Пра гісторыю не па падручніках

- 12:35Навіны рэгіёнаў

Музей “Вехі гісторыі” адкрыўся ў гімназіі № 1 Ашмян

Будынак, у які ў мінулым годзе пераехала гімназія № 1, мае багатую гісторыю. У свой час тут размяшчаліся турма, польская гімназія, педагагічнае вучылішча, школа-інтэрнат. Ды і гімназістам ёсць што расказаць пра сваю ўстанову адукацыі, заснаваную 15 гадоў назад. Сёння менавіта гімназісты выступаюць у якасці экскурсаводаў, расказваючы пра “вехі гісторыі” гімназіі і будынка ўвогуле на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Ініцыятарам стварэння музея выступіла дырэктар гімназіі № 1 Ашмян Вольга Саванец. Удалося гэта ажыццявіць дзякуючы намаганням вучняў і настаўнікаў, у тым ліку ветэранаў працы, сярод якіх — былы кіраўнік школы-інтэрната, у будынку якой сёння знаходзіцца гімназія, Уладзімір Бізюк. 

— На працягу многіх месяцаў вучні разам з настаўнікамі займаліся стварэннем экспазіцый музея, — расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ашмян Сняжана Бурачэўская. — Раней у нас існаваў віртуальны музей. Цяпер жа можна прыйсці і на свае вочы ўбачыць экспанаты, рэчы, звязаныя з былымі настаўнікамі і тымі, хто працуе тут сёння. На адкрыцці музея намеснік дырэктара гімназіі Ірына Готка расказала пра сваю настаўніцкую дынастыю. Яе бацька, Міхаіл Кілачыцкі, быў выкладчыкам педагагічнага вучылі­шча, а маці, Вольга Шастова, — настаўніцай нямецкай мовы. Працягнуў настаўніцкую справу і брат Ірыны Міхайлаўны Вячаслаў, які выкладаў гісторыю і геаграфію ў школе-інтэрнаце.

Першую экскурсію па музеі правяла настаўніца гісторыі Ларыса Ларыёнава. Яна пазнаёміла з экспазіцыямі, прысвечанымі гісторыі польскай гімназіі імя Яна Снядэцкага, педагагічнага вучылішча і Ашмянскай дзіцячай школы-інтэрната. Асобнае месца займае расказ пра ўзорны хор “Пралеска” школы-інтэрната, якім некалькі дзясяткаў гадоў кіравала Вольга Емяльянава.

Пасля экскурсіі першыя запісы ў кнізе водгукаў пакінулі Уладзімір Бізюк і начальнік упраўлення адукацыі Ашмян­скага райвыканкама Святлана Баркоў­ская.

На адкрыцці музея кіраўнік гімназіі Вольга Саванец выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у яго стварэнні, і падкрэсліла, што жаданымі гасцямі тут заўсёды будуць ветэраны працы і выпускнікі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 Ашмян.