Пра перамогу — з першых вуснаў

- 10:20Навіны рэгіёнаў

З сярэбраным прызёрам летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа Марынай Літвінчук сустрэліся выхаванцы ясляў-сада № 40 Мазыра.

На вуліцы перад уваходам гучала музыка, дзеці ўтварылі жывы калідор і радасна віталі гасцей. Для Марыны Літвінчук правялі экскурсію па яслях-садзе “Краіна цудаў”. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа звярнула асаблівую ўвагу на добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы.

— Мы наведалі любімае месца нашых выхаванцаў — басейн. Марына была рада, што нашы дзеткі добра плаваюць і ныраюць. Як маму трохгадовага сына яе вельмі зацікавілі дапаможнікі ў псіхолага-дэфекталагічным блоку, зробленыя рукамі педагогаў, — расказала намеснік загадчыка ясляў-сада № 40 Мазыра Алёна Карначова

Экскурсію па садку правялі самі выхаванцы. У тым ліку дзеці паказалі камп’ютарны клас з сучасным абсталяваннем для правядзення заняткаў па “Інфарматыцы без разеткі” і “Робататэхніцы”. Дзеці расказвалі пра сваё жаданне займацца спортам і бра ць прыклад са знакамітай зямлячкі.

— Самым кранальным момантам быў невялікі канцэрт, — расказвае музычны кіраўнік Вольга Масальская. — Сцэнарый у нас быў вершаваны. Зараз гэтыя радкі з вуснаў выхаванцаў гучаць і ў Instagram на нашай старонцы. Дарэчы, відэа размясціла ў сторыс свайго акаўнту і шматразовая чэмпіёнка свету Марына Літвінчук. Мы павіншавалі знакамітую байдарачніцу і пажадалі поспехаў усёй чацвёрцы спартсменак.

Выхаванцы шчыра пагутарылі са знакамітай спартсменкай, якая расказала пра сябе і падзялілася перажываннямі, што авалодвалі ёю і ўсёй камандай напярэдадні старту ў Токіа. Марына ўспомніла сваё дзяцінства і адказала на пытанні. Вядома ж, кожны змог патрымаць сярэбраны медаль у руках і нават сфатаграфавацца з узнагародай, заваяванай зямлячкай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.