Каштоўныя экспанаты і дакументы, якія захоўваюцца ў музеі баявой і працоўнай славы 1-й школы Веткі імя А.А.Грамыкі, маюць дачыненне да гісторыі як Беларусі, так і СССР, а таксама Расіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ад настаўнікаў — нашчадкам запавет
Сцежкі памяці — гэта і сцежкі ўдзячнасці, пераемнасці традыцый. Прыемна было чуць, як у знак удзячнасці папярэднікам цяперашні кіраўнік музея Марыя Худзякова, праводзячы экскурсію, згадвала іх імёны: “Музей наш адкрыўся ў 1973-м, і каб тое адбылося, шмат намаганняў прыклала Геня Залманаўна Дынькіна, яна была настаўніцай гісторыі ў 1949—1969 гадах. Большасць экспанатаў першай экспазіцыі сабрала менавіта яна і яе вучні”.
Геня Дынькіна 30-гадовай ішла праз вайну байцом партызанскага атрада, які дзейнічаў на мяжы Чачэрскага і былога Свяцілавіцкага раёнаў. Пра тое сведчыць дакумент у экспазіцыі, звесткі, фотаздымак з сястрой. Што называецца, па гарачых слядах настаўніцы-партызанцы ўдалося зберагчы для нашчадкаў рэчы, дакументы, успаміны абаронцаў Айчыны, сведчанні пра трагічныя падзеі ваеннай пары ў рэгіёне. Музей адкрылі святочна-ўрачыста 28 верасня 1973-га: тады адзначалася 30-годдзе вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сімвалічным было і тое, што чырвоную стужку пераразаў ветэран вайны ўраджэнец Веткі Дзмітрый Пятровіч Удовін, якому выпала доля вызваляць родны горад ад ворагаў.
Дарэчы, цікавы факт: і ў час нямецкай акупацыі школа ў Ветцы працавала. Пра тое раней не прынята было гаварыць, але што ж хаваць? Людзям, настаўніцам з малымі дзецьмі ў тым ліку, трэба было неяк выжываць. Гэта суровая праўда, якую не спішаш у архіў. Ствараючы кнігу да 150-годдзя школы, пра тое напісаў другі ўжо настаўнік гісторыі — Сяргей Мікалаевіч Перапялюк. Родам ён з Казахстана, прыехаў працаваць у Ветку і, як кажуць, прыкіпеў душой да гэтай зямлі. Больш за 20 гадоў кіраваў музеем, адшукаў многія экспанаты, дакументы, фотаздымкі. Адзначаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, у школе ўжо не працуе, на пенсіі, але заўсёды гатовы дапамагчы калегам і яго стараннай “вучаніцы ў музейнай справе” Марыі Вячаславаўне, якая годна прадаўжае справу папярэднікаў.
У музеі зберагаюцца пратаколы ваеннага часу раённых нарад стараст паселішчаў. Адзін з іх прадстаўлены і ў згаданай кнізе: ад 3 верасня 1942 года. Першым пунктам парадку дня ў ім значыцца барацьба з партызанамі, чацвёртым — падрыхтоўка да навучальнага года… Пададзена ў кнізе і прашэнне адной з настаўніц у гарадскую ўправу: даць ёй работу “в качестве учительницы в школе” ці ў якой-небудзь іншай установе. “Просительница”, так яна падпісалася, паставіла і дату звароту: 19 верасня 1941 года… І яна ж не адна такая была. У кнізе знаходзім: пры немцах, у 1943-м у раёне працавала 45 школ — 30 пачатковых і 15 сямігодак, была чатырохкласная нацыянальная школа. Выкладалі ў іх 258 настаўнікаў, было 35 тэхработнікаў. Некаторыя працавалі ў школах і пасля вызвалення райцэнтра.
У 2018-м, калі школа святкавала 150-годдзе, і выйшла згаданая кніга Сяргея Перапелюка. Тады ж музей пацвярджаў званне народнага. Амаль 190 квадратных метраў ён займае з таго часу на 3-м паверсе будынка, уваход абнесены металічнай рашоткай, бо ёсць у ім і экспанаты з часоў ваенных.
Якую праўду пра мінулае хацелі данесці нашчадкам стваральнікі музея, на чым засяродзіць увагу, да якіх разваг падштурхнуць?
Калі ў 2009-м школа рыхтавалася атрымаць ганаровае імя земляка, Андрэя Грамыкі, у музеі правялі рамонт, закупілі новае абсталяванне, у экспазіцыі з’явіліся новыя раздзелы, былі рэканструяваны і падноўлены ранейшыя. У многіх даведніках, звестках пра ўраджэнца Веткаўшчыны Андрэя Грамыку, які больш за 28 гадоў быў міністрам замежных спраў СССР, чытаем, што родам ён з мясцовай вёскі Старыя Грамыкі. Мала хто ведае, што працаваў ён і на педагагічнай ніве. Пасля 7-гадовай школы вучыўся ў прафесійна-тэхнічнай школе ў Гомелі, затым у Старабарысаўскім сельгастэхнікуме і пэўны час там выкладаў…
Ёсць у музеі раздзелы, прысвечаныя гісторыі школы, баявому шляху 307-й і 397-й дывізій, якія вызвалялі горад і раён ад захопнікаў. Асобныя куткі музея прысвечаны веткаўчанам, якія змагаліся з ворагам і не вярнуліся з вайны, трагічным падзеям веткаўскага халакосту і ветэранам — удзельнікам вайны.
Цікавыя аддзелы, прысвечаныя Героям Савецкага Саюза, якія родам з Веткаўшчыны, ёсць персанальныя стэнды пра былых вучняў школы… Персанальныя аддзелы прысвечаны і вядомым дзяржаўным дзеячам БССР і СССР: Аляксандру Аксёнаву, Уладзіміру Бровікаву, Ніне Сняжковай — гэта ўраджэнцы Веткаўшчыны, два апошнія былі вучнямі 1-й школы.
Адкуль што бярэцца?
Пацікавіўся: як папаўняецца музейны фонд? Рознымі шляхамі. Як расказала Марыя Худзякова, з часу заснавання музея пры ім дзейнічае клуб “Пошук”. Яго актывісты вядуць адпаведную работу, збіраюць і сістэматызуюць матэрыялы. Бывае і такое: выпускнік школы 2010 года Аляксей Асіпенка падарыў музею сваю калекцыю манет часоў Вялікага Княства Літоўскага, Расійскай імперыі, а таксама прадметаў рэлігійнага культу мясцовых старавераў — яны ўтварылі асобную экспазіцыю. Увогуле ў час экскурсіі па музеі адчуваеш, як глыбокая даўніна нібыта пераклікаецца з жывой сучаснасцю, прыцягваюць увагу звесткі пра вядомых у краіне людзей родам з Веткаўшчыны, якія і цяпер — медыйныя асобы. У іх ліку і віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка — ён родам з вёскі Неглюбкі. Фотаздымкі, дакументы расказваюць пра ўдзел дэлегацый з Веткаўшчыны, а ў іх складзе і выпускнікоў 1-й школы, ва Усебеларускіх народных сходах. Дэманструюцца пасведчанне і значок настаўніцы 1-й школы Таццяны Курдзесавай, якая была ўдзельніцай IV сходу.
Шырокая тэматыка музейных экспазіцый, адлюстраванне ў іх розных падзей, нават эпох ствараюць у школьнікаў уражанне іх асабістай далучанасці да жыцця горада, краіны.
Прытым экспанаты, дакументы фотаздымкі абуджаюць у іх пачуццё гордасці як за родную школу, так і за ўвесь беларускі народ: мужны, гераічны, працавіты. Па словах Марыі Худзяковай, яркія лёсы многіх выпускнікоў школы таму спрыяюць. Увогуле ж мясцовыя багатыя культурныя традыцыі — добры грунт для таго, каб выхоўваць на Веткаўшчыне людзей таленавітых, працавітых, з вялікім патэнцыялам жыццёвых, стваральных сіл. І, вядома ж, прыклад не толькі Андрэя Андрэевіча Грамыкі, але і многіх іншых ураджэнцаў Веткаўшчыны тое пацвярджае.
Такія музеі, як у 1-й школе, нібы моцныя арсеналы патрыятызму: калі трэба падмацаваць духоўную моц — бяры назапашанае ды падмацоўвайся. І памятныя даты з даўніны высвечваюць той прыхаваны зарад. Як порах варта заўсёды трымаць сухім, так і музейныя экспанаты — даступнымі, запатрабаванымі. Водбліскі мінулых дзён, лёсаў, важных падзей бачым на іх, і ў патаемныя ўзоры памяці, нашай нацыянальнай самасвядомасці тыя водбліскі непарушна ўплятаюцца.
100-гадовы юбілей Аляксандра Аксёнава, ураджэнца Веткаўшчыны, адзначалі ў кастрычніку. Ён — сапраўдны герой Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Славы. У Аксёнава было потым нямала высокіх камсамольскіх, партыйных і дзяржаўных пасад. Пра тое з нагоды юбілею шмат дзе пісалі, у тым ліку і ў нашай газеце, бо Аляксандр Нічыпаравіч — настаўнік па адукацыі, хоць непасрэдна ў школе папрацаваў няшмат. У 1-й веткаўскай да юбілею выдалі кнігу, прысвечаную земляку, на школьную ўрачыстасць былі запрошаны і прыязджалі яго сын Уладзімір Аксёнаў і зяць Аляксандр Шычкоў.
Пошукі прадаўжаюцца
“Паводле сабраных матэрыялаў нашы вучні пішуць творчыя работы, — гаворыць Марыя Худзякова. — Прадаўжаем і вялікую работу ў сувязі са справай Генпракуратуры аб генацыдзе беларускага народа. Даследуем факты, звязаныя з расстрэламі мірных грамадзян у Ветцы ў час вайны. Дзякуючы пракуратуры Веткаўскага раёна, мы атрымалі магчымасць працаваць з унікальнымі матэрыяламі. Летась паўдзельнічалі ў конкурсе, абвешчаным Генпракуратурай, і на вобласці мы ў чацвёрцы лепшых з работай “Адкрытае гета”. У Ветцы ж яўрэяў фашысты не змяшчалі на закрытую тэрыторыю, а загадвалі ўсім сядзець дома і чакаць, пакуль за імі прыйдуць. Мы мелі доступ да фільтрацыйных спраў, якіх вельмі шмат: вывучылі іх тысячы. Мелі магчымасць зрабіць адтуль копіі, так што фонды музея папаўняюцца. Скажам, у нас ёсць працоўная кніжка вязня канцлагера — такой раней не мелі. А згаданыя дакументы — гэта асабовыя справы грамадзян, якія з раёна былі вывезены захопнікамі на работы ў Германію, іншыя краіны ці прайшлі праз канцлагеры”.
Дарэчы, Марыя Худзякова кіруе школьным народным музеем баявой і працоўнай славы са студзеня 2021-га. Яна ўваходзіць у рабочую групу Веткаўскага раёна па ўстанаўленні абставін генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара