Пра сучасную бібліятэку

У Ліцэі № 1 г. Гродна прайшоў абласны семінар-практыкум для спецыялістаў упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, метадыстаў РУМК, якія курыруюць работу бібліятэк, кіраўнікоў МА бібліятэкараў “Інфарматызацыя школьнай бібліятэкі як шлях павышэння якасці інфармацыйнай падтрымкі адукацыйнага працэсу”.

Ініцыятарамі правядзення семінара выступілі Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна. Удзел у семінары ўзялі звыш 30 спецыялістаў.

Праграма была насычаная і складалася з дзвюх частак. У першай выступалі арганізатары — метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Т.У.Лях, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ленінскага раёна г. Гродна А.Л.Міхеева. Кіраўнік інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Ліцэя № 1 г. Гродна бібліятэкар І.У.Балуева падзялілася вопытам работы “Мадэль школьнай бібліятэкі на сучасным этапе”.

У другой частцы ўдзельнаў семінара падзялілі на тры групы, і былі прапанаваны майстар-класы: “Смарт-тэхналогіі ў школьнай бібліятэцы” (кіраўнік ІБЦ ДУА “Ліцэй № 1 г. Гродна” бібліятэкар І.У.Балуева), “Бібліяпрастора новага фармату: тэхналогія стварэння вэб-квэсту” (бібліятэкар ДУА “СШ № 16” І.А.Маісеева), “Бібліятэкар на “віртуальнай” кухні” (кіраўнік раённага аб’яднання бібліятэкараў Ленінскага раёна г. Гродна бібліятэкар Л.Я.Цалко). Тэмы майстар-класаў былі абраныя інавацыйныя, з улікам прымянення сучасных інфармацыйных тэхналогій у практычнай рабоце.

Камп’ютарызацыя бібліятэк дазволіла пашырыць рамкі крыніц інфармацыі на розных носьбітах і павялічыць асартымент прапанаваных паслуг. Такую мадэрнізацыю бібліятэкі ўстановы адукацыі і прынята называць інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам. У цяперашні час такі цэнтр неабходны кожнай установе адукацыі. Ён з’яўляецца найважнейшым інфармацыйна і культурна-адукацыйным цэнтрам навучальнай установы. Такім чынам, сёння бібліятэка ўстановы адукацыі — гэта не проста сховішча для кніг, гэта інфармацыйны цэнтр, у якім узаемадзеянне традыцыйнай бібліятэкі з найноўшымі электроннымі тэхналогіямі вывела бібліятэчна-інфармацыйную дзейнасць на якасна іншы, больш прадукцыйны, чым раней, узровень. Але місія бібліятэкі — прыцягваць моладзь, якая навучаецца, да чытання, — пры гэтым не змянілася, а толькі паглыбіла свой змест, атрымала новы патэнцыял. Сучасныя тэхналогіі, калі правільна імі скарыстацца, не здымаюць кнігу з п’едэстала, а, наадварот, дапамагаюць прыцягнуць да чытання.

Іна БАЛУЕВА,
кіраўнік інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Ліцэя № 1 Гродна.