Пра космас — ад касманаўта

Незвычайны госць пабываў у ліцэі № 1 Гродна. Тут адбылася сустрэча з касманаўтам Алегам Віктаравічам Навіцкім.

Фота да матэрыяла: Пра космас — ад касманаўта.— Такі візіт здзейсніўся дзякуючы аддзелу адукацыі Гродзенскага гарвыканкама і ААТ “Малочны свет”, — расказвае дырэктар ліцэя Ігар Сяргеевіч Маслаў. — Расказ Алега Віктаравіча быў такім цікавым, што ліцэісты доўга не адпускалі яго і задавалі шмат пытанняў, і не толькі пра космас.

Як выглядае Зямля і палярнае ззянне з космасу, як вядзецца падрыхтоўка касманаўтаў, ці смачная касмічная ежа, як праходзіць рэабілітацыйны перыяд — больш за 40 мінут ліцэісты задавалі пытанні знакамітаму земляку. Даведаліся, што перад палётам касманаўты высаджваюць дрэвы на Байкануры, могуць атрымліваць падарункі з Зямлі, а мяккая цацка з’яўляецца своеасаблівым індыкатарм вымярэння бязважкасці.

Ліцэісты паказалі Алегу Віктаравічу сваю навучальную ўстанову і музей спорту і экалагічнага турызму.

Гродзенскія ліцэісты захапляюцца астраноміяй — паказваюць добрыя вынікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце. Чатыры навучэнцы ўваходзілі ў склад зборнай каманды краіны на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Так што пытанні, як праходзяць палёты на караблі “Саюз”, задавалі з веданнем справы. І канечне, рабілі сэлфі з касманаўтам. А на шчасце і шанцаванне папрасілі пакінуць аўтограф на зборніку матэрыялаў да цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *