Пра тое, што нельга забыць

- 13:54Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Спачатку іх называлі апошнімі сведкамі вайны. Нават у асобных кніжных выданнях яны прысутнічалі ў падобным азначэнні. А вялікі мастак сучаснасці геній рэалізму Міхаіл Савіцкі ў свае апошнія імгненні,калі заканчваў работу над завяршаючым шлях палатном, паспеў даць яму назву “Дзеці — ахвяры нацызму”.
Але дзеці былі не толькі ахвярамі вайны. Многія з іх сталі яе ўдзельнікамі і чым толькі маглі дапамагалі наблізіць перамогу над ворагам.
Вайна толькі скончылася, як вельмі хутка напомніла аб сабе галасамі беларускіх дзяцей, кнігай “Ніколі не забудзем”, якую самі і напісалі пры дапамозе рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. Упершыню яна выйшла ў свет у 1948 годзе. Першым яе трымаў у сваіх руках Янка Маўр. Толькі ён мог напісаць такія словы: “Аб гэтым мы маглі даведацца толькі ад іх саміх”.
Кніга адразу выклікала жывы інтарэс у вядомых вучоных, літаратараў, у звычайных чытачоў. Высока ацаніў кнігу Якуб Колас. Яна паказвае веліч душы і патрыятызм народа ў цэлым і яго гераічных дзяцей, якія мужна пераносяць нечуваныя пакуты, у прыватнасці.
Напісаная дзецьмі і для дзяцей, кніга з’яўляецца гісторыка-літаратурным помнікам аб днях Вялікай Айчыннай вайны. Таму і перавыдавалася кніга неаднаразова. У 2014 годзе яна зноў пабачыла свет. Апошняе выданне кнігі мае адметную рысу. Ва ўсіх ранейшых выданнях аўтарства прадмовы належала Якубу Коласу. У новым жа выданні ў гэтай якасці выступае вядомы беларускі паэт лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій Мікола Чарняўскі. Яго творчы і жыццёвы шлях у многім звязаны з газетай “Піянер Беларусі” і, вядома, кнігай “Ніколі не забудзем”.
Менавіта пра гэта ў яго памяці захавалася многа ўспамінаў, з якімі мы прапаноўваем азнаёміцца нашым чытачам.

— У пасляваеннай вёсцы, дзе не было ні радыё, ні электрычнасці, а кінаперасоўка прыязджала 2—3 разы за паўгода, любая бібліятэчная кніга для таго, хто цікавіўся імі, была па-свойму жаданай і памятнай. Усё тлумачылася проста: іх, як і шмат чаго іншага, у нас не вялося ў дастатку ні ў школе, ні тым больш дома.
Цёмнымі восеньскімі і зімовымі вечарамі пакідала нас пасля ўрокаў наша строгая і мілая Аляксандра Францаўна, ставіла на стол лямпу і пачынала нам чытаць прынесеную з сабой кніжку. Неяк вусцішна-таямніча, нават казачна-зачаравана чуўся ў паўзмроку класа яе голас. Траплялася нейкая вясёлая гісторыя — не стрымлівала ўсмешкі настаўніца, ажыўляліся, смяяліся і мы.
Кніжка, якую чыталі ў той вечар, неспадзявана хутка авалодала намі, нашай няўседлівасцю. Ужо не чулася гарэзліва-ўсмешлівых нотак у голасе Аляксандры Францаўны, насцярожаная цішыня запанавала ў тыя хвіліны ў класным паўзмроку, і, напэўна, не аднаму мне падалося, што сядзім не ў школе, у цяпле, а прабіраемся з асцярогай па лясных сцежках, хаваемся, каб не трапіць у лапы карнікаў, уцякаем ад бамбёжкі, збіраем зброю, каб помсціць захопнікам, выбіраемся ў разведку… І вокладка ў кнігі не калярова-аздобленая, а нейкага шэравата-попельнага колеру, з выціснутым на ёй адбіткам дзяўчыны-партызанкі з аўтаматам, узнятым высока над галавою. І толькі назва той кнігі, быццам высечаная на камені, цьмяна залацілася на ёй — “Ніколі не забудзем”.
Колькі можна прачытаць уголас пасля ўрокаў за вечар? Старонак пятнаццаць ці дваццаць — не больш. Трэба ж яшчэ па заснежанай цемры дадому дабірацца. Гэта і настаўніца разумее, таму недзе пасля пятага апавядання раптам закрыла кніжку:
— На сёння, думаю, досыць. Працягнем чытаць заўтра. Дома скажыце, каб не хваляваліся, што запозніцеся ў школе.
Калі ўсе высыпалі з класа, я падступіўся да Аляксандры Францаўны, якая патушыла лямпу і накіравалася ў настаўніцкую:
— Можа б, вы далі мне кніжку дамоў пачытаць? Далібог, заўтра прынясу яе!
— А як урокі? Ты ж не паспееш урокі зрабіць. А кніжку… потым возьмеш, як у бібліятэку здам.
— Дык яна ж па руках пойдзе, тады не хутка ўзяць яе змагу ў бібліятэцы. Вы не бойцеся, я паспею прачытаць да заўтра!
— Што ж, бяры, — згадзілася Аляксандра Францаўна. — Толькі абавязкова прынясі.
Узрушаны, бы на крылах, ляцеў я дадому, у думках уяўляючы, як пасля таго, калі ўсе лягуць спаць, запалю на печы газоўку і, падуладны хатняй цішыні, буду чытаць, чытаць… За старонкай старонку… Аднак маё спадзяванне не спраўдзілася. Толькі я дачакаўся прыдатнага моманту і запаліў на печы газоўку, раптам пачуў бацькаў загад:
— Не сляпіся там, кладзіся спаць. Яшчэ пажару не нарабіў? Куды тады сярод зімы дзенемся?
Давялося паслухацца.
Назаўтра яшчэ прыцемкам, як толькі зашарэла ў шыбах, я прыткнуўся да акна, спадзеючыся да абеду, пакуль ісці ў школу, скончыць сваё чытанне, нагнаць упушчанае звечара. Аднак з набліжэннем збораў у школу зразумеў: не паспею. І ўрокі не зрабіў. Як быць? Не пайсці ў школу, прыдумаць, што раптам забалела галава?..
Хоць сорамна было прыкідвацца хворым, ды ў школу я не пайшоў, застаўся дома “хварэць”. А недзе бліжэй да вечара прыбег “пасланец” класа — пасялковы сябрук Васька.
— Аляксандра Францаўна пытае, чаму ты ў школу не прыйшоў. Мяне з урока фізкультуры паслала, каб кніжку “Ніколі не забудзем” вярнуў. Ты ж сам чуў, што яна сказала. Зноў чытаць будзем пасля ўрокаў. Табе добра, ты за дзень яе ўсю прачытаў. Я таксама на дом папрашу.
Ён пабег, а я, прытворна сцішыўшыся, усё думаў, як апраўдацца перад настаўніцай за такі свой грэх.
За час вучобы ў школе я не аднойчы яшчэ браў у рукі кнігу “Ніколі не забудзем”. І, прызнаюся шчыра, тады не магло нават прысніцца, што пройдзе не так ужо і шмат часу — і мне ўсміхнецца неспадзяваная ўдача ўбачыцца з некаторымі героямі гэтай мужнай кнігі, вітацца з імі, слухаць іх, хадзіць па адных вуліцах, быць у сяброўскіх адносінах з тымі людзьмі, хто працаваў над ёю…
Як вядома, кніга “Ніколі не забудзем” стваралася ў рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. Менавіта на яе старонках у красавіку 1946 года быў надрукаваны ліст вучняў 37-й мінскай школы. У ім яны звярнуліся да ўсіх школьнікаў рэспублікі з прапановай напісаць калектыўную кнігу пра ўдзел беларускіх дзяцей у Вялікай Айчыннай вайне. Чаму менавіта яны выступілі з такой ініцыятывай? У гэтай школе вучылася шмат падлеткаў, якім давялося змагацца з ворагам у гады акупацыі: былі сувязнымі, разведчыкамі, сынамі палкоў, байцамі партызанскіх атрадаў.
Ідэя стварэння такой кнігі знайшла гарачую падтрымку многіх вядомых людзей Беларусі.
“За гады акупацыі вы бачылі і перажылі такое, пра што людзі будуць успамінаць стагоддзямі. Вы бачылі самых лютых ворагаў чалавецтва і па меры сваіх сіл змагаліся з імі. Вы бачылі пакуты і смерць блізкіх людзей, некаторыя з вас пабывалі на катарзе ў Германіі. Гэта такія падзеі, пра якія нельга забыць. Яны павінны абавязкова ўвайсці ў будучую кнігу. Няхай кожны з вас, дзеці, напіша пра тое, што яго найбольш усхвалявала, што засталося ў памяці на ўсё жыццё”, — звярнуўся да школьнікаў іх любімы пісьменнік Янка Маўр. Ён абяцаў юным аўтарам сваю дапамогу. А потым стаў і рэдактарам гэтай кнігі.
За два гады рэдакцыя сабрала амаль чатырыста апавяданняў. Падрыхтоўкай іх займаўся пісьменнік Пятро Рунец. Ён быў вызвалены ад іншай работы ў рэдакцыі газеты і разам з Янкам Маўрам уключыўся ў работу над будучай кнігай. З таго, што прайшло праз іх рукі, для друку было адабрана сорак тры апавяданні.
Само сабой узнікла пытанне: “Хто напіша прадмову?” “Якуб Колас”, — не задумваючыся, падказаў Янка Маўр.
“Па загалоўках бачу: патрэбная будзе кніга і… цяжкая, — прагарнуўшы старонкі рукапісу, сказаў Канстанцін Міхайлавіч. — Калі гаварыць праўду, пра вайну весела і не напішаш. Асабліва пра такую жудасную, як Вялікая Айчынная”.
Даўшы згоду, народны паэт Беларусі праз тры дні сам прывёз прадмову ў рэдакцыю “Піянера Беларусі”.
Кніга ўбачыла свет у жніўні 1948 года. Яна не прымусіла доўга чакаць свайго чытача, у момант знікла з паліц кнігарань. У школах, бібліятэках, дзіцячых дамах прайшлі ажыўленыя абмеркаванні кнігі, у якіх бралі ўдзел яе аўтары. Незвычайная папулярнасць кнігі “Ніколі не забудзем” дала ўсе падставы канстатаваць на адным са сходаў беларускіх пісьменнікаў, што яна стала нашай класікай, настольнай кнігай у шматмільённай арміі чытачоў.
Кнігу заўважылі: праз год яна выйшла ў Расіі, перакладзеная на рускую мову. Сотні лістоў паляцелі ў Беларусь ад далёкіх чытачоў. “Мы з вялікім хваляваннем чыталі гэтую цудоўную кнігу. Усё, што напісана ў ёй, — праўда, хоць і страшная праўда. Мы верым кожнаму яе слову, таму што самі бачылі і перажывалі здзекі фашысцкіх вылюдкаў”, — дзяліліся ўражаннямі незнаёмыя сябры герояў і аўтараў нашай кнігі.
Кніга “Ніколі не забудзем” з часам дапамагла некаторым сваім аўтарам адшукаць родных ці знаёмых, сустрэцца пасля доўгага расставання. Пра гэта я даведаўся ўжо значна пазней з размоў-успамінаў у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”, куды мне, студэнту-вячэрніку БДУ, пашчасціла восенню 1960 года ўладкавацца на карэспандэнцкія падзаробкі з добрай ласкі яе рэдактара Настассі Сцяпанаўны Рокаш, руплівай і добразычлівай жанчыны і “начальніцы”, якая была сярод першых, хто спрыяў нараджэнню кнігі “Ніколі не забудзем”.
Менавіта тут, у рэдакцыі “Піянера Беларусі”, я ўпершыню і пабачыўся з аўтарам апавядання “Восем сутак” Інай Краснапёркай. Тады яна, ужо маладая жанчына, выкладчыца музыкі адной з мінскіх школ, даволі часта заходзіла ў рэдакцыю да сваёй старэйшай сястры загадчыцы аддзела школьнага жыцця Ганны Давыдаўны Краснапёркі. У яе апавяданні сястра Аня толькі згадваецца, але ж яны знаходзіліся ў адным партызанскім атрадзе, разам пераносілі ўсе нягоды ляснога жыцця.
Ганна Давыдаўна, здаралася, часам згадвала ў гутарцы з паплечнікамі па рэдакцыі некаторыя эпізоды са свайго партызанскага жыцця. З таго, што я чуў, мне запомніўся адзін аповед: пасля цяжкага бою з карнікамі, вырваўшыся з варожай аблогі, камбрыг Ціхаміраў, калі партызаны выехалі на лясную паляну, раптам падаў каманду: “Стой! Усім слухаць салаўёў”. Уяўляеце малюнак: яшчэ не астылыя ад гарачыні бою, змучаныя, а то і параненыя, лясныя байцы ўслухоўваюцца не ў траскатню стрэлаў і вухканне выбухаў, а ў пошчак салаўёў. Што думалася ім у гэтыя хвіліны, чым жыла іх душа?..
Вельмі цёплыя ўспаміны засталіся таксама ад знаёмства з былой партызанскай санітаркай цёткай Верай. На шчасце, падчас таго бою, пра які расказвае Іна Краснапёрка, яна не загінула, змагла выжыць. Вера Аляксандраўна да вайны жыла ў пасёлку Лучны Мост. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны іх сям’я стала партызанскай. У партызанах разам з ёю ваяваў і яе брат Мікалай. У кнізе “Ніколі не забудзем” змешчаны яго расказ “Невядомы герой”. На той час, калі збіралася кніга, ён быў студэнтам Белдзяржуніверсітэта. Сёння Мікалай Аляксандравіч Барысевіч — акадэмік, вядомы навуковец у галіне фізікі. Доўгі час ён з’яўляўся прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі, за свае навуковыя дасягненні ўшанаваны ганаровым званнем Героя Сацыялістычнай Працы.
Гераічныя і трагічныя падзеі, мужныя ўчынкі герояў гэтай кнігі з часам знайшлі працяг, сталі сюжэтамі новых твораў, якія з’явіліся ў нас пазней. Напрыклад, апавяданне добрушскай школьніцы Мані Галафеевай натхніла вядомую дзіцячую паэтэсу Эдзі Агняцвет звярнуцца да тых незабыўных дзён і напісаць выдатную паэму “Песня пра піянерскі сцяг”. Потым на яе падставе было створана лібрэта першай беларускай дзіцячай оперы “Марынка”, якая з поспехам ішла на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета.
Магчыма, сёння камусьці з сучаснікаў здадуцца празмерна жорсткімі, не зусім гуманнымі, нават незразумелымі і непапраўнымі паводзіны і ўчынкі тых людзей, пра каго расказваецца ў кнізе-помніку: маці пасылае сына падкласці міну пад варожы танк; камандзір даручае падлетку, які просіцца ў атрад, спачатку здаць своеасаблівы іспыт — узарваць вартавую вышку, занятую немцамі; бацькі рызыкуюць, не думаючы, што ж чакае іх дзяцей, калі трапяць у рукі ворагаў… З вышыні гадоў лепш бачна, ёсць час на роздум. А тады? Што рабіць было? Калі было разважаць, калі вораг нахабна ступіў на твой парог? А гэта хіба дзіцячая выдумка, нейкая там фантазія: на іх вачах азвярэлыя каты выразалі зоркі на спінах сваіх нявольнікаў, абразалі вушы, выколвалі вочы ім, адбіралі ў матуль немаўлят і кідалі жыўцом у полымя, труцілі ў душагубках, палілі ў крэматорыях, марылі голадам людзей у канцлагерах! Няўжо не на свае вочы, а ў сне бачыў такое жахлівае відовішча Міша Дзятлаў з вёскі Змяёўкі, што на Гомельшчыне: “Іншы раз немцы строілі нас у рад і праз агароджу кідалі хлеб. Людзі хапалі яго, каму ўдавалася, у таго стралялі. Часта рабілі і так: калі людзі лягуць спаць, немцы наставяць мін, а на міны накладуць хлеба. Як толькі хто падыходзіў да хлеба і хацеў узяць яго, міна ўзрывалася”.
Мяняюцца часы, а з імі людзі, жыццёвыя і маральныя арыенціры, погляды, грамадзянскія прынцыпы, аднак не трэба ва ўсе часы жыцця забываць галоўнага — пачуцця гонару і сваёй чалавечай годнасці, імкнення быць патрыётам Бацькаўшчыны, любіць яе, як любяць родную маці. Яна, як і маці, ва ўсіх нас адна.
У нашы дні, калі па ўсім свеце то тут, то там успыхваюць пажары ваенных разборак, цяжэй за ўсё жывецца іх нявінным ахвярам — дзецям. І кніга беларускіх дзяцей “Ніколі не забудзем” — самы яскравы напамін усяму чалавецтву: жывіце ў міры і згодзе, часцей задумвайцеся над лёсам дзяцей — дбайце пра будучыню.
Спраўдзілася жаданне народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, выказанае ім у прадмове да першага выдання: кніга “Ніколі не забудзем” даўно ўжо годна перасягнула межы роднай Беларусі, перакладзеная на мовы іншых народаў, змагла знайсці сваіх сяброў-чытачоў у многіх краінах свету — у Расіі, Кыргызстане, Татарстане, Казахстане, Малдове, Каракалпакіі, ва Украіне. Выдавалася яна таксама на іспанскай, японскай і венгерскай мовах. Вытрымаўшы выпрабаванне часам, стала не толькі класікай, але і легендай беларускай дзіцячай літаратуры.

Віталь ЛУКІН.