Пра вёску, пра мову, пра будучыню…

- 11:28Людзі адукацыі

На вялікі жаль, сёння прафесія настаўніка перастала быць такой прэстыжнай і папулярнай, як раней. Але ёсць у адукацыі па­сапраўднаму апантаныя сваёй любімай справай маладыя людзі, якія не толькі марылі аб прафесіі з дзяцінства, але і ў сённяшніх рэаліях лічаць настаўніцтва сваім адзіным прызначэннем. Сёмы год наша гераіня ў прафесіі, і за гэты перыяд паказала сябе чалавекам, для якога адказнасць, жаданне працаваць на вынік і, галоўнае, матывацыя вучняў да вывучэння прадмета не пустыя словы. Не першы год яе вучні займаюць прызавыя месцы на алімпіядах і навукова­практычных канферэнцыях, з поспехам прымаюць удзел у тэлевізійнай інтэлектуальнай гульні “Я ведаю”.

У гэтым навучальным годзе педагог школы з невялікага раёна стала фіналісткай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Апошні вынік — першае месца яе вучаніцы на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове (аб гэтым стала вядома, калі матэрыял рыхтаваўся да друку).

Для яе не важна паказаць сябе ў прафесіі, важна раскрыць вучня. Знаёмцеся, Златаслава Сяргееўна Сямёнава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Расонскай сярэдняй школы.

Паспрабуем разабрацца, чым жыве сёння прадстаўніца маладога пакалення педагогаў, што падштурхоўвае яе да развіцця, што хвалюе, чым напаўняецца сэрца, для таго каб было жаданне працаваць і натхняць вучняў.

Родная мова — гэта мая любоў і асалода

Родам яна з Расонскага раёна, скончыла Альбрэхтаўскую базавую школу, а для атрымання сярэдняй адукацыі перайшла ў Расонскую сярэднюю школу.

— І дзіцячы сад, і школа ў Альбрэхтаве былі беларускамоўнымі. З дзяцінства мова гучала вакол. Асаблівай рамантычнай гісторыі, чаму я стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, расказаць не магу. ­Адзінае, што я любіла і ведала лепш за ўсё, — гэта беларуская мова. Справа нават не ў тым, настаўнік ты ці не, вырашальным быў прадмет — беларуская мова, — гаворыць Златаслава Сяргееўна.

Значную ролю адыграла і настаўніца па прадмеце. Яна змагла зацікавіць і падштурхнуць да развіцця.

— Настаўніца была, безумоўна, выдатная, і я зараз, глядзячы са сваёй пазіцыі педагога, а не вучня, лічу, што гэта быў настаўнік-наватар. Яна таксама ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, спрабавала ўнесці ў працэс урока нешта новае. Гэта Вольга Аляксееўна Мацвеева. Мы нават сябравалі — мова нас аб’ядноўвала. Можна сказаць, што любоў да прадмета перадалася праз настаўніка. На самай справе на ўроках беларускай мовы было цікава.

Хаця, ведаеце, успамінаючы Альбрэхтаўскую школу, магу сказаць, што яна была ўзорнай ва ўсіх сэнсах. Так, яна маленькая: мала вучняў, мала педагогаў, але гэта была адна каманда, якая працавала на вынік. Так сталася, што наша школа была ў лідарах на конкурсах, выхаваўчых мерапрыемствах. І гэта быў той выніковы тандэм вучняў і настаўнікаў, які склаўся ў школе, — працягвае педагог.

Таму залатая медалістка без праблем паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава на факультэт беларускай філалогіі і культуры, а скончыла ўжо гістарычны факультэт (акурат за тры месяцы да выпуску факультэт змяніў назву).

— У дыпломе мая спецыяльнасць значыцца як “Беларуская філалогія і літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць”. Магла б быць вашай калегай, — з усмешкай гаворыць мая суразмоўніца.

І сама сябе тут жа папраўляе, што не маг­ла б, бо нецікава было пісаць матэрыялы. Яе захапляла мовазнаўства, беларуская культура, літаратура — гэта яе канёк, яе натхненне.

Горад падарыў веды і асяроддзе, а вёска — работу

Вучыцца ва ўніверсітэце ёй спадабалася адразу. Яна трапіла ў сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе, пра якое толькі можна было марыць.

— У мяне столькі было разумных аднакурснікаў, я ў іх вучылася таксама. З нашага выпуску кожны 4-ты атрымаў дыплом з адзнакай. Дэкан факультэта, калі ўручаў дыпломы, сказаў, што менавіта мы павінны быць настаўнікамі. Але, на жаль, па розных прычынах толькі некалькі чалавек пайшлі ў прафесію. Я вельмі хацела працаваць па спецыяльнасці, і мне пашанцавала — з’явілася магчымасць вярнуцца на малую радзіму і працаваць у Расонскай школе. За што я вельмі ўдзячна Віктару Віктаравічу Мельнікаву, які быў спачатку дырэктарам Альбрэхтаўскай школы, а сёння ўзначальвае аддзел па адукацыі Расонскага райвыканкама.

Прызнаюся, што ўвогуле варыянтаў работы па спецыяльнасці на той момант асаб­ліва не было ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Ды і ў горадзе, прынамсі, адразу паўстае вострае пытанне з жыллём. Для мяне вярнуцца дадому было арганічна: я па сутнасці вясковая дзяўчына, мне тут камфортна, не хачу быць адарванай ад зямлі. Для мяне важна, каб мая праца была карыснай. Калі ёсць хоць ­адзін вучань, якому патрэбна мая дапамога, то я працую не проста так. І калі магу прыкласці свае веды на малой радзіме, гэта ж удвая прыемней!

Праца адразу захапіла

Спачатку нагрузка ў Златаславы Сяргееўны была невялікая, і гэта, на яе погляд, вельмі добра — паступова набіралася вопыту, упэўненасці.

— Сёння ў мяне 5 клас, працягваю весці ўрокі ў 7 і двух 9 класах. У гэтым годзе бу­дзе мой першы выпуск 9-класнікаў, у якіх я выкладаю прадмет з 5 класа. Для мяне гэта вельмі адказна. Пачынала я з вучняў, якіх да мяне з маленькага ўзросту вучылі іншыя настаўнікі. Кожны педагог робіць свае акцэнты, дзецям трэба адаптавацца. Але скажу, што мне заўсёды шанцуе на людзей, у тым ліку на вучняў. Калі гаварыць пра напаўняльнасць класаў, то пачынала я з 15 чалавек, а сёння і па 28 у класе ёсць. Галоўнае — правільна распланаваць урок, ведаць здольнасці вучняў, каб усё пас­пець, — дзеліцца педагог.

На маё пытанне, як яна перанесла вопыт вучобы ў сваёй школе на свой настаўніцкі вопыт, яна мне адказала наступнае: “З вучнямі мы многа дзе ўдзельнічаем, але я ім заўсёды паўтараю, што галоўнае — пака­заць максімальнае раскрыццё сваёй асобы. Для мяне як для настаўніка галоўнае — раскрыць здольнасці вучня. І тое, што я вынесла са сваёй школы, — усё трэба паспрабаваць: спяваць, маляваць, выступаць, удзельні­чаць у спартыўных мерапрыемствах. У класе, дзе я вучылася, кожны быў у чымсьці таленавітым, і нам удавалася спалучаць вучобу і цікавае жыццё. Зразумела, што адукацыйны працэс займае большую частку школьнага часу, але выхаваўчы момант вельмі важны не толькі на ўроку, але і па-за ўрокам”.

Матывацыя, алімпіёнікі, любоў да вучняў

Сёння наладжванне правільнага кантакту з бацькамі вучняў — падмурак поспеху, і гэты момант маладая настаўніца трымае ў прыярытэце.

— На бацькоўскіх сходах падкрэсліваю, што беларуская мова даецца дзецям больш складана, бо яны яе не чуюць, не размаўляюць на ёй, не карыстаюцца ў жывым маўленні. Для іх гэта яшчэ адна замежная мова. Але беларускай мовы ў параўнанні, напрыклад, з англійскай у 10 класе ў 3 разы менш га­дзін! Таму са сваімі вучнямі з 5 класа і на ўроку, і на перапынку размаўляю толькі па-беларуску. Іншая праблема — гэта тое, што дзеці не чытаюць, вядома, не толькі па-беларуску, а ўвогуле. Бацькам вучняў, дзе я была класным кіраўніком, паўтарала: глядзіце на матывацыю вашага дзіцяці, пытайцеся, ці ёсць у яго жаданне авалодаць прадметам. Калі гэтага няма, то не будзе і выніку.

Пытаюся, як пасля гэтага падштурхнуць вучняў да ўдзелу ў алімпіядах.

— Пасля пачатковых класаў да мяне прыходзяць у тым ліку дзеткі, якія займаліся на факультатывах па мове і ўдзельнічалі ў алімпіядах на сваім узроўні, гэта так званыя алімпіёнікі. Мне застаецца толькі развіваць і падтрымліваць пачатае настаўнікам пачатковай школы. У дзяцей, праўда, ёсць пытанне, што ім з гэтай сваёй цікавасцю рабіць. Не ўсе ж стануць настаўнікамі! З матэматыкай і рускай, нават з англійскай мовай усё зразумела. А што рабіць з беларускай? І застаюцца толькі тыя вучні, якім сапраўды цікава. Немалаважную ролю адыгрывае прыклад: вучні бачаць, што хтосьці паехаў і вынікова выступіў на навукова-практычнай канферэнцыі, і гэта іх падштурхоўвае, падбадзёрвае. Калі да мяне на заняткі прыходзяць алімпіёнікі, то я ведаю, што мой дзень сёння ўдаўся, адчуваю асалоду, самааддана працую для здольных вучняў.

У маім першым выпуску, дзе я была класным кіраўніком, 10 чалавек здавалі ЦТ. Мы прыйшлі да гэтага не адразу. Я гавару сваім вучням, што ў беларускай мове менш выключэнняў, яна ў параўнанні з рускай крыху прасцейшая ў тэорыі. А вучню, будучаму абітурыенту, трэба максімальны бал, і вось яна матывацыя! Сярэдні бал быў большым за 70, было і 92 балы — 2 памылкі зрабіла дзяўчына, яшчэ адна вучаніца набрала 90 балаў.

Як гэта ні парадаксальна, але чамусьці не хвалюешся за вынікі моцных вучняў, больш перажываеш за слабаматываваных. Пры гэтым я ім тлумачу, што важны прагрэс: 15 памылак значна лепш, чым 50, — расказвае Златаслава Сяргееўна.

Любоў да вучняў — асаблівае пытанне, і на яго настаўніца мае свой погляд.

— Ведаеце, я люблю ўсіх вучняў на перапынку — на ўроку ж я настаўнік. Ёсць такое меркаванне, што мы павінны быць сябрам, мамай, класным кіраўніком для вучняў. Я ж лічу, што я павінна быць настаўнікам, да­ваць веды. Я кансерватар, я прывыкаю да дзяцей, з якімі працую, але гэта на другім плане: на ўроку гэтая любоў у строгасці, мы працуем на вынік. Для мяне галоўнае, каб у дзяцей былі веды, — адзначае настаўніца.

Асабістая цікавасць, вынікі, планы

Пытаюся, ці ёсць адрозненне ў стаўленні да мовы і да літаратуры.

— Калі мы вучыліся, то была магчы­масць атрымаць спецыялізацыю — мовазнаўства ці літаратуразнаўства. Душой і сэрцам я бліжэй да мовы. Літаратуру я люблю, зразумела, але для мяне гэта яшчэ нязведаная глыбіня. У літаратуры трэба па­чуць кожнага вучня, вызначыць, што ён сказаў правільна па творы, і, не пакрыўдзіўшы, прапанаваць яму шырэй паглядзець на рэчы. Ёсць мая думка і думка крытыка, але і яны не могуць быць дасканалымі, бо мы не можам быць упэўнены, што менавіта так лічыў аўтар твора. Трэба быць вельмі акуратнымі. Але, як гэта ні дзіўна, менавіта на абласной навукова-практычнай канферэнцыі ў мінулым го­дзе мы паказалі добры вынік па літаратуры з 11-класніцай.

Ганаруся кожным сваім вучнем, але ёсць самародкі, вучні, якія гараць прадметам, як і я. Гэта мае аднадумцы, з імі душа адпачывае. Аліна Юрчанка вучыцца ў 9 класе, яна ўжо з 5 класа адрознівалася ад астатніх. Яна думае па-іншаму, гэта тая вучаніца, якая чытае мае думкі. Так, на літаратуры яна заўважыць такую дэталь, такі момант, што я ганаруся, што вучу гэтае дзіця. Бачна, што прадмет яе вельмі цікавіць. Падчас заняткаў, пры падрыхтоўцы да алімпіяды яна працуе з поўнай аддачай, гэта мяне вельмі стымулюе як настаўніка.

Расказваючы пра свой удзел у конкурсе “Настаўнік года”, педагог адзначае, што стала лаўрэатам конкурсу і заняла 2-е месца па прадмеце на вобласці. Прайшла гэты шлях і спынілася на тым выніку, які атрымаўся. Справа не ў месцы, а ў вопыце, усе канкурсанты — выключныя людзі, прафесіяналы з вялікай літары. Для сябе наша гераіня не ставіла мэту перамагчы, але ведала, што павінна паказаць, на што здольная. Пры гэтым у яе быў выпускны клас, якому хацелася ўдзяліць увагу і даць веды. Настаўніца гаворыць, што ёй вельмі дапамагалі Таццяна Юр’еўна Пальчэўская, Таццяна Люцыянаўна Агеева, яны падтрымлівалі і фізічна, і маральна. Яна адчувала каласальную падтрымку калег!

— Ведаеце, бацькі часта скептычна ставяцца да школы на раёне, упэўнены, што трэба пераводзіць дзяцей у горад, у ліцэй, у гімназію. Для мяне паказчык, што імя нашай школы, названай у гонар П.М.Машэрава, загучала ў вобласці, — падкрэслівае З.С.Сямёнава і дадае: — Тэма маёй самаадукацыі “Лінгвакультуралагічны падыход да беларускай мовы”, бо вядома: хто не ведае мінулага, той не мае будучыні. Праз мову мы вучым дзяцей звычаям, абрадам, акунаем у атмасферу мінулага. Важна ганарыцца не толькі роднай мовай, але і культурай сваёй краіны, мне хочацца найбольш глыбокай матывацыі дзяцей. Мне падабаецца, што з’яўляюцца беларускія кафэ, рэстараны, што размяшчаюцца білборды на роднай мове. Гэта не дробязь, гэта важна, гэта кавалачкі таго самага моўнага асяроддзя і культуры. Мяне радуе, што зараз сярод мола­дзі шмат беларускамоўных людзей, і сваім выпускнікам кажу, што ў горадзе сярод студэнтаў прэстыжна гаварыць на роднай мове. Хачу, каб прыйшло новае пакаленне, якое б дасканала ведала гісторыю, мову, расказвала пра мінулае сваіх бацькоў, дзядуль, пра­дзедаў. Тым больш што Расоншчыне ёсць чым ганарыцца: маленькі раён, а ў нас столькі пісьменнікаў нарадзілася знакамітых — Ян Баршчэўскі, Мікалай Матукоўскі, Генадзь Бураўкін, Аляксандр Шлюбскі!

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва З.С.Сямёнавай.