Сярэдняя школа № 5 Мазыра з 2022 года з’яўляецца Школай міру. Дырэктар Алена Нерад і кіраўнік міратворчага атрада настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вераніка Адамовіч расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра цікавыя праекты па падтрыманні гэтага высокага статусу.
— У сваіх вучняў мы развіваем пачуццё міласэрнасці, прыналежнасці да добрых спраў, дапамогі людзям і асэнсаванне таго, што мір — гэта не толькі адсутнасць вайны, але і стваральная праца на карысць сваёй дзяржавы і народа, — адзначае Алена Рыгораўна. — Мы выхоўваем на станоўчых прыкладах. Нашы вучні самі прапануюць і рэалізуюць цікавыя ідэі, праводзяць акцыі, марафоны, конкурсы і сустрэчы.
У мінулым годзе за актыўную міратворчую работу вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 5 Мазыра Настасся Марозава была ўзнагароджана нагрудным знакам “Юны міратворац”.
На рэспубліканскі конкурс “Лепшы міратворчы праект Школы міру” ў 2023 годзе ўстанова прадстаўляла праект “Краіна міру. Шлях да родных вытокаў”, дзе заняла 2-е месца. Яго аўтарам выступіла Марына Курбан, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік музея побыту Беларускага Палесся, а таксама кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства”. У сваёй рабоце яна разглядала школьнае краязнаўства як адзін са сродкаў грамадзянска-патрыятычнага і маральнага выхавання вучняў. У мінулым годзе 5-я школа Мазыра атрымала 2-е месца на абласным этапе названага конкурсу з праектам “Формула міру. Ад магчымага да рэальнага”.
— Лепшыя пасланцы міру — гэта дзеці. Менавіта яны вызначылі яго формулу, якая ўключае напрамкі: “Захаванне гістарычнай памяці”, “Захаванне гістарычна-культурнай спадчыны”, “Развіццё нацыянальнай культуры і народнага мастацтва”, “Стваральная праца”, “Дыпламатычныя сувязі”, “Дзень з жыцця міратворца”. Вынікам праекта стала стварэнне партала для Школ міру Беларусі з мэтай аб’яднання ўстаноў, якія маюць такі статус, на адной платформе, — паведаміла Вераніка Адамовіч.
У школе таксама створаны музейны пакой “Помніць у імя міру”. Напярэдадні 80-годдзя Перамогі вучні працуюць над даследчымі праектамі, вывучаюць гісторыі сваіх сем’яў, шукаюць звесткі пра родных, якія ўдзельнічалі ў вайне.
З кірункамі дзейнасці валанцёрскага атрада школы “Рука дапамогі” азнаёміла яго кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Занкевіч. Атрад існуе 16 гадоў, найбольш актыўна супрацоўнічае з Беларускім Чырвоным Крыжам.
— Ніводнае свята або акцыя ў горадзе не абыходзіцца без нашага ўдзелу, — адзначае Ірына Анатольеўна. — Мы віншуем са святамі пажылых людзей, аказваем ім пасільную дапамогу па гаспадарцы, наведваем сацыяльна-педагагічныя цэнтры, праводзім акцыі па зборы сродкаў для хворых дзяцей, сірот, дзяцей з інваліднасцю. Распрацоўваем і раздаём тэматычныя буклеты аб здаровым ладзе жыцця. Арганізоўваем збор сродкаў для падтрымкі прытулку бяздомных жывёл, дапамагаем ім знайсці гаспадароў.
У мінулым годзе валанцёры ў супрацоўніцтве з міратворцамі 5-й школы далучыліся да расійскага праекта “Добрыя лісты”. Навучэнцы з Екацярынбурга і Ульянаўска сталі сябрамі па перапісцы са школьнікамі з Мазыра. Школа заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Няндамскім комплексным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання Архангельскай вобласці, у рамках якога міратворчыя і валанцёрскія мерапрыемствы школьнікаў накіраваны на падтрымку актыўнага даўгалецця пажылых грамадзян Мазырскага раёна.
У спецыяльным дзіцячым садзе № 30 Мазыра намеснік загадчыка Жанна Кірынская прадставіла вопыт карэкцыйнай работы і лячэння парушэнняў зроку ў дзяцей, якое ажыццяўляецца пад кантролем медыкаў.
— Наш дзіцячы сад наведваюць 109 выхаванцаў Мазырскага раёна з парушэннямі зроку: амбліяпіяй, касавокасцю, блізарукасцю, расстройствам бінакулярнага зроку, — паведаміла Жанна Рыгораўна. — Акрамя адукацыйнага працэсу, для іх арганізавана лячэнне. У штаце працуюць урач-афтальмолаг Любоў Савенка і медсястра Ганна Пархоменка. Дыягностыка, а таксама комплекснае лячэнне малышоў праводзяцца
ў артаптычным кабінеце на спецыяльных апаратах (сінаптафоры, амбліястымулятары, хейраскопе), а таксама з выкарыстаннем камп’ютарных праграм. Лячэнне звычайна ідзе курсамі. Нашы выпускнікі пераважна пераходзяць у звычайныя школы. Зняць акуляры практычна немагчыма падчас знаходжання ў дзіцячым садзе, але зрок дзяцей можа стабілізавацца, перастаць зніжацца, што само па сабе дасягненне. У некаторых выхаванцаў павышаецца вастрыня зроку, зніжаецца вугал касавокасці.
Сваю станоўчую ролю ў рэабілітацыі выхаванцаў адыгрывае мультстудыя “Фіялетавы кот”, якая дзейнічае ва ўстанове пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Хрысціны Журавель. Для таго каб падрыхтаваць двухмінутны ролік, можа спатрэбіцца не менш за 5 заняткаў. Дзеці ўдзельнічаюць у здымках мультфільмаў па матывах казак, а таксама па сцэнарыях патрыятычнага зместу, прысвечаных нашай краіне. Малышы ў даступнай форме знаёмяцца з азамі прафесіі рэжысёра, кінааператара, акцёра.
Наступным пунктам у маршруце была сярэдняя школа № 14 Мазыра, на базе якой функцыянуе гарадскі ваенна-патрыятычны клуб “Зубр”, што супрацоўнічае з Мазырскім РАУС. Яго кіраўнік — дзеючы супрацоўнік міліцыі і адначасова педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Загорскі.
— У мінулым годзе Аляксандр Міхайлавіч ініцыіраваў правядзенне першага рэгіянальнага ваенна-патрыятычнага форуму, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Мазыра, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Тыльковіч. — У гэтым годзе ў студзені адбыўся другі такі форум. У клубе займаюцца 32 чалавекі, у тым ліку 6 дзяўчынак. Самы малодшы яго ўдзельнік вучыцца ў 3 класе. Сярод напрамкаў заняткаў клуба медыцынская і фізічная падрыхтоўка, навучанне навыкам рукапашнага бою, стральбы, тактычная падрыхтоўка. Клуб “Зубр” супрацоўнічае з ваенна-гістарычным клубам “Калінкавіцка-Мазырскі пошук”. Разам са сваімі падапечнымі Аляксандр Загорскі праводзіць выязныя заняткі, ходзіць у паходы, наведвае музеі, каледжы і вышэйшыя навучальныя ўстановы ваеннай накіраванасці.
Ваенна-патрыятычны рух у школе пачаўся некалькі гадоў назад са стварэння атрада “Сапсан” і правядзення летняга аздараўленчага лагера грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Ініцыятыву падхапіла Галіна Назарчук, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Па выніках работы атрада былі выпушчаны зборнік метадычных матэрыялаў і кнігі “Незвычайнае падарожжа ваенна-патрыятычнага атрада “Сапсан” і “Незвычайнае падарожжа летняга аздараўленчага лагера “Сапсан” грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці”. Гэты вопыт быў адзначаны на рэспубліканскіх конкурсах “Ганаруся табой, мая краіна!” і “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку. Зробім лета яркім”.
Завяршылася паездка ў Мазыр знаёмствам з настаўніцай фізікі сярэдняй школы № 9 Аленай Колас, якая расказала пра важнасць практыка-арыентаванага падыходу ў рабоце з дзецьмі, дзейнасць інжынерных класаў і алімпіядныя дасягненні вучняў.
— Дзеці павінны разумець не толькі сэнс фізічных працэсаў, але і тое, навошта яны вывучаюць фізіку, дзе ў жыцці змогуць выкарыстоўваць гэтыя веды, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Кожны год мае вучні атрымліваюць дыпломы на раённых і абласных этапах алімпіяды па фізіцы. Сёлета ўзнагароду на абласным узроўні заваяваў 11-класнік Уладзіслаў Грыб. Яшчэ адна важная мая мэта — якасная падрыхтоўка да ЦЭ (ЦТ). У школе функцыянуюць два інжынерныя класы, дзе для вучняў чытаецца спецкурс па падрыхтоўцы да іспытаў па фізіцы. Профільная падрыхтоўка дае станоўчыя вынікі: выпускнікі здаюць выпрабаванні больш чым на 70 балаў і паступаюць на прэстыжныя спецыяльнасці.
***
Мазырскі раён — шматгадовы лідар конкурсу па падпісцы сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі на “Настаўніцкую газету” і іншыя друкаваныя СМІ галіновага медыяхолдынга.
Установы адукацыі Мазырскага раёна лідзіруюць у краіне па многіх кірунках.
— Так, пераможцам першага рэспубліканскага конкурсу “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні” ў мінулым годзе стаў педагог сярэдняй школы № 16 Мазыра Уладзімір Гімбут, — паведаміла начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Ларыса Папкова. — Сістэмна, мэтанакіравана і адказна мазырскія педагогі падыходзяць да падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд і ЦТ (ЦЭ). На міжшкольным факультатыве па розных прадметах маюць магчымасць займацца, у тым ліку анлайн, школьнікі з усяго раёна. 16 стабальных вынікаў атрымалі нашы адзінаццацікласнікі падчас іспытаў у мінулым годзе. Сёлета 18 юных мазыран адправяцца на заключны этап рэспубліканскіх алімпіяд па прадметах. Вучні сярэдняй школы № 9 Мазыра на працягу пяці гадоў займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У гэтым годзе 1-е месца ў дысцыпліне “Масавы старт” заняла вучаніца Уладзіслава Акунец. Ганарыцца сваёй падапечнай настаўніца фізкультуры Марына Рудакова. Педагогі дзіцячых садоў раёна традыцыйна ў ліку лепшых на конкурсе “Інфарматыка без разеткі”, які арганізоўваецца ПВТ і Міністэрствам адукацыі. Сёлета на гэты конкурс мы прадставілі 67 работ.
Дарэчы, да Года добраўпарадкавання ў Мазырскім раёне пройдзе адпаведны конкурс сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара