Пра жыццё Капеечкі

- 12:22Адукацыйная прастора

Грошы. Валюта. Крэдыт. З гэтымі словамі нашы дзеці сутыкаюцца кожны дзень, чуючы іх і ад бацькоў, і па тэлевізары. Назіраючы за гульнямі дашкольнікаў “Крама”, “Банк”, “Сям’я”, можна пачуць такія выразы, як “разлічуся “Халвой”, “у мяне картка”, “у мяне ёсць скідачная картка”. У бацькоў гэтыя фразы выклікаюць усмешку, а для нас, педагогаў, гэта заклік да дзеяння.

З мэтай навучыць выхаванцаў правільна распараджацца грашыма, сфарміраваць уяўленне пра сямейны бюджэт, паважаць працу бацькоў і падрыхтаваць дзіця да дарослага фінансавага жыцця ў нашай дашкольнай установе быў праведзены тыдзень фінансавай дасведчанасці “Жыла-была Капеечка”. На працягу тыдня ў дзіцячым садзе жыла прынцэса Капеечка, якая штодня знаёміла выхаванцаў сярэдніх і старшых груп з гісторыяй з’яўлення грошай, дапамагала разбірацца з паняццямі “валюта” і “крэдыт”.

А якія ж мерапрыемствы без падтрымкі бацькоў нашых выхаванцаў? Супрацоўнік ААТ “Беларусбанк” увяла навучэнцаў у свет фінансаў пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі, з якой дзеці даведаліся, што такое банк, людзі якіх прафесій там працуюць, дзе лепш захоўваць грошы, як карыстацца аплатнай карткай і навошта патрэбен пін-код. Пра асаблівасці работы інкасатарскай службы расказаў тата аднаго з выхаванцаў нашага сада. Мужчына працуе ў гэтай сферы.

Быў арганізаваны таксама сямейны фотаконкурс “Мая скарбонка”: дзеці прынеслі фатаграфіі сваіх скарбонак і расказалі, як і для чаго яны ў іх з’явіліся.

Асаблівае месца ў цыкле мерапрыемстваў заняла алімпіяда па фінансавай дасведчанасці для бацькоў “Грошы любяць разумных людзей”, якая плаўна перайшла ў абмен думкамі і вопытам паміж татамі і мамамі аб уцягванні дзяцей у фарміраванне сямейнага бюджэту.

Вынікам тыдня фінансавай дасведчанасці стаў экзамен ад прынцэсы Капеечкі, арганізаваны ў форме музычнага квеста з уручэннем сертыфікатаў “Юны фінансіст” самым актыўным яго ўдзельнікам.

Алена ПОПІН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 74 Гродна.