Прадаўжальнікі добрых традыцый

Больш за 40 гадоў назад у сярэдняй школе № 1 Маларыты быў арганізаваны адзіны ў краіне ансамбль юных барабаншчыц. Ён ствараўся з мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў і іх падрыхтоўкі да ўдзелу ў рэспубліканскіх аглядах духавых аркестраў.

Натхняльнікам ансамбля і яго першым кіраўніком быў Г.М.Давыдзік, які ў той час працаваў у гарадскім Доме культуры. Прапанову ўзначаліць калектыў малады чалавек сустрэў з вялікім энтузіязмам, бо вельмі захапляўся музыкай.

У 1975 годзе прайшоў адбор удзельніц ансамбля сярод васьмікласніц, падчас якога асаблівая ўвага звярталася на іх рост, знешнасць і пачуццё рытму. Былі адабраны 30 дзяўчынак. Падчас заняткаў яны вучыліся правільна трымаць палачкі, выстукваць рытм на піянерскіх барабанах. Для ўдзельніц ансамбля былі пашыты касцюмы і абутак, набыты новыя барабаны.

Першы выхад юных барабаншчыц адбыўся ў Мінску падчас святкавання Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ансамбль выступаў у складзе духавога аркестра Брэстчыны на ўрачыстым шэсці. За добрае выступленне дзяўчынак узнагародзілі паездкай у Адэсу. Далей ансамбль актыўна ўдзельнічаў у розных святах, шэсцях і мерапрыемствах гарадоў вобласці. З канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя маларыцкія барабаншчыцы штогод адкрывалі свята духавой музыкі ў Мінску.

Пасля Г.М.Давыдзіка ансамбль узначальвалі Л.П.Бягеза, Т.В.Антонава і А.М.Паўлючык, якія шмат зрабілі для прафесійнага станаўлення калектыву. Апошнія 4 гады ім кірую я. Шчыра кажучы, пачынаць было складана, бо ў гэтай справе я мала разбіралася. Але для чалавека, які займаецца пастаяннай самаадукацыяй, няма нічога немагчымага.

Падчас пошуку новых форм работы з дзецьмі зразумела, што аднаго ўдзелу ансамбля ў шэсцях ужо мала. Ды і зацікавіць сучасных падлеткаў такім відам дзейнасці даволі цяжка. Калі ў савецкі час удзельнічаць у ансамблі было ганарова, то сённяшніх вучняў можна матываваць толькі нечым адметным.

Удзельнікаў калектыву падбіраю з пачатковай школы. Сёння ў ім займаюцца вучаніцы 3—10 класаў. Цікавасць да ансамбля праяўляюць і хлопчыкі.

Пачынаючы работу, хацелася паказаць уменні дзяўчынак з іншага боку, таму вырашыла суправаджаць ігру на барабанах музыкай. Спачатку працавалі з ваеннымі маршамі, потым звярнуліся да сучасных рытмаў.

Першае выступленне ў новым фармаце адбылося на школьным бацькоўскім сходзе, дзе мы мелі неверагодны поспех. Ніхто не чакаў настолькі высокага выканальніцкага ўзроўню вучаніц. Першы поспех натхніў і мяне, і дзяцей.

Сёлета ансамбль атрымаў новую назву “Акцэнт” і стаў фіналістам VI Абласнога адкрытага маладзёжнага конкурсу “Твая хвіліна славы” ў Брэсце. Яркія выступленні на святочных канцэртах і канцэртах дзіцячай творчасці пераканалі ў правільным выбары шляху.

Радуе, што юныя ўдзельніцы ансамбля з нецярпеннем чакаюць выхаду на сцэну, каб паказаць сябе і парадаваць іншых. Значыць, зацікавіць дзяцей атрымалася. Цяпер вельмі важна падтрымліваць гэтую зацікаўленасць.

Вялікую ўвагу ў рабоце ўдзяляю пераемнасці пакаленняў удзельнікаў ансамбля і захаванню яго традыцый, без чаго нельга выхаваць у дзяцей любоў да роднага краю і паважлівыя адносіны да культуры. Юныя барабаншчыцы не толькі беражліва захоўваюць і працягваюць традыцыі, але і вельмі ганарацца тым, што іх мамы, бабулі і цёткі выступалі некалі ў ансамблі. Мяняўся склад яго ўдзельнікаў, фасон касцюмаў і нават прычоскі, але нязменнымі заставаліся барабаны і рытм, знаёмы кожнаму жыхару Маларыты.

Аляксандра ВАШЧЫНЧУК,
настаўніца рытмікі і танца сярэдняй школы № 1 Маларыты.
Фота з архіва ўдзельнікаў ансамбля розных гадоў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *