Працуюць інавацыйна і ў інтарэсах студэнтаў

- 12:59Выбар прафесіі
Фота з сайта www.what.in.ua

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова заслужана называюць цэнтрам адукацыі і навукі ўсходняга рэгіёна. Ва ўстанове з больш чым векавой гісторыяй старанна захоўваюць традыцыі і разам з тым актыўна ўкараняюць у вучэбны працэс перадавыя адукацыйныя тэхналогіі і напрацоўкі. Пра развіццё ўніверсітэта, новаўвядзенні і перспектывы для сёлетніх абітурыентаў — наша гутарка з прарэктарам па вучэбнай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Алегам Віктаравічам ДЗЯЧЭНКАМ.

— Алег Віктаравіч, раскажыце, што ўяўляе сабой сённяшні ўніверсітэт.

— МДУ імя А.А.Куляшова — гэта 7 факультэтаў, 25 кафедр, два каледжы, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Падрыхтоўка кадраў вя­дзецца па 39 спецыяльнасцях першай і другой ступені вышэйшай адукацыі, вучэбны працэс ажыццяўляецца сіламі 290 штатных выкладчыкаў, многія з якіх маюць вучоныя ступені і званні.

Але ж наш галоўны актыў — гэта 4,66 тысячы студэнтаў. Іх усебаковае развіццё, фарміраванне прафесійных кампетэнцый — галоўная задача ўніверсітэта. Мы актыўна ўкараняем апошнія дасягненні навукі і практыкі, выкарыстоўваем сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, у тым ліку інтэрактыўныя сродкі навучання, элементы дыстанцыйнага навучання. У выніку студэнты атрымліваюць якасную падрыхтоўку і апошнія два гады ў нас няма праблем з размеркаваннем. Кожны выпускнік-бюджэтнік забяспечаны першым працоўным месцам.

Важна, што нашы студэнты стабільна атрымліваюць месца ў інтэрнаце і магчымасць развіваць творчыя, спартыўныя і інтэлектуальныя здольнасці.

— Важным напрамкам прыёмнай кампаніі з’яўляецца прафарыентацыйная работа. Ад яе паспяховай арганізацыі напрамую залежыць і выкананне плана набору абітурыентаў. Якім чынам яна праводзіцца ў МДУ?

— Прафарыентацыі ўдзяляецца максімум увагі на ўсіх узроўнях. Шырока выкарыстоўваем усе традыцыйныя формы — гэта і факультэцкія алімпіяды, і традыцыйныя дні адкрытых дзвярэй, і знаёмства з факультэтамі падчас абласных алімпіяд па вучэбных прадметах і даследчых конкурсаў, і прафарыентацыйныя паездкі нашых выкладчыкаў ва ўстановы адукацыі не толькі Магілёўскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў.

Але сучасным абітурыентам усяго гэтага не заўсёды дастаткова. Ды і сённяшнія рэаліі накладваюць адбітак на прафарыентацыйную работу. Таму вясной, калі павялічылася колькасць вострых рэспіраторных захворванняў, у тым ліку звязаных з COVID-19, мы ўпершыню выкарысталі новую форму — правялі дзень адкрытых дзвярэй у анлайн-фармаце. Прамая відэатрансляцыя вялася кіраўніцтвам універсітэта, прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў і адказным сакратаром прыёмнай камісіі ў нашай афіцыйнай групе ва “УКантакце”.

Пытанні можна было фармуляваць папярэдне, праз сацыяльныя сеткі на ўніверсітэцкіх старонках ва “УКантакце” і Facebook, дасылаць па электроннай пошце, а таксама задаваць падчас стрыму ў каментарыях. Ад нашых патэнцыяльных абітурыентаў мы атрымалі 71 пытанне. Іх цікавілі працэдура паступлення, арганізацыя адукацыйнага працэсу і вольнага часу, умовы пражывання ў інтэрнаце, новыя спецыяльнасці, наяўнасць праграм акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, магчымасці працаўладкавання пасля заканчэння ўніверсітэта. Абсалютна ўсе пытанні былі агучаны падчас стрыму, і на кожнае быў дадзены кампетэнтны адказ.

У рэжыме рэальнага часу стрым глядзелі 3872 чалавекі. На працягу трох наступных дзён размешчанае “УКантакце” відэа паглядзелі ўжо звыш 7 тысяч карыстальнікаў. 52% гледачоў, якія азнаёміліся з умовамі паступлення ў МДУ, — жыхары Беларусі, крыху больш за 40% — расіяне. Былі зарэгістраваны таксама карыстальнікі з Турцыі, Казахстана, Украіны, Узбекістана і Туркменістана. 73% наведвальнікаў анлайнавага дня адкрытых дзвярэй з ліку грамадзян Беларусі — магілёўцы.

Вопыт правядзення прафарыентацыі ў фармаце стрыму здаўся нам вельмі паспяховым. У канцы красавіка факультэт матэматыкі і прыродазнаўства арганізаваў у такім жа фармаце прэзентацыю сваіх новых спецыяльнасцей. Мы зафіксавалі больш за тысячу праглядаў і атрымалі звыш 40 пытанняў.

Прафарыентацыя ў фармаце стрыму — гэта эфектыўна, эканамічна, сучасна і папулярна сярод школьнай моладзі. Таму падобная практыка будзе працягвацца.

— Узровень прафарыентацыйнай работы з моладдзю ва ўніверсітэце даволі высокі. А як ідуць справы ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў?

— Для ўзмацнення практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў універсітэт заключае доўгатэрміновыя дагаворы з базавымі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі прамысловасці і сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці. Сёння ў нас амаль 130 такіх дагавораў.

Вядома, найбольшую ўвагу мы ўдзя­ляем установам адукацыі, бо менавіта падрыхтоўка педагагічных кадраў з’яўляецца профільным кірункам нашага ўніверсітэта. Актыўна супрацоўнічаем з усімі аддзеламі адукацыі вобласці. Выкарыстоўваем магчымасці рэгіянальнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, у які ўваходзяць 44 навучальныя ўстановы. Сістэмна працуем у педагагічных класах, выпускнікі якіх штогод прыходзяць да нас вучыцца. Таксама прафарыентацыйная работа праводзіцца праз філіялы кафедр, якія створаны ў 13 установах адукацыі, у арганізацыях і на прадпрыемствах.

— Якія новаўвядзенні чакаюць сёлетніх абітурыентаў?

— Мы сочым за зменамі на рынку працы і стараемся рэгулярна адкры­ваць новыя спецыяльнасці, запатрабаваныя ў грамадстве. Штогод пераглядаем наменклатуру спецыяльнасцей, карэкціруем яе ў адпаведнасці з патрэбамі эканомікі і запытамі спажыўцоў. Бо не сакрэт, што школьнікі і іх бацькі зацікаўлены ў выбары той прафесіі, якая, на іх думку, забяспечыць ім пэўныя перавагі ў жыцці.

Сёлета наш універсітэт плануе ажыццявіць набор на 23 спецыяльнасці дзённай формы, на 9 спецыяльнасцей завочнай формы і на 5 спецыяльнасцей скарочанай формы атрымання вышэйшай адукацыі. Уся інфармацыя пра спецыяльнасці, кантрольныя лічбы прыёму, тэрміны ўступнай кампаніі размешчаны на сайце ўніверсітэта.

У сувязі са стварэннем у МДУ аўтаматызаванай сістэмы кіравання сёлета мы ўпершыню плануем выкарыстоўваць у рабоце прыёмнай камісіі модуль “Абітурыент”. Гэта дазволіць прымяніць сучасныя інфакамунікацыйныя тэхналогіі для збору, назапашвання, захоўвання, апрацоўкі інфармацыі і кіравання ўсімі працэсамі, звязанымі з прыёмнай кампаніяй, у тым ліку і для электроннай рэгістрацыі абітурыентаў.

— Ці плануеце адкрыццё новых спецыяльнасцей?

— Сёлета мы адкрываем набор на дзве новыя спецыяльнасці — “Медыка-біялагічная справа” і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Як паказалі маркетынгавыя даследаванні рынку працы, гэтыя спецыяльнасці запатрабаваны не толькі беларускімі, але і замежнымі абітурыентамі. Перш за ўсё — з сярэднеазіяцкіх рэспублік. Падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях будзе ажыццяўляцца на працягу 4 гадоў на факультэце матэматыкі і прыродазнаўства.

Навучанне па спецыяльнасці “Медыка-біялагічная справа” дасць магчымасць атрымаць кваліфікацыю “біёлаг-аналітык. Выкладчык біялогіі”. Гэта спецыяліст з вышэйшай медыка-біялагічнай адукацыяй, паглыбленай тэарэтычнай падрыхтоўкай у галіне інфармацыйных тэхналогій, малекулярнай біялогіі і малекулярнай медыцыны, а таксама практычнымі навыкамі работы з лабараторным абсталяваннем. Згаданая кваліфікацыя забяспечыць будучаму спецыялісту занятасць у навуковых даследаваннях і распрацоўках, а таксама ў сферы экалогіі, адукацыі і аховы здароўя.

Спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” для Магілёўскага рэгіёна ўнікальная, набор на яе мы ажыццяўляем упершыню. Будзем весці падрыхтоўку спецыялістаў, здольных вырашаць комплексныя задачы ў IT-сферы. Вучэбныя праграмы ўзгоднены з вядучымі IT-кампаніямі, і ўсё навучанне студэнтаў будзе мець практыка-арыентаваную накіраванасць, як таго патрабуюць сённяшнія рэаліі. Выпускнікам будзе прысвоена кваліфікацыя “інжынер-праграміст”. Яны змогуць працаваць інжынерамі, інжынерамі-праграмістамі, інжынерамі-даследчыкамі, інжынерамі-кантралёрамі, інжынерамі па тэхнічным наглядзе, бізнес-аналітыкамі, сістэмнымі аналітыкамі, спецыялістамі па суправаджэнні ці тэсціраванні праграмнага забеспячэння.

Мы прынялі рашэнне адкрыць інжынерную спецыяльнасць, у тым ліку ў сувязі з яе высокай запатрабаванасцю ў школьнікаў Магілёўшчыны. У іх з’яўляецца магчымсаць атрымаць якасную падрыхтоўку дзеля патрэб свайго рэгіёна. У МДУ дастаткова спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі адпаведнага профілю і выдатная матэрыяльна-тэхнічная база.

Акрамя прыёму на дзённую форму, плануем ажыццявіць набор і на завочную форму атрымання адукацыі па інтэграваных праграмах для абітурыентаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, “Праграмнае забеспячэнне сетак тэлекамунікацый”. У завочнай форме студэнты будуць вучыцца 3,5 года.

— Эканоміка, вытворчасць настолькі імкліва развіваюцца, што адной спецыяльнасці бывае недастаткова. Як універсітэт улічвае гэтую тэндэнцыю?

— У структуры ўніверсітэта дзейнічае Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, які дазваляе атрымліваць дадатковую адукацыю. Выбар спецыяльнасцей даволі шырокі. На сённяшні дзень інстытут прапаноўвае праграмы перападрыхтоўкі па 28 спецыяльнасцях, павышэння кваліфікацыі — па 15 напрамках адукацыі, а таксама адукацыйныя праграмы вучэбных курсаў, лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў.

Гэтыя прапановы цікавыя і для студэнцкай моладзі. МДУ рэалізуе рознаўзроўневыя праграмы акадэмічнай мабільнасці і дае студэнтам магчы­масць навучання ў лепшых еўрапейскіх універсітэтах. У сувязі з гэтым у іх узнікае патрэба ў дадатковай моўнай падрыхтоўцы. Падтрымліваючы гэтыя памкненні, на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі мы праводзім вучэбныя курсы па англійскай мове, праз якія прайшло звыш 200 студэнтаў. Найбольш паспяховыя з іх ужо сёння могуць здаць так званыя кембрыджскія іспыты і атрымаць кембрыджскі сертыфікат.

— Ці прываблівае навучанне ў МДУ імя А.А.Куляшова замежных студэнтаў?

— 10% нашых студэнтаў — замежнікі. Высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, традыцыі талерантнасці і інтэрнацыяналізму робяць МДУ прывабным для абітурыентаў з розных краін. Сёння адным з прыярытэтаў нашай міжнароднай адукацыйнай дзейнасці з’яўляецца развіццё англамоўных магістарскіх праграм.

— Алег Віктаравіч, у якім ключы будзе далей развівацца ўніверсітэт?

—  У нашага калектыву шмат цікавых задум і праектаў. У планах — удасканаленне зместу і кіравання якасцю адукацыі, працяг комплекснай інфарматызацыі дзейнасці ўніверсітэта, усебаковае развіццё навуковых даследаванняў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Мы паступова ствараем “лічбавы ўніверсітэт” і ў той жа час захоўваем і прымнажаем традыцыі класічнай еўрапейскай адукацыі. На асобым кантролі — адкрыццё новых і запатрабаваных у рэгіёне спецыяльнасцей. Пры гэтым у фокусе нашай увагі — далейшае ўдасканаленне падрыхтоўкі высакакласных настаўнікаў, без якіх немагчыма развіццё тэхнічнага прагрэсу.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.