Прадэманстравалі новае ўзбраенне, каб больш давяраць адно аднаму

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

У адпаведнасці з палажэннямі Венскага дакумента 2011 года аб мерах умацавання і бяспекі, Беларусь 4—6 ліпеня правяла дэманстрацыю новых тыпаў асноўных сістэм узбраення і ваеннай тэхнікі для прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц АБСЕ.

У брыфінгу прынялі ўдзел 38 прадстаўнікоў з 19 дзяржаў і цэнтра па прадухіленні канфліктаў АБСЕ. Сярод краін-удзельніц Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Расія, ЗША, Украіна, Францыя.

Мерапрыемства прайшло пад кіраўніцтвам начальніка дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочніка міністра абароны Беларусі па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёра Алега Воінава. “Адна з мэт сустрэчы — прадэманстраваць прадстаўнікам АБСЕ асноўныя напрамкі нашай абароннай палітыкі, паказаць, што Беларусь — міралюбная дзяржава. У нас няма тэрытарыяльных прэтэнзій ні да каго з суседзяў, але ў нас ёсць Узброеныя Сілы, ёсць новыя ўзоры ўзбраення і тэхнікі, якія змогуць надзейна абараніць рэспубліку”, — адзначыў ён.

“У рамках міжнародных абавязацельстваў мы павінны паказваць новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што мы і робім, даючы магчымасць усім краінам АБСЕ асабіста з імі азнаёміцца. Я думаю, што гэта мерапрыемства здыме многія пытанні, і той лёд недаверу, які, можа, існуе, растае. І мы будзем больш давяраць адно аднаму, да гэтага трэба імкнуцца”, — дадаў генерал-маёр.

Замежным прадстаўнікам былі прэзентаваны рэактыўная сістэма залпавага агню В-200 БМ “Паланэз”, прынятая на ўзбраенне ў 2016 годзе, і 120-міліметровы мінамёт 2Б23 “Нона М1”. Іх рэальная дэманстрацыя прайшла 5 ліпеня ў размяшчэнні 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.