Амаль усё сваё жыццё жыву ў вёсцы. Нават працаваць пашчасціла ў роднай школе. З малых гадоў мне добра вядома розная праца, бо хто навучыцца працаваць, як не вясковец. Кажуць, праца стварыла чалавека. Пра гэта заўсёды нагадваю сваім вучням, для якіх я не толькі настаўнік і класны кіраўнік, але і дарадца і памочнік ва ўсім, у тым ліку ў працы.
Асабліва нам даспадобы даглядаць фруктовы сад, дзе больш за 200 яблынь розных гатункаў. Калі год ураджайны, дзеці з дапамогай настаўнікаў нарыхтоўваюць і здаюць да 30 тон яблыкаў у сезон. Дзякуючы працы вучні пачынаюць разумець не толькі кошт кожнага сабранага яблыка, але і з большай павагай ставяцца да любой фізічнай працы, усведамляюць, што лёгкага хлеба няма.
“Сад гэты з гісторыяй”, — распавядаю дзецям. І разам мы становімся не працаўнікамі, а краязнаўцамі. “Пасаджаны пасля Вялікай Айчыннай вайны калгаснікамі, сад перажыў не адну спробу знішчэння. У 2007 годзе яго ледзь не спілавалі дашчэнту. Дзякуючы неабыякавым рупліўцам, ён стаіць і сёння”, — далей праводжу экскурсію ў мінулае.
З настальгіяй гляджу на фотаздымак 20-гадовай даўнасці, дзе я сярод аднакласніц на зборы яблыкаў у родным садзе.
Як жа хутка бяжыць час!
Сёння ўжо мае дзеці топчуць тыя самыя сцежкі.
Адна дзяўчынка сказала: “Праца наша салодкая, як гэтыя яблыкі”. Хтосьці дадаў: “Праца наша карысная і нам, і саду”.
Як здорава, папрацаваўшы, перакусіць духмяным яблычкам!
Падлеткам-сямікласнікам, якія вывучаюць фінансавую дасведчанасць, нескладана будзе падлічаць прыбытак з набраных 6 тон за дзень.
Вось табе і прайшоў вольны дзень у вясковай школе! І працу на смак паспыталі, і ўрок фінансавай дасведчанасці правялі, і краязнаўцамі пабылі.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
класны кіраўнік 8 класа Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.