Праблемы можна і трэба вырашаць уласнымі сіламі

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

У большасці беларускіх прадпрыемстваў дастаткова ўнутраных рэзерваў для развіцця, зніжэння затрат і выхаду на бясстратны рэжым работы. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынік службовай паездкі ў Гомельскую вобласць, дзе ён наведаў ААТ “БМЗ”, ААТ “БелФА” і сельгаспрадпрыемства “Бабоўскі”.

“Упэўнены, у большасці прадпрыемстваў, якія скардзяцца на складаную сітуацыю і адсутнасць фінансавых сродкаў, ёсць вялізныя ўнутраныя рэзервы, за кошт выкарыстання якіх можна знізіць затраты і выйсці на бясстратны рэжым работы. Далей, калі спатрэбіцца нейкая мадэрнізацыя, дапамога ў асваенні новых рынкаў збыту, дзяржава гатова аказаць падтрымку. Але дапамагаць будзем тым, хто сапраўды жадае працаваць”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

У якасці прыкладу эфектыўнага выкарыстання ўнутраных рэзерваў прэм’ер-міністр прывёў ААТ “БМЗ”. Прадпрыемства за першы квартал бягучага года скараціла затраты на 27 працэнтаў: знізілі расходы на закупку матэрыялаў і сыравіны, знайшлі рэзервы па змяншэнні расходаў на энерганосьбіты. Гаворачы аб ААТ “БелФА”, Андрэй Кабякоў адзначыў, што і гэтае прадпрыемства сістэмна працуе над зніжэннем затрат — у першым квартале яны склалі каля 13 працэнтаў. Прэм’ер-міністр застаўся задаволены ходам веснавых палявых работ у рэгіёне, дзе ўжо практычна завершана сяўба ранніх яравых. “Пры гаспадарскім падыходзе існуючых у гаспадарках рэгіёна запасаў паліва і ўгнаенняў цалкам павінна хапіць, каб атрымаць добры ўраджай”, — лічыць ён.

“Зыходзячы з убачанага, магу зрабіць толькі адну выснову: праблемы можна і трэба вырашаць уласнымі сіламі, тым больш што магчымасці ёсць, а спадзявацца на некага проста дарэмна”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

У час наведвання Гомельскай вобласці Прэм’ер-міністр Беларусі пракаменціраваў Указ прэзідэнта № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”.

“Паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту створыць перадумовы да таго, што колькасць занятых на рынку працы будзе павялічана. Толькі ў 2017 годзе нам спатрэбіцца каля 18 тысяч дадатковых рабочых месцаў. Задача — штогод прырастаць на 50 тысяч новых рабочых месцаў, таму павелічэнне пенсійнага ўзросту не пагражае дэфіцытам рабочых месцаў”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Павелічэнне колькасці занятых на рынку працы будзе садзейнічаць павелічэнню валавога ўнутранага прадукту. Акрамя таго, павышэнне пенсійнага ўзросту дасць магчы-масць гарантавана падтрымліваць суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40 працэнтаў. “Апошнім часам гэта з улікам нязменнага пенсійнага ўзросту з году ў год удавалася ўсё складаней”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Нагадаем, Прэзідэнт Беларусі 11 красавіка падпісаў Указ № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”. Прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi — 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, што дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранiчнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

У адпаведнасці з указам, рэкамендавана кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.