Пра ЗВЧ-печ для прамысловых патрэб і ролю выхаваўчай работы

- 11:26Навука і інавацыі

Прапанаваць інавацыйныя метады апрацоўкі матэрыялаў, якія маюць навуковае значэнне і ўяўляюць практычную цікавасць, — такую мэту некалі паставіў перад сабой малады вучоны з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Жарнасек. На сёння ўжо ёсць навуковая ідэя, зроблена яе абгрунтаванне і актыўна вядзецца работа над канструкцыяй прынцыпова новай прамысловай устаноўкі. А паміж двума ўзгаданымі імгненнямі жыцця — месяцы тэарэтычных даследаванняў, безліч эксперыментаў.

Складана? Так, але ж і цікава! У чым, як і ў правільнасці свайго рашэння аддаць перавагу навуковай дзейнасці, наш герой не сумняваецца. Выбіраць было з чаго яшчэ са школы: тады выпускніка з сярэбраным медалём вабілі эканамічныя, тэхнічныя спецыяльнасці і спорт. Тэхніка перамагла: будучы вучоны-даследчык і вынаходнік стаў студэнтам ВДТУ.
Падчас вучобы высветлілася, што малады чалавек мае не толькі высокі навуковы патэнцыял, але і здольнасці кіраўніка, лідара, арганізатара. Праявіць сябе ў гэтым напрамку хлопцу дапамог БРСМ: праз параўнальна невялікі час пасля ўступлення ў саюз Сяргей узначаліў спачатку арганізацыю факультэта, а потым — і ўніверсітэта.
Да азначанага моманту малады студэнт, а потым магістрант і аспірант ВДТУ зарэкамендаваў сябе як перспектыўны навуковец. У 2009 годзе ён стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, у 2010 годзе быў адзначаны дыпломам II ступені. У тым жа годзе за дасягненні ў навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці Сяргей Жарнасек атрымаў грамату Міністэрства адукацыі і быў унесены ў Рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі.
— Гэта быў вельмі адказны і багаты на падзеі год, — успамінае малады навуковец. — І ўсё ж самай галоўнай падзеяй было, відаць, атрыманне дыплома ўніверсітэта па спецыяльнасці “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці” і паступленне ў магістратуру. Прыкладна тады ж прыйшлося выбіраць паміж грамадскай і навуковай дзейнасцю: кожная з гэтых сфер патрабуе поўнай самааддачы. Як вы, напэўна, здагадаліся, перамагла навука.
У 2011 годзе Сяргей Жарнасек абараніў магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці “Машынабудаванне і машыназнаўства”, атрымаў ступень магістра тэхнічных навук. Далей была аспірантура па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання”.
— Тэму дысертацыі мы з маім кіраўніком, кандыдатам тэхнічных навук, прафесарам Валерыем Альшанскім выбралі актуальную для сучаснай прамысловасці — “Энергаэфектыўная тэхналогія заключнай аддзелкі тэкстыльных кампазіцыйных матэрыялаў”, — гаворыць Сяргей Жарнасек. — Работа была прысвечана павышэнню эфектыўнасці працэсу заключнай аддзелкі тэкстыльных матэрыялаў з выкарыстаннем сучасных спосабаў цеплавой і вільготнатэрмічнай апрацоўкі. Навуковыя даследаванні па тэме дысертацыі выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Энергаэфектыўнасць”.
— Распаўсюджванне энергаэфектыўных тэхналогій спрыяе ўдасканаленню вытворчасці, павелічэнню асартыменту і паляпшэнню якасці прадукцыі, дазваляе паспяхова вытрымліваць канкурэнцыю на рынку, — адзначыў Сяргей Жарнасек. — У многіх краінах у апошнія гады ўдзяляецца вялікая ўвага павышэнню эфектыўнасці працэсаў цепламасаабмену ў тэкстыльнай прамысловасці. У сувязі з гэтым атрымалі распаўсюджанне тэхналогіі сушкі з выкарыстаннем ВК, ЗВЧ-выпраменьванняў, плазмы і вакууму. Распрацоўка, даследаванне і наступнае ўкараненне на беларускіх прадпрыемствах энергаэфектыўнай тэхналогіі заключнай аддзелкі тэкстыльных кампазіцыйных матэрыялаў, якія па сваіх уласцівасцях не саступаюць лепшым сусветным узорам, вырашаюць задачы імпартазамяшчэння і з’яўляюцца перадумовай для пашырэння асартыменту прадукцыі, якая выпускаецца, дазваляюць атрымаць значны эканамічны эфект як на буйных прадпрыемствах, так і ў межах прыватнай вытворчасці.
Сёння Сяргей Жарнасек мае акт укаранення ў вытворчасць, 4 акты ўкаранення ў вучэбных працэс, патэнт на вынаходства. Асноўныя вынікі даследаванняў былі прадстаўлены на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, пацверджаны публікацыямі ў замежных часопісах з высокім рэйтынгам, якія ўваходзяць у базы даных РІНЦ і SCOPUS. Па выніках адкрытага конкурсу маладому вучонаму з ВДТУ была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2014 год. У тым жа годзе Сяргей Жарнасек атрымаў аспіранцкі грант Міністэрства адукацыі па тэме “Інтэнсіфікацыя працэсу сушкі тэкстыльных кампазіцыйных матэрыялаў”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Сяргей Васільевіч прымераў на сябе ролю выкладчыка і ўсур’ёз ёю захапіўся. Прычым на вядучае месца ў педагогіцы вышэйшай школы ўпэўнена ставіць выхаванне.
— Нельга забываць, што ва ўніверсітэце мы рыхтуем не толькі спецыяліста і інжынера, але і будучага кіраўніка, грамадзяніна, адказнага за свае рашэнні і ўчынкі не толькі перад сабой, але і перад грамадствам, — гаворыць Сяргей Жарнасек.
Малады навуковец быў кіраўніком дзвюх студэнцкіх работ, якія прымалі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў у 2013 і 2014 гадах. І два ягоныя вучні адзначаны дыпломам ІІ ступені.
— Напэўна, толькі цяпер пачынаю ўсведамляць значэнне таго, што зрабілі і робяць для мяне мае выкладчыкі, — гаворыць Сяргей Жарнасек. — Асабліва хачу падзякаваць Валерыю Іосіфавічу Альшанскаму, Анатолю Іосіфавічу Альшанскаму, Аляксандру Аляксандравічу Угольнікаву. Мне сапраўды пашчасціла, што сустрэў у жыцці Настаўнікаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.