Пра школу будучыні

- 12:26Навіны рэгіёнаў

Алімпіяду па педагогіцы “Я — у прафесіі педагога” арганізаваў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі для вучняў профільных педагагічных класаў. Педагагіяда — унікальнае адукацыйнае мерапрыемства, асноўная мэта якога — падтрыманне прэстыжу педагагічнай прафесіі, а таксама ўсвядомленага і матываванага выбару навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі са спецыяльнасцямі педагагічнага профілю.

Удзельнікамі мерапрыемства з’яўляюцца каманды навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці Гродзенскай вобласці, а таксама настаўнікі, якія выкладаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У алімпіядзе прынялі ўдзел 137 чалавек з 15 раёнаў Гродзенскай вобласці. Навучэнцы спаборнічалі ў педагагічнай алімпіядзе “Будучыя педагогі — пра школу будучыні”; сталі ўдзельнікамі злёту педагагічных класаў “Я — у прафесіі педагога”. А настаўнікі прэзентавалі педагагічны экспрэс “Прадстаўленне і трансляцыя педагагічных практык па арганізацыі факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

Рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка адзначыла важнасць абмену ідэямі, думкамі аб прафесіі педагога паміж удзельнікамі алімпіяды, а таксама выказала надзею на тое, што ў кожнага з іх — вучняў і настаўнікаў — па завяршэнні мерапрыемства на адну ідэю стане больш.

Дыпломамі І ступені педагагічнай алімпіяды былі адзначаны Дар’я Горава з сярэдняй школы № 4 Навагрудка і Мікіта Зык з сярэдняй школы № 2 Ашмян, ІІ ступені — Аляксандра Журавель (сярэдняя школа № 3 Свіслачы), дыпломам ІІІ ступені — навучэнка гімназіі Шчучына Яна Віленцій. Па выніках злёту педагагічных класаў дыпломамі ўзнагароджаны каманды Мастоўскага, Карэліцкага, Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў.

Таццяна ЗДАНОВІЧ.
Фота аўтара.