй школы Уладзіміра Уладзі­міравіча Погаса аб’ектам вывучэння з’яўляецца былая сядзіба Чарноцкіх, а таксама Грушаўка.

Важнае месца грамадзянска-патрыятычнага выхавання — Курган Славы. Па традыцыі 22 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы тут прахо­дзіць жалобны мітынг з удзелам не толькі нашых нас­таўнікаў і вучняў, але і навучэнцаў Мінскага і Брэсцкага абласных кадэцкіх вучылішчаў.

Моцныя традыцыі духоўна-маральнага выхавання. Адпаведныя рэсурсныя цэнтры створаны сумесна з прыходамі храмаў у Падлессі, дзе нарадзіўся Серафім Жыровіцкі, у Дараве. Дарэчы, рэсурсны цэнтр у Дараўскай сярэдняй школе наведваў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Падобны цэнтр рыхтуемся адкрыць 14 кастрычніка і ў Ляхавічах на базе сярэдняй школы № 1.

Мы не проста захоўваем традыцыі, а глядзім на перспектыву. Толькі такі падыход прыносіць плён у выхаванні любові і гордасці за родны край.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара