Пра вайну і мір

Наталля Чарнабай з Чэмерыскай школы Брагінскага раёна — сярод лаўрэатаў ХХ Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы.

37 гадоў яна аддала рабоце ў школе. З 2001 года сачыла за Пушкінскім конкурсам, які праводзіць “Российская газета”. Гаворыць, што натхніла яе сёлетняя тэма года — “Аўтограф Перамогі. Пра вайну і мір на ўроках рускай”:

— Напісала пра сваю сям’ю. Пра галоднае матуліна дзяцінства, пра дзеда па маці, які абараняў ленінградскае неба падчас блакады, пра бабулю, што капала акопы пад Масквой у 1941 годзе. Дзед па бацьку загінуў на фронце. Бабулін брат выпускаў баявыя самалёты на заво­дзе. Захоўваю бабуліну вышыўку з лебедзямі, якую яна рабіла ў ваенным шпіталі ў нямецкім гора­дзе Шверыне, дзе выходжвала цяжкапараненага мужа. Бабуля вырашыла: калі паспее вышыць, то дзядуля застанецца жыць. Так яно і выйшла. Калі я трымаю вышыўку ў руках, нябачна адчуваю побач бабулю і чую, як яна гаворыць штосьці незвычайнае і ласкавае. Мне падабаецца працаваць з падлеткамі, у іх жывая душа, яны хочуць ведаць, што такое каханне і як яно нараджаецца, пакутуюць ад канфліктаў паміж бацькамі, шукаюць сваё прызначэнне ў жыцці…

У конкурсе прынялі ўдзел 529 настаўнікаў з 42 краін свету. Плануецца, што пазней выданне запросіць лаўрэатаў у Маскву.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.