Пра мір на мовах свету

- 12:37Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Сёлета мы адзначым не толькі 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 70-гадовы юбілей адзначаць таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і ЮНЕСКА. У сераду а 15-й гадзіне ва ўсіх 60 установах адукацыі, дзе дзейнічаюць клубы ЮНЕСКА, прайшла рэспубліканская дзіцячая акцыя “Дрэва міру”, якая была прымеркавана да ўсіх трох юбілеяў. Партнёрамі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА выступілі Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА і ўпраўленне па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Акцыя “Дрэва міру” стала працягам святкавання значных дат. У студзені ў Мінску стартавала міжнародная інтэрнэт-эстафета клубаў ЮНЕСКА, якая нядаўна завяршылася ў Японіі. Усе клубы па загадзя пракладзеным маршруце па чарзе размяшчалі ў сетках віншаванні для юбіляраў — ААН і ЮНЕСКА: плакаты, відэаролікі, прэзентацыі і іншыя маладзёжныя пасланні ад клуба да клуба, ад краіны да краіны, перадаваліся па ўсім свеце. А цяпер дрэвы і алеі, высаджаныя адначасова пры школах, стануць сімвалам міру — гэта галоўны заклік, які нясуць у свет дзве гэтыя арганізацыі, створаныя адразу пасля Другой сусветнай вайны. Сваю дзейнасць яны пачыналі якраз з аднаўлення зруйнаваных вайной школ, бібліятэк, музеяў.
Акрамя школьных двароў, зялёныя “навічкі” з’явіліся і ў гарадскіх парках. Напрыклад, у сталічным парку Перамогі, дзе прадстаўнікі сакратарыята БелАЮ, валанцёры, клубы ЮНЕ СКА пажылых людзей і маладзёжных лідараў залажылі памятную алею вербаў. Далучыліся да акцыі і вядомыя расійскія дрэсіроўшчыкі Эдгард і Аскольд Запашныя. У Гомельскім раёне прайшла акцыя, у якой прынялі ўдзел члены клубаў ЮНЕСКА Гомельскай вобласці. Яны правялі акцыю і высадзілі алею елак каля памятнага знака ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся ў пасёлку Чонкі. Пра гэта гаворыцца цяпер і на ўсталяванай тут памятнай таблічцы. Усяго па краіне ў зялёных пасадках прыняло ўдзел каля 500 чалавек.
“Сутнасць акцыі ў тым, каб не толькі пасадзіць дрэвы пры школах і ў парках і тым самым прыцягнуць увагу грамадскасці да памятных дат, але і запісаць відэазвароты ад нашых клубаў у гонар юбілею заснавання ЮНЕ СКА, якія будуць размешчаны на сайтах Беларускай і Еўрапейскай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА на розных мовах свету. У іх юнакі і дзяўчаты нашай краіны і ўсяго свету гавораць пра сваю прыхільнасць да ідэй міру, дружбы, ідэй развіцця маладзёжнага супрацоўніцтва і дыпламатыі”, — адзначыў старшыня БелАЮ Дзмітрый Субцэльны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Маргарыты ХРАМЯНКОВАЙ.