Пра вернасць і любоў: маладое пакаленне беларусаў з’яднаў агляд-конкурс «Сэрцам адданыя роднай зямлі»

- 10:01Новости

Маладое пакаленне беларусаў з’яднаў рэспубліканскі агляд-­конкурс “Сэрцам адданыя роднай зямлі”.  Чым запомніўся абласны гала-­канцэрт у Віцебску, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Добра, што такі конкурс з’явіўся, — упэўнена дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка. — У тым, наколькі ён актуальны і запатрабаваны ў маладзёжным асяроддзі, маглі пераканацца ўсе прысутныя на гала-канцэрце. Кранае сэрца шчырасць нашых дзяцей. Яны выхо­дзілі на сцэну не проста, каб фармальна паўдзельнічаць. Мы ўбачылі іх гордасць за Айчыну, павагу да дзяржаўных сімвалаў, радасць творчасці і ўдзячнасць роднай краіне, жаданне разам зберагаць і прымнажаць яе лепшыя дасягненні — усё гэта юныя творцы змаглі перадаць з дапамогай разнастайных мастацкіх сродкаў.

Маштабны агляд, прысвечаны Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, сёлета праводзіцца другі раз. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ідэі конкурсу натхнілі да ўдзелу тысячы маладых суайчыннікаў. Творчае спаборніцтва прадугледжвае 4 этапы па 3 намінацыях сярод навучэнцаў і студэнтаў ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў. 

— Праз конкурс усталёўваюцца новыя творчыя кантакты, педагогі атрымліваюць каштоўны вопыт, а гарады і раёны набываюць у актыў выдатныя мастацкія кампазіцыі на патрыятычную тэматыку, што вельмі важна, — расказала Надзея Васільчанка. — На гала-канцэрце былі прадстаўлены шыкоўныя зводныя нумары, якія аб’ядноўвалі калектывы з некалькіх раёнаў, установы адукацыі рознага ўзроўню — школы, цэнтры дзяцей і моладзі, каледжы, універсітэты. Выразна бачна сістэмная арганізацыйная работа вобласці на кожным этапе конкурсу, дзякуй за гэта.

Гала-канцэрт парадаваў удалымі творчымі знаходкамі вопытных канкурсантаў, знаёмых па першым сезоне, і адкрыў яркае сузор’е новых імёнаў. Дарэчы, летась у рэс­публіканскім фінале выступілі 11 калектываў Віцебшчыны, усе яны ўзнагароджаны дыпломамі пераможцаў. А студэнцкі “Рытм” з ВДУ імя П.М.Машэрава пад кіраўніцтвам Аляксея і Ганны Пярхальскіх і “Пераемнікі” з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі прывезлі дадому гран-пры! Прычым сёлета прадстаўнікі названых устаноў адукацыі замацавалі поспех: абласное журы назвала іх у ліку лепшых.

— Дзецям падабаецца, у іх замацоўваюцца правільныя адносіны да дзяржаўных сімвалаў, — падзялілася ўражаннямі кіраўнік “Пераемнікаў” Марына Самоліна. — Летась мы ўдзельнічалі ў заключным гала-канцэрце. Якія былі вочы навучэнцаў, калі яны знаходзіліся на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, побач з вядомымі артыстамі і грамадскімі дзеячамі, сярод якіх была, напрыклад, Марына Васілеўская! Калі назіралі, як рота Ганаровай варты выносіць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, наколькі гэта ўсё магутна і прыгожа! Такое не забываецца. Мы яшчэ не паспелі прыехаць з першага фестывалю, а дзеці пачалі ўжо абмяркоўваць выступленне ў наступным сезоне. Сёння ў зале панавала атмасфера сяброўства, адзінства. Усё ўспрымалася не як конкурсная праграма, а як агульная справа — цікавая і творчая. Гэта адназначна поспех педагогаў і арганізатараў.

Другі сезон конкурсу складваецца больш непрадказальна і цікава, бо канкурэнцыя сур’ёзна вырасла. Асабліва ў намінацыі “Тэматычны відовішчны паказ”, дзе ў выступленне можна было ўводзіць рэквізіты ў розных стылях, дадаваць вакальныя і літаратурныя творы, акрабатыку, цыркавыя нумары.

Высокае майстэрства паказала каманда сярэдняй школы № 18 Віцебска імя У.С.Смятаніна пад кіраўніцтвам Таццяны Панковай і Юліі Цярэшчанка, барабаннае шоу проста цудоўнае!

— Хочацца адзначыць дэбют аб’яднання па інтарэсах “ФотаСтарт” Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Вікторыі Даўгалёвай. Мы пазнаёміліся мінулай восенню на абласных “Дажынках”, а іх конкурснае выступленне, без перабольшання, адкрыццё, — дадала Марына Самоліна. — У пралогу гала-канцэрта былі задзейнічаны калектывы ВДУ і нашага палаца, а таксама нашы “Пераемнікі”, знакаміты народны тэатр моды “Стыль” Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа і ўзорная арт-група “Натхненне” сярэдняй школы № 20 Оршы імя І.А.Флёрава пад кіраўніцтвам Кацярыны Вяткінай (харэограф Ганна Макаранка). Між іншым, яны і прапанавалі песню, вакол якой мы сумесна выбудавалі шыкоўны нумар з аўтарскім тэкстам.

— Наша арт-студыя з натхненнем дэбютавала на конкурсе, — далучылася да размовы Кацярына Вяткіна. — Думаю, што для дзяцей гэта выдатная магчымасць раскрыць свой патэнцыял. Здорава, карысна, патрыятычна і рэальна крута. Для нас кожны выхад на сцэну — заўсёды радасна і адказна.

Гэты падыход падзяляюць, напэўна, усе канкурсанты. Узгаданы вышэй народны тэатр моды “Стыль” — пазнавальны брэнд паўночнага рэгіёна, вядомы далёка за яго межамі. Прыгажуні з ВДІТК прадстаўлялі Віцебшчыну на многіх вядомых пляцоўках Саюзнай дзяржавы падчас важных па­дзей, уключаючы “Славянскі базар у Віцебску”, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Дні Віцебшчыны на ВДНГ у Маскве. На іх рахунку багата перамог на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, а ўсё ж агляд-конкурс “Сэрцам адданыя роднай зямлі” мае асаблівае значэнне.

Нам блізкая ідэя і агульная тэматыка — патрыятызм, павага да дзяржаўных сімвалаў, народнае адзінства, — патлумачыла кіраўнік калектыву Таццяна Іванова. — Нядаўна каледж быў пляцоўкай “Марафону адзінства”, дзяўчаты дагэтуль пад уражаннем ад “НЕсумных НЕлекцый” з намеснікам міністра адукацыі Кацярынай Пятруцкай. Дызайнерскія калекцыі адзення, створаныя ў каледжы, упрыгожваюць беларускія арнаменты, вышыванка, гербы гарадоў і абласцей, традыцыйныя колеравыя гамы, выявы памятных мясцін роднай краіны. У працэсе распрацоўкі мадэлей мы гэта ўважліва вывучаем, і яно літаральна заварожвае. Пачаткоўцы ў тэатры моды праходзяць стажыроўку ў вопытных удзельніц, знаёмяцца з калекцыямі — пераемнасць у дзеянні. А нацыянальныя традыцыі — яны ж не існуюць недзе ў паралельнай рэальнасці, а тут і цяпер ува­сабляюцца кожны момант. Нашы дзяўчаты — сапраўдныя патрыёткі. Неаднойчы чула на рэпетыцыях: “Ты выступаеш у вобразе Беларусі! Вышэй галаву!” Па-мойму, вельмі характэрны прыклад.

Адметнай рысай гала-канцэрта стала выступленне класаў прававой накіраванасці, ваенна-патрыятычных клубаў, юных інспектараў дарожнага руху, Полацкага кадэцкага вучылішча.

Наш раён прадстаўляла каманда, у склад якой увайшлі навучэнцы сярэдняй школы № 1 імя М.В.Акцябрскай — удзельнікі атрада юных інспектараў руху пад кіраўніцтвам Вольгі Вячэрскай (між іншым, яны сярод лепшых на прасторы СНД), ваенна-патрыятычнага клуба “Штурм” і клуба юных ратавальнікаў-пажарных, а таксама творчы калектыў навучэнцаў нашага цэнтра, — пракаменціравала дырэктар Лёзненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мінакіна. — “Сэрцам адданыя роднай зямлі” — словы, знаёмыя з дзяцінства, дарагія кожнаму беларусу. Сімвалічна, што менавіта гэты радок з самай галоўнай песні нашай дзяржавы даў назву рэспубліканскаму агляду-конкурсу, прысвечанаму Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. На гала-канцэрце кожны ўдзельнік і кожны глядач у зале адчувалі сябе часткай адной вялікай сям’і, імя якой — Рэспубліка Беларусь.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара