Прааналізаваць прычыны няўдач, выпрацаваць меры па выпраўленні сітуацыі і крок за крокам рухацца да намечаных мэт

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Федэрацыя хакея Беларусі прапануе распрацаваць мадэль рэгіянальнага развіцця гэтага віду спорту. Такую перспектыву абмеркавалі на сумесным пасяджэнні кіраўнікі Міністэрства спорту і турызму і ФХБ, паведамілі ў прэс-службе Мінспорту.

Падставай для двухгадзіннай размовы сталі вынікі выступлення нацыянальнай каманды на чэмпіянаце свету ў Даніі: зборная Беларусі пакінула вышэйшы дывізіён.

Як адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, ацэнкі камандзе ўжо дадзены на самым высокім узроўні, вынік прызнаны нездавальняючым. “Цяпер важна ўсебакова прааналізаваць прычыны няўдачы, выпрацаваць меры па выпраўленні сітуацыі і крок за крокам рухацца да намечаных мэт. Працаваць павінны ўсе разам — федэрацыя, клубы, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, рэгіянальныя ўлады”, — падкрэсліў міністр.

На думку Сямёна Шапіры, у краіне ўжо створана пэўная сістэма падрыхтоўкі хакеістаў усіх узростаў, але, відавочна, адбыўся збой, неабходна сур’ёзная карэкціроўка. Федэрацыя пачала ўжо няпросты працэс змянення структуры чэмпіянату краіны, стварэння аднолькавых умоў для клубаў, каб перамагалі не за кошт фінансавых магчымасцей, а дзякуючы спартыўнаму майстэрству гульцоў.

Сямён Шапіра лічыць, што неабходна распрацаваць мадэль рэгіянальнага развіцця хакея, прапрацаваць тэму абавязковых заняткаў па катанні на лёдзе ў рамках школьнай праграмы, забяспечыць уважлівы і мэтанакіраваны адбор дзяцей у ДЮСШ, забяспечыць школы неабходным абсталяваннем і інвентаром, укараніць сістэму стымулюючых выплат для дзіцячых трэнераў.

На думку кіраўніцтва федэрацыі, ХК “Дынама-Мінск” павінен стаць сапраўды базавым клубам для нацыянальнай каманды, а крытэрыі яе фарміравання неабходна зрабіць больш выразнымі і зразумелымі.

На пасяджэнні ўдзялілі ўвагу тэме стварэння нацыянальнай школы падрыхтоўкі варатароў. Асобная шырокая тэма — навукова-метадычнае забеспячэнне хакея.