Давер — вельмі тонкая рэч. І асаблівую значнасць ён набывае тады, калі тычыцца ўзаемаадносін паміж вучнем і настаўнікам. Для таго, каб дзеці пачалі давяраць, педагог павінен лічыцца з іх інтарэсамі. Але пра тое, як гэта правільна зрабіць, ведаюць адзінкі. Адным з такіх выкладчыкаў з’яўляецца настаўнік хіміі і біялогіі Старалепельскай базавай школы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці Сяргей Мікалаевіч Філончык. У яго насамрэч атрымліваецца быць для вучняў сябрам. Але адначасова з гэтым малады педагог дакладна дае зразумець, дзе навучэнцы могуць дазволіць сабе пэўныя вольнасці, а дзе варта памятаць, што паміж настаўнікам і вучнем павінна існаваць мяжа.
— Сяргей Мікалаевіч, пасля заканчэння ўніверсітэта вы вярнуліся ў родную вёску, прыйшлі працаваць у школу, дзе вучыліся. Як да вас ставіліся настаўнікі — як да калегі ці ўсё яшчэ ўспрымалі як вучня, якога многаму трэба вучыць?
— Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава я прыйшоў працаваць у Старалепельскую базавую школу, дзе вучыўся да 9 класа. Скажу шчыра: на працягу некаторага часу было няёмка. Сам не мог звыкнуцца з тым, што я цяпер ужо не вучань, а настаўнік. І мае калегі, тыя настаўнікі, якім давялося мяне вучыць, гаварылі, што ім таксама цяжка прывыкнуць да таго, што я цяпер ужо не проста Сярожа, якога можна выклікаць да дошкі, а Сяргей Мікалаевіч.
Праз некаторы час уся “няўтульнасць” знікла. Цяпер у ролі настаўніка адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Мне падабаецца мая прафесія, і я не шкадую, што некалі вырашыў паступаць у педагагічны. Засмучае толькі адно — маленькая зарплата, якую атрымліваюць педагогі. Цяпер мне ўжо не па чутках вядома, якая адказнасць ускладзена на настаўніка, наколькі важнай для ўсіх з’яўляецца гэтая прафесія. І, думаю, наша работа павінна добра аплачвацца.
— Ці лёгка настаўніку быць класным кіраўніком?
— Класнае кіраўніцтва мне даверылі год назад, калі мае цяперашнія дзеці вучыліся ў 6 класе. У нашай сельскай школе класы невялікія. У мяне, напрыклад, 10 выхаванцаў — 5 хлопчыкаў і столькі ж дзяўчынак. Іх, безумоўна, нямнога. Але ўсе дзеці розныя, вельмі актыўныя. Менавіта з-за гэтага на самым пачатку з імі было дастаткова цяжка справіцца. Да кожнага вучня даводзілася шукаць індывідуальны падыход. Тыя навучэнцы, якія з’яўляюцца экстравертамі, хутка пайшлі на кантакт. Станоўча ўспрынялі мяне як класнага кіраўніка і дзеці, якіх я ведаў яшчэ да моманту майго прыходу ў школу. А вось з інтравертамі было вельмі цяжка наладзіць сувязь, знайсці агульную мову. На гэта патрабаваўся час. Але справіцца ўдалося.
— Напэўна, існуе нейкі сакрэт, пэўны педагагічны метад, які дапамагае настроіць вучняў на агульную сацыяльную хвалю, ці не так?
— Шчыра кажучы, ніякіх канкрэтных метадаў не існуе. Самым галоўным сакрэтам ва ўзаемаадносінах паміж вучнем і настаўнікам з’яўляюцца паважлівыя адносіны. Толькі ў тым выпадку, калі настаўнік паважае навучэнцаў, цэніць іх “я”, іх думкі, а таксама здолее разгледзець у кожным з дзяцей асобу, яму пачнуць давяраць і будуць любіць. Безумоўна, ёсць такія настаўнікі, якія не ўспрымаюць вучняў як самастойных людзей. Тым не менш выкладчыкі хочуць і нават патрабуюць, каб іх паважалі і лічыліся з іх меркаваннем. Але ў такіх педагогаў нічога не атрымаецца.
І ў адрозненне ад нас, дарослых, у падлеткаў толькі пачынае фарміравацца свой густ, свой пункт гледжання. Ні ў якім разе нельга адносіць думкі дзяцей да памылковых і нелагічных. Адчуваючы павагу і разуменне з боку настаўніка, вучань таксама пачынае паважаць яго, а гэта дае ўсе шансы на тое, каб быць сярод дзяцей не проста класным кіраўніком, а сябрам і аўтарытэтам, на якога можна раўняцца і да якога хочацца быць падобным.
— Ведаю, што падчас правядзення класных гадзін вы стараецеся адысці ад стандартаў, прыдумваеце цікавыя формы іх арганізацыі.
— Усім вядома, што класныя гадзіны праводзяцца пасля ўсіх асноўных урокаў. Дзеці прыходзяць на гэты пазакласны ўрок замучанымі. І я лічу, што манатонна ім нешта расказваць не мае сэнсу. Задача класнага кіраўніка — зацікавіць вучняў, перавесці іх з разраду пасіўных слухачоў у актыўных удзельнікаў урока. Менавіта па гэтай прычыне я праводжу класныя гадзіны ў выглядзе віктарын, дыскусій, дзелавых гульняў. Зусім нядаўна, напрыклад, мы арганізоўвалі дыскусійны клуб, якія разглядаў “Цяжкасці пераходнага ўзросту”. Мэта ўзгаданага мерапрыемства — навучыць дзяцей адэкватна ацэньваць тыя жыццёвыя сітуацыі, у якіх можа аказацца кожны з нас. Безумоўна, варыянты выхаду з падобных сітуацый мы таксама разам шукалі і абмяркоўвалі. Кожны навучэнец падчас тэматычнай класнай гадзіны пабыў не толькі героем, на якога звалілася канкрэтная праблема, але і псіхолагам. Цікава было паслухаць, якія парады дзеці даюць адно аднаму, як прапаноўваюць дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.
— Такім чынам, на якіх праблемах вучні больш за ўсё засяроджваюць увагу? Што іх хвалюе?
— Праблем, цікавасць да вырашэння якіх узнікае ў вучняў, насамрэч шмат. Але найбольш вострымі з’яўляюцца пытанні ўзаемаадносін у сям’і. Многія дзеці не ведаюць, як будаваць адносіны з бацькамі. Вядома, кожнаму з навучэнцаў хочацца, каб дома іх разумелі і падтрымлівалі. Сёння, на жаль, мала такіх сем’яў, дзе б існавалі абсалютна адкрытыя, даверлівыя адносіны. Вось дзеці і думалі над тым, як зрабіць унутранае сямейнае жыццё гарманічным. Многіх хвалюе тое, што ў некаторых сем’ях бацькі “сябруюць” з алкаголем. Безумоўна, адкрыта ніхто з вучняў пра гэта не гаворыць. А вось абмеркаваць гэтую тэму завочна, без указання імён, згаджаюцца ўсе. Між іншым, часта дзеці выказваюць цікавыя думкі, а гэта сведчыць аб тым, што ў іх правільная жыццёвая пазіцыя.
— Апошнім часам у краіне даволі вострай з’яўляецца яшчэ адна праблема — ужыванне маладымі людзьмі, у тым ліку школьнікамі, наркотыкаў. Напэўна, гэта патрабуе рэакцыі не толькі ад міліцыі, але і з боку школ, класных кіраўнікоў.
— Так, гэтая тэма з’яўляецца актуальнай і, безумоўна, патрабуе ўвагі. Менавіта па гэтай прычыне мы сталі запрашаць у школу, на класныя гадзіны інспектараў па справах непаўналетніх, а таксама іншых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія праводзяць размовы з дзецьмі. Ужо не адзін раз вучням былі паказаны спецыяльна падрыхтаваныя фільмы пра спайс, а таксама пра яго ахвяр. Дзеці павінны ведаць, наколькі небяспечнымі з’яўляюцца наркотыкі. І для таго, каб ніхто з падлеткаў не паламаў сваё жыццё, настаўнікі і бацькі павінны быць заадно.
— Сяргей Мікалаевіч, ведаю, што вы прывучаеце сваіх дзяцей да здаровага ладу жыцця, арганізоўваеце паходы, экскурсіі на веласіпедах.
— Здаровы лад жыцця, экскурсіі і паходы для мяне з’яўляюцца не толькі часткай пазашкольнай работы, але і сапраўдным захапленнем. Турызмам пачаў захапляцца яшчэ ў студэнцкія гады. Я скончыў біялагічны факультэт, а вучоба на ім патрабавала назірання за жывымі арганізмамі ў натуральным асяроддзі. Цяпер, выкладаючы ў школе біялогію і хімію, перадаю любоў да прыроды дзецям. Прыемна, калі мой клас аб’яўляе аб тым, што мы ідзём у паход, да нас далучаюцца і вучні з іншых класаў. Цікавым падарожжам можна назваць паездку на веласіпедах да мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, які знаходзіцца за сем кіламетраў ад гарадскога пасёлка Ушачы Віцебскай вобласці. Агульная працягласць маршруту туды і назад склала 60 кіламетраў. Між іншым, наш паход быў з начоўкай. Свой палатачны лагер мы разбілі на беразе возера. Сказаць, што дзецям вельмі спадабалася такая веласіпедная прагулка, значыць нічога не сказаць. Усе без выключэння былі проста ў захапленні ад падарожжа. І, думаю, сёлета таксама арганізую яшчэ адзін тур на веласіпедах. Згадзіцеся, такія паездкі карысныя для здароўя. Дарэчы, яшчэ адным плюсам экскурсій з’яўляецца нагляднасць. На ўроках у класе, напрыклад, не ўсё можна добра растлумачыць і паказаць. Затое на экскурсіях мы разглядаем віды раслін, даём сістэматычную класіфікацыю, вывучаем будову таго ці іншага прадстаўніка флоры. Акрамя гэтага, мы праводзім назіранні за жывёламі. Для гэтага арганізоўваем міні-экскурсіі на востраў — месца, дзе раней размяшчаўся Лепель. А вясной пры дапамозе бінокляў назіраем за птушкамі. Усе свае назіранні запісваем у спецыяльна заведзеныя біялагічныя дзённікі. І тая інфармацыя, якая значыцца ў дзённіках, з’яўляецца каштоўным дадаткам да ведаў, якія нам даюць падручнікі.
— Сяргей Мікалаевіч, як вы ставіцеся да сацыяльных сетак? Ці лічыце мэтазгодным меркаванне, што класны кіраўнік павінен маніторыць старонкі сваіх вучняў?
— Да сацыяльных сетак я стаўлюся даволі пазітыўна, таму што яны адносяцца да адной з форм узаемаадносін паміж людзьмі. Напрыклад, у мяне “Вконтакте” сярод сяброў ёсць многія з вучняў. І гэтую сацыяльную сетку я вельмі часта выкарыстоўваю для таго, каб перадаць дзецям інфармацыю. Зручна і тое, што вучні самі могуць у мяне нешта спытаць, удакладніць. Што тычыцца кантролю над дзецьмі ў сацсетках, пра які ўсе гавораць, то я лічу яго немэтазгодным. Тым не менш праводжу тэматычныя класныя гадзіны, якія тычацца ролі інтэрнэту, сацыяльных сетак і культуры ўзаемаадносін у гэтых сетках паміж вучнямі.
Наталля ДУБІК.