Пра сямейныя традыцыі, павагу да гісторыі, пераасэнсаванне мінулага і ўпляценне яго ў сучасны стыль карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з Аленай Атраховіч — унучкай Кандрата Крапівы, кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам, загадчыцай кафедры дызайну моды БДУ.
— Алена Ігараўна, ці ёсць у вашай сям’і традыцыі, пачатак якім паклаў Кандрат Крапіва?
— Галоўная наша сямейная традыцыя — чытанне, і заснаваў яе якраз мой дзядуля. Дзякуючы яму, любоў да кніг у нас перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я і сама вырасла сярод іх. Як толькі мяне, нованароджаную, прывезлі дадому, то пасялілі менавіта ў дамашняй бібліятэцы. У гэтым пакоі я расла, рабіла свае першыя крокі, вымаўляла першыя словы, таму з нараджэння сябравала з кнігамі. На паліцах у дзеда іх было шмат, у асноўным класіка — беларуская, руская, замежная. Для мяне ж ён купляў мноства дзіцячых кніг і ў першую чаргу казкі. Не толькі беларускія, рускія, але і замежныя — ад нямецкіх і малдаўскіх да узбекскіх і нават саамскіх. Праз казкі дзіця стварае для сябе ў свядомасці пэўную мадэль жыцця.
Была ў нас і традыцыя чыткі: калі дзед пісаў новую байку ці п’есу, ён збіраў усю сям’ю яе паслухаць, чытаў уголас і прасіў даць заўвагі і падзяліцца сваімі ўражаннямі. Ды і іншых аўтараў ён любіў нам пачытаць. Пасля вячэры ці сам дзед Кандрат, ці хтосьці з маіх бацькоў разгортваў любую кнігу з паліцы, каб пачытаць уголас, пасля мы ўсе абменьваліся думкамі і заўвагамі. З тых часоў у нас і зарадзілася традыцыя чытаць уголас. Калі я стала мамай, часта чытала сваёй дачцэ Варвары, а пасля і ўнуку. Глеб ужо студэнт і з маленства сябруе з кнігамі. А калі што цікавае сустрэне, асабліва з сучаснай літаратуры, любіць пачытаць і мне. Зрэшты, свае любімыя дзедавы п’есы — “Брама неўміручасці”, “Хто смяецца апошнім” і іншыя — я і сёння з ахвотай перачытваю. Уся сям’я любіць чытаць і дзедавы байкі. Прычым абавязкова ўголас. Гэта вельмі карысная справа: так і сюжэт, і моўныя звароты гучаць ярчэй, паглыбляецца ўспрыманне тэксту, лепш адчуваецца кантакт са словам.
Ёсць у нас традыцыі і іншага плана. Дзядулю давялося прымаць удзел ажно ў чатырох войнах, таму мы з асаблівым настроем адзначаем даты, звязаныя з ваеннымі падзеямі. Напрыклад, шмат дзесяцігоддзяў запар у нашай сям’і прынята 3 ліпеня ўскладаць кветкі да манумента Перамогі ці Кургана Славы. Прычым абавязкова палявыя кветкі. Дзень Перамогі, зразумела, для нас таксама адметны, святы дзень. Яго мы заўсёды адзначаем усёй сям’ёй. Дзякуй Богу, з намі яшчэ мая маці. Ёй амаль 96 гадоў, але ў яе выдатная памяць. Яна да дробязей памятае падзеі ваенных гадоў: расказвае пра бамбёжку Мінска 24 чэрвеня, пад якую трапіла яе сям’я, пра жыццё падчас эвакуацыі. Мы любім яе слухаць.
— Наколькі я ведаю, ваша прафесійнае захапленне бярэ пачатак яшчэ з дзяцінства і немалую ролю ў гэтым адыгралі якраз вашы родныя. Ці так гэта?
— Так і ёсць. А пачыналася ўсё, бадай, з нашай сямейнай цікавасці да мастацтва розных народаў. У свой час мы — я, мае бацькі і дзядуля Кандрат — адпраўляліся ў этнаграфічныя падарожжы па рэспубліках СССР, вывучалі нацыянальныя касцюмы ў этнаграфічных музеях і падчас зносін з жыхарамі вёсак, у якіх мы спыняліся. Асабліва насычаныя падарожжы былі па Беларусі: мы вывучалі нацыянальныя традыцыі і касцюмы ў кожным рэгіёне (калі я выйшла замуж, да нашай кампаніі далучыўся і мой муж). Відаць, ужо тады гэта сфарміравала ўва мне патрэбу цікавіцца народнай культурай. Пазней, калі я вучылася ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, многаму пра народны касцюм даведалася ад нашага выкладчыка вядомага мастацтвазнаўца Міхася Раманюка, які не толькі цікава расказваў пра народны касцюм на сваіх занятках, але і выдаў па гэтай тэме каштоўную кнігу. Калі ж я працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Акадэміі навук, мы з калегамі выязджалі ў этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках нашай краіны, прывозілі адтуль артэфакты, у тым ліку і ўзоры адзення. Тады я стала бліжэй знаёміцца з адметнасцямі традыцыйнага беларускага касцюма, сімволікай беларускага арнаменту і г.д.
— Алена Ігараўна, ваша прафесія звязана з модай: вы працавалі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, узначальвалі кафедру мадэлявання касцюма ў Інстытуце сучасных ведаў, а некалькі гадоў назад стварылі кафедру дызайну моды і ў БДУ. Ці пераносіце беларускія традыцыі ў модны фармат? Як памяць пра мінулае ўвасабляецца ў адзенні, новых калекцыях вашых студэнтаў?
— Няма нічога больш важнага, чым зварот да сваіх каранёў. Таму гэтай тэме мы прысвячаем значную частку нашага навучання. Што тычыцца народнага традыцыйнага адзення, то ў нас ёсць лекцыі на гэтую тэму і студэнты з цікавасцю іх слухаюць. Я чытаю лекцыі па гісторыі беларускага мастацтва, дзе мы знаёмімся з адзеннем старажытных славян, з арнаментамі, якія былі ва ўжытку на нашай тэрыторыі са старажытнасці да нашых дзён. Гэта грунтоўная тэма, глыбокая.
Шырокая прастора для самавыяўлення студэнтаў і ў практычным плане, бо вучэбныя заданні ў нас розныя. Напрыклад, мы рэалізуем сумесны праект з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там ёсць музей старажытнай беларускай культуры, дзе захоўваюцца вельмі каштоўныя экспанаты традыцыйнага народнага касцюма. Падчас летняй практыкі нашы студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў робяць замалёўкі гэтых узораў адзення, а пасля на іх аснове ствараюць уласныя калекцыі, такім чынам трансфармуючы народныя традыцыі ў сучасны фармат.
Любяць студэнты і такое заданне: ім трэба самім выбраць крыніцу натхнення і трансфармаваць яе ў адзенні. Гэта можа быць і з’ява прыроды, і архітэктурны ансамбль. Напрыклад, я была кіраўніком дыпломнага праекта адной студэнткі, якая ў якасці крыніцы натхнення выбрала сваю малую радзіму — Браслаўскія азёры — і на гэтую тэму стварыла шыкоўную калекцыю мадэлей летняга адзення. Дзяўчына вельмі тонка перадала колеравую гаму — аднаго зялёнага было каля дзесяці адценняў. А яшчэ адна наша выпускніца пры стварэнні свайго камплекта адзення натхнялася архітэктурным збудаваннем выставачнага комплексу “БелЭкспа”, якое мінчане называюць рамонкам. Дарэчы, гэтая дзяўчына вярнулася да нас на кафедру ў якасці выкладчыка.
— Ці вучыце вы студэнтаў уплятаць у прадметы адзення гісторыю іх сем’яў? Можа, натхненнем для іх служаць бабуліны ручнікі, прадзедава кашуля?
— Так, нашы студэнты любяць абыгрываць рэчы, якія належалі іх продкам. На іх аснове яны ствараюць калекцыі ў вінтажным стылі. У гэтым яны бачаць рамантыку і паказваюць, як сёння можна насіць такія рэчы.
Толькі на 1 курсе нашы студэнты апранаюцца больш-менш аднолькава — часцей за ўсё гэта іх любімыя джынсы і майкі, але ўжо на 2—3 курсе ў кожнага з іх з’яўляецца нейкая фішка, свая індывідуальнасць. Спачатку гэта можа быць вышыўка на сукенцы, перашыты каўнерык, а калі студэнты асвойваюць пашыў, то прыдумваюць новыя фасоны і самі іх адшываюць. Якраз гэта і сведчыць пра іх майстэрства.
Некаторыя рэчы яны носяць у штодзённым жыцці, а некаторыя выкарыстоўваюць толькі на модных паказах. Напрыклад, цяпер асаблівую цікавасць у моладзі выклікаюць скроневыя кольцы — гэта глядзіцца вельмі самабытна. Студэнтам цікава выкарыстоўваць у сваіх калекцыях і сімволіку беларускага арнаменту, і роспіс па тканіне, і тэхніку макрамэ, і г.д. Як гэта будзе рэалізоўвацца, мы хутка ўбачым: у чэрвені на кафедры будзем праводзіць ужо трэці па ліку паказ “Дзень моды БДУ”, якім распачнецца наш маштабны фестываль “Сузор’е”. На ім свае калекцыі прадставяць не толькі нашы студэнты, але і выкладчыкі. Напрыканцы ж года пройдзе конкурс маладых дызайнераў — сёлета ў міжнародным фармаце.
— Якім вы бачыце выпускніка кафедры дызайну моды?
— На мой погляд, у першую чаргу ён павінен ведаць свае карані, традыцыі, умець іх пераасэнсоўваць і пераносіць у сучасны фармат. Гэта не толькі адлюстроўваецца на чалавеку як на спецыялісце, але і фарміруе яго як асобу, уплывае на светапогляд.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара