Пра малую радзіму — у вершах

У Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце адбылася сустрэча ўдзельнікаў творчых клубаў “Натхненне” і “Літаратурнае кафэ”.

Клуб “Натхненне” аб’ядноўвае педагогаў, якія актыўна займаюцца творчай дзейнасцю. Сярод іх — Віктар Васільевіч Вабішчэвіч, Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч і Галіна Сідараўна Бабарыка, вядомыя не толькі на Брэстчыне. Паэтычныя творы ўдзельнікаў клуба друкуюцца на старонках перыядычных выданняў, у тым ліку “Настаўніцкай газеты”. У некаторых аўтараў выдадзены зборнікі.

Фота да матэрыяла: Пра малую радзіму — у вершах.Клубаўцы — госці шматлікіх мерапрыемстваў, якія праходзяць на Століншчыне і ў іншых рэгіёнах краіны. Творчыя педагогі актыўна прапагандуюць літаратуру і чытанне сярод моладзі, сустракаюцца са школьнікамі.

Сустрэча ў раённым ВМК пачалася са знаёмства з клубам “Натхненне”. Яго кіраўнік намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук расказала пра дзейнасць суполкі і яе традыцыі, пазнаёміла з удзельнікамі. Адзін з іх — былы настаўнік рускай мовы і літаратуры Гараднянскага ясляў-сада — базавай школы дырэктар Цэнтра ганчарства вёскі Гараднай Васіль Андрэевіч Казачок. Сёлета ўбачыла свет яго першая паэтычная кніга “Прызнанне”. На творчай сустрэчы Васіль Андрэевіч прэзентаваў паэтычны зборнік, прачытаў вершы, прасякнутыя шчырай любоўю да малой радзімы і роднай вёскі. Гарадная вядома далёка за межамі Беларусі дзякуючы ўнікальным ганчарным промыслам, захаваным да сённяшніх дзён.

Удзельнікі сустрэчы азнаёміліся і з творчасцю Юрыя Георгіевіча Пірскага, былога настаўніка Васіля Андрэевіча Казачка. Жыццё ўраджэнца Лунінца Юрыя Георгіевіча цесна звязана са Століншчынай, якая стала для яго малой радзімай. Таму многія паэтычныя творы аўтара прысвечаны ёй і мясцовым жыхарам. Паэтычныя творы Ю.Г.Пірскага можна часта сустрэць на старонках раённай газеты.

“Літаратурнае кафэ” — творчае аб’яднанне, створанае на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік клуба Ларыса Фёдараўна Вырко прадставіла яго ўдзельнікаў, расказала пра цікавыя сумесныя справы. Падчас сустрэчы прагучалі паэтычныя творы Ларысы Фёдараўны Вырко, Людмілы Мікалаеўны Карчэўскай і Вольгі Андрэеўны Шаламіцкай, многія з якіх былі прысвечаны малой радзіме.

Удзельнікі мерапрыемства дзяліліся ўражаннямі ад пачутых твораў, гаварылі пра малую радзіму, важнасць захавання народнай культуры, побыту і звычаяў. Кожны чалавек, нягледзячы на ўзрост і прафесію, можа знайсці ў жыцці месца для любімай справы і творчасці.

Наталля БАЗАР,
настаўніца пачатковых класаў Каладнянскага ясляў-сада —
базавай школы Столінскага раёна, удзельніца клуба “Натхненне”.
Фота аўтара.