Якія здабыткі мінулага года сталі знакавымі для педагогаў Карэліцкага раёна, аб планах на 2025-ы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч.
— Самае галоўнае дасягненне — нашы выпускнікі. Залатыя медалі атрымалі 5 выпускнікоў 11 класа, пасведчанне з адзнакай — 13 дзевяцікласнікаў. Усе паспяхова здалі ЦТ, 3 стабальнікі, 5 мелі па двух прадметах больш за 90 балаў. Практычна 71 працэнт выпускнікоў паступілі ва УВА, абсалютная большасць з іх на бюджэтную форму навучання. За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці ўзнагароды атрымалі 85 педагагічных работнікаў.
Вельмі радуе ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. За 2024 год на мадэрнізацыю і бягучыя рамонты затрачана звыш 435 тысяч рублёў.
Нам удалося адзіную ў раёне з навучаннем у дзве змены сярэднюю школу № 2 перавесці на адну змену. Што тычыцца спартыўнай базы, то заасфальтаваны стадыёны Лукскай і Турэцкай сярэдніх школ, на што пайшло звыш 53 тысяч рублёў. Набылі 27 адзінак тэхналагічнага абсталявання для харчаблокаў школ.
Не можа не радаваць і павышэнне заробкаў педагогаў.
— Што новага прыўносяць установы ў традыцыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання?
— Разам з традыцыйнымі раённымі мерапрыемствамі, такімі як агляд строю і песні, парад сцяганосных груп і іншымі, установы агульнай сярэдняй адукацыі прапануюць свае. Па ініцыятыве кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзіміра Матусевіча праводзіцца міжшкольнае мерапрыемства “Вучымся быць салдатамі” на базе Лукскай сярэдняй школы. У якасці гасцей туды запрашаюцца кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, намеснікі дырэктара, прадстаўнікі вайсковых часцей. Трэба адзначыць, што Лукская сярэдняя школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па ваенна-патрыятычным выхаванні. У верасні 2024 года ў сярэдняй школе № 1 Карэліч сумесна з РАУС створаны ваенна-патрыятычны клуб “Праўнукі Перамогі”.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў кожнай групе абсталяваны цэнтры па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай культуры. У Палужскім дзіцячым садзе і дзіцячым садзе № 2 Карэліч створаны міні-музеі “Спадчына”. У дзіцячым садзе Міра аформлены этнаграфічны куток, а ў Лукскім — этнаграфічны пакой “Беларуская хатка”. Традыцыйнымі сталі музейныя заняткі, правядзенне народных свят, выстаў. Па ініцыятыве і ва ўзаемадзеянні з пракурорскімі работнікамі ў дзіцячых садах трэці год запар праходзяць выхаваўча-патрыятычныя мерапрыемствы “Ліст пра Беларусь”.
— Якія праекты рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі?
— У бягучым навучальным годзе — 5 праектаў Міністэрства адукацыі (1 эксперыментальны і 4 інавацыйныя). Працуе абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык і 8 рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі. Так, у Красненскай сярэдняй школе паспяхова рэалізуецца праект па выкарыстанні драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”. Сярэдняя школа Міра імя Г.І.Сташэўскай працуе над эксперыментальным праектам “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
Уключыліся ў інавацыйную дзейнасць і ўстановы дашкольнай адукацыі. Дзіцячы сад № 1 Карэліч завяршыў работу над рэгіянальным праектам па развіцці даследчай кампетэнтнасці выхавальнікаў, а дзіцячы сад Міра працуе над укараненнем методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту.
Навучэнцы настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 1 Карэліч заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Ганны Шклярж на працягу 30 гадоў былі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, а ў 2012 годзе яе навучэнец Раман Пярэська на алімпіядзе ў Тайвані заняў 3-е месца, сёння ён вядомы ўрач-траўматолаг.
Галіна Калтунова больш як 35 гадоў працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Карэліч, у той час установа была інавацыйнай пляцоўкай, семінары-практыкумы і майстар-класы праводзіліся для педагогаў не толькі нашай рэспублікі, але і ўсяго Савецкага Саюза.
З кіраўнікоў устаноў адукацыі заслугоўвае ўвагі вопыт арганізацыі прафарыентацыі і работы з кадрамі, узаемадзеяння з сельгаспрадпрыемствам Івана Мысліўца, былога дырэктара Жухавіцкай сярэдняй школы.
— Назавіце, калі ласка, найбольш яркі прыклад работы з маладымі спецыялістамі.
— Гэта работа сярэдняй школы ў Міры.
За апошнія 3 гады у Мір прыехалі 6 маладых спецыялістаў, з іх 2 — па мэтавым накіраванні. Усе яны атрымалі арэнднае жыллё.
Працэнт замацавання ў школе стабільна трымаецца на ўзроўні 80 і вышэй. У школе створаны шэраг умоў для адаптацыі маладых педагогаў у настаўніцкім, вучнёўскім і бацькоўскім соцыуме, для павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства, аказваецца метадычная і псіхалагічная падтрымка. Арганізавана сістэма настаўніцтва, практыкуюцца індывідуальныя кансультацыі. Атмасфера добразычлівасці дапамагае маладым педагогам праяўляць ініцыятыву.
— Што будзе ў прыярытэце на бягучы год?
— Работа ў інавацыйных праектах, далейшае развіццё рэсурсных цэнтраў. Асноўны напрамак выхаваўчай работы — грамадзянска-патрыятычны, укараненне новых форм, у тым ліку ў дашкольнай адукацыі. Плануем пашырыць сетку ваенна-патрыятычных клубаў. Ёсць планы і па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. І, безумоўна, па прыцягненні і замацаванні маладых спецыялістаў.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара