Пра падарожжа кропелькі

Практыка работы выхавальнікам дашкольнай адукацыі паказала, што дзеці з задавальненнем ператвараюцца ў навукоўцаў, праводзяць разнастайныя вопыты і эксперыменты. Ад нас, дарослых, патрабуецца толькі адно — стварыць умовы. У яслях-садзе № 13 Смаргоні створаны такія ўмовы ў выглядзе міні-лабараторыі.

Матэрыялы для доследаў выкарыстоўваем самыя простыя: пластыкавыя бутэлькі, гузікі, каменьчыкі, непатрэбныя каляровыя часопісы з тоўстай паперай. Самае галоўнае, што патрабуецца ад дарослых, — гэта, па-першае, фантазія для падтрымлівання гульні, і, па-другое, каб любы неабходны матэрыял для даследаванняў быў для дзяцей пад рукой.

Вось прыклад некалькіх доследаў, якія мы праводзім з дзецьмі: “Тоне / не тоне” (правяралі, ці тоне мыла ў вадзе); “Чароўная вада” (змешвалі падфарбаваную ваду і атрымлівалі ваду розных колераў і адценняў); “Каляровыя кропелькі” (капалі з піпеткі ў слоічкі з вадой вадкую фарбу рознай гушчыні і назіралі за падарожжам кропелькі); “Як расліны п’юць ваду?” (падрыхтавалі шкляначкі з пафарбаванай у розныя колеры вадой, паставілі ў іх па лісціку пекінскай капусты, праз дзень назіралі, як яна пафарбавалася ў колер той вады, якая была ў шклянцы); “Вывяржэнне вулкана” (рабілі конус з адрэзанай верхавінай з кардону, устаўлялі ў яго пусты слоічак з-пад мыльных бурбалак, абляплялі пластылінам, унутр “вулкана” дадавалі соду, ваду, чырвоную фарбу і кропельку сродку для мыцця посуду, а затым далівалі туды крыху сталовага воцату”.

Вялікую цікавасць выклікаў у дзяцей дослед па замарожванні вады. Налівалі ў невялікую пластыкавую бутэльку ваду і выносілі яе на вуліцу ў марознае надвор’е. На наступны дзень вада ператваралася ў лёд, потым бутэльку размарожвалі. Дзеці з задавальненнем назіралі, як змяняецца малюнак ледзяных крышталёў па меры іх раставання. Доследы з замарожваннем вады — падстава для мноства пытанняў аб яе фізічных уласцівасцях.

На прагулцы гуляем з пяском, знаёмімся з яго ўласцівасцямі: калі пясок сыры, з яго можна ляпіць, капаць, рабіць розныя вырабы. На сырым пяску можна маляваць, на вільготным — пакінуць сляды далонькай, абуткам альбо коламі цацачнай машыны.

Падчас даследчай дзейнасці дзеці дашкольнага ўзросту вучацца назіраць, разважаць, параўноўваць, адказваць на пытанні, рабіць высновы, устанаўліваць прычынна-выніковую сувязь, выконваць правілы бяспекі.

Эксперыментаванне спрыяе развіццю актыўнай, самастойнай, творчай асобы.

Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 13 Смаргоні.