Праблемы інвалідаў на кантролі дзяржавы

- 11:17Сацыяльны ракурс

Пытанні атрымання адукацыі інвалідамі, аказання ім валанцёрскай дапамогі разгледзелі на пасяджэнні рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, якое днямі прайшло ў Магілёве. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, намеснікі старшынь аблвыканкамаў, кіраўнікі адпаведных арганізацый і ўстаноў.

Праводзіць падобныя пасяджэнні ў рэгіёнах стала ўжо правілам. Па словах намесніка прэм’ер-міністра старшыні савета Наталлі Качанавай, такія выезды дапамагаюць убачыць, якім чынам рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы і пратаколы, выявіць існуючыя праблемы, каб пасля сумесна прыняць далейшыя аб’ектыўныя кіраўнічыя рашэнні.З магчымасцямі, якія ёсць у маладых інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў плане атрымання адукацыі і працаўладкавання, удзельнікі пасяджэння азнаёміліся, наведваючы Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. У гэтай установе сёння вучацца больш за 150 інвалідаў і дзяцей з АПФР. Для іх тут створаны ўсе ўмовы. Дзеці могуць атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў спецыяльна створаным на базе каледжа Цэнтры прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі, а пасля пры жаданні працягнуць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, займаючыся ў інтэграваных групах. Вучэбны працэс вядзецца якасна, па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. На заняткі дзяцей дастаўляе спецыялізаваны транспарт, а створанае безбар’ернае асяроддзе дазваляе ім свабодна перамяшчацца па ўсёй установе. Рухаюцца тут і да інклюзіі. Падзелу на дзяцей здаровых і асаблівых у каледжы ніколі не было. У агульных мерапрыемствах удзел прымаюць усе разам, кожны можа праявіць свае ўласныя таленты і асабіста.
Пасля экскурсіі па каледжы Наталля Качанава адзначыла, што ў каледжы створаны належныя ўмовы для атрымання адукацыі моладдзю з абмежаванымі магчымасцямі.
Адметна, на думку Наталлі Іванаўны, і тое, што работнікі і навучэнцы каледжа імкнуцца ўласнымі рукамі зарабляць сродкі.
У рамках мерапрыемства яго ўдзельнікі наведалі таксама абласную дзіцячую бальніцу, дзе ацанілі ўмовы для лячэння і рэабілітацыі дзяцей. Абмяркоўвалі ўбачанае і шэраг іншых пытанняў на пленарным пасяджэнні.
— Самае галоўнае ў нашай дзяржаве — гэта чалавек, яго клопаты і патрэбы. Таму тэма інвалідаў такая актуальная. Зусім нядаўна Беларусь далучылася да Міжнароднай канвенцыі аб правах інвалідаў, і паўнавартасная рэалізацыя ў рэгіёнах адпаведных дзяржаўных праграм становіцца асабліва важнай, — заўважыла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.
Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш расказаў, якім чынам сёння ажыццяўляецца навучанне інвалідаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі. А робіцца нямала. Забяспечваецца даступнасць адукацыі, ствараюцца неабходныя ўмовы для навучання моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, ім прызначаецца сацыяльная стыпендыя, актывізуецца выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў навучання, арганізоўваецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў-інвалідаў, у асобных выпадках праводзіцца іх падвоз да месца вучобы.
На працягу трох апошніх гадоў навучанне інвалідаў ажыццяўляюць больш за палову ўсіх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Зараз у іх вучацца звыш 900 чалавек. У сістэме вышэйшай адукацыі на ўсіх формах атрымання адукацыі вучацца звыш 1100 інвалідаў.
Але разам з тым у ажыццяўленні адукацыі “без межаў” яшчэ ёсць праблемы. Пэўныя складанасці ўзнікаюць са стварэннем безбар’ернага асяроддзя, распрацоўкай спецыяльнай вучэбна-метадычнай літаратуры. Вырашэнне гэтых пытанняў з’яўляецца для сферы адукацыі прыярытэтным, крокі, накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі, ужо прынятыя.
Акрамя спецыфікі атрымання адукацыі інвалідамі, на пасяджэнні абмеркавалі перспектывы развіцця валанцёрскага руху па аказанні дапамогі ветэранам, інвалідам і іншым людзям, падвялі вынікі выканання прынятых раней рашэнняў, а таксама зацвердзілі праектны план работы рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў на будучы год.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.