Працягваецца работа над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі

Традыцыйна 3 красавіка пачала работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. На адкрыцці сесіі ў Палаце прадстаўнікоў выступіў яе старшыня У.П.Андрэйчанка, у Савеце Рэспублікі — старшыня савета М.У.Мясніковіч.

На вясенняй сесіі дэпутацкім корпусам ніжняй палаты плануецца разгледзець 30 законапраектаў, якія ўжо ўнесены ў парадак дня. Дагэтуль дэпутаты вялі заканадаўчую дзейнасць у перыяд паміж сесіямі і за гэты час разгледзелі каля 50 законапраектаў.

Непасрэдна на сесію вынесены законапраекты па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, забеспячэння абароны, грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў, а таксама плануецца ўнесці карэкціроўкі ў некаторыя кодэксы. Будзе разглядацца законапраект па пытаннях патэнтаў на вынаходкі і прамысловыя ўзоры, праект новай рэдакцыі Закона “Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі”, законапраекты аб пітным водазабеспячэнні, аб абароне правоў спажыўцоў, аб сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. На вясеннюю сесію вынесены таксама пытанні фізічнай культуры і спорту, рэгулявання працоўных адносін, папярэджання распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва. Акрамя таго, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць займацца ратыфікацыяй шэрага міжнародных дагавораў, заключаных у рамках СНД і іншых краін.

У фае зала пасяджэнняў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу была разгорнута кніжная выстава з інсталяцыяй кнігавыдання на старажытных друкарскіх станках, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і арганізаваная Міністэрствам інфармацыі.

— Калі на ўзроўні парламента краіны, на высокім дзяржаўным узроўні, разглядаюцца пытанні нацыянальнай культурнай, кнігадрукарскай спадчыны, то мы з поўнай упэўненасцю можам сказаць, што Беларусь на прынцыпах высокай духоўнасці дбае пра захаванне сваіх гістарычных каранёў як асновы далейшага развіцця нашай краіны, — заявіла міністр інфармацыі Л.С.Ананіч. Лілія Станіславаўна паведаміла, што ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў нашай краіне вядзецца актыўная работа па падрыхтоўцы і правядзенні шэрага святочных мерапрыемстваў, на якія з дзяржаўнага бюджэту выдаткаваны пэўныя фінансавыя асігнаванні. У ліку іх — выданне энцыклапедычнай, гістарычнай, мастацкай літаратуры, рэалізацыя цікавых праектаў, правядзенне канферэнцый, сустрэч, выстаў. Для арганізацыі святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання створаны аргкамітэт і распрацавана праграма, куды ўвайшло больш за 70 мерапрыемстваў. Разгорнутая ў Савеце Рэспублікі выстава будзе прадстаўлена ў многіх краінах свету, тым самым яе экспазіцыя стане яшчэ адным штрыхом у стварэнні высокага іміджу нашай краіны.

І.А.Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, таксама адзначыла важнасць святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання як асновы гісторыі беларускай народнасці, развіцця традыцый асветы і адукацыі, станаўлення сувязей Беларусі з іншымі краінамі. І таму ў заканадаўчай дзейнасці выдавецкая справа заўсёды фігуруе ў поўным аб’ёме і пастаянна ўдасканальваецца.

Ірына Анатольеўна заўважыла, што выдавецкая дзейнасць цесна звязана з абаронай правоў інтэлектуальнай уласнасці. Упершыню было ініцыіравана ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”.

Старшыня камісіі пацвердзіла, што працягваецца работа над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні рабочых груп нароўні з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, а таксама з падключэннем работнікаў адукацыйнай галіны, іншых міністэрстваў і ведамстваў. Прадметам абмеркавання сёння з’яўляецца не толькі змест новай рэдакцыі кодэкса аб адукацыі, але і дакладнае імклівае прывядзенне ў адпаведнасць з ім усіх астатніх дакументаў, якія суправаджаюць кодэкс. Безумоўна, гэта дазволіць дзеянне галоўнага закона ў сферы адукацыі зрабіць найбольш эфектыўным і правамоцным.

Ала КЛЮЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *