Прадэманстравалі прадметныя веды і эрудыцыю

- 15:14Адукацыйная прастора, Рознае
336 навучэнцаў Мінскай вобласці заваявалі дыпломы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сярод іх 220 прадстаўнікоў гімназій і ліцэяў, 32 — сельскіх школ, 82 — гарадскіх школ, 2 — устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Падрабязней аб выніках гэтых спаборніцтваў нашаму карэспандэнту расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Марыя Аляксандраўна САРОТНІК:

— У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 817 вучняў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Сярод іх 496 навучэнцаў гімназій і ліцэяў, 207 — гарадскіх школ, 106 — сельскіх школ, 8 — устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Відавочна, што большая палова ўдзельнікаў — 60,7% ад агульнай колькасці — гэта прадстаўнікі ўстаноў адукацыі новага тыпу (у мінулым годзе — 56%). Гэта гаворыць аб даволі дастатковым узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў з гэтых устаноў, аб іх належнай матывацыі пацвярджаць свае веды праз удзел у разнастайных інтэлектуальных конкурсах, у тым ліку ў алімпіядным руху па вучэбных прадметах.
Для правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды былі абраны 9 устаноў адукацыі Міншчыны, сярод якіх тыя, што ўжо маюць станоўчы вопыт арганізацыі мерапрыемстваў падобнага кшталту, а таксама тыя ўстановы, якія ладзілі трэці этап алімпіяды ўпершыню: Вілейскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж прымаў алімпіяду па фізіцы і астраноміі; Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй — па беларускай мове і літаратуры; Маладзечанскі дзяржаўны каледж — па рускай мове і літаратуры, а таксама па хіміі; Барысаўскі дзяржаўны каледж — па матэматыцы і інфарматыцы. На базе Смалявіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя адбылася алімпіяда па геаграфіі; у сценах Барысаўскага дзяржаўнага лесаагратэхнічнага прафесійнага каледжа прайшлі інтэлектуальныя спаборніцтвы па гісторыі і грамадазнаўстве. Абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй гасцінна сустракаў юных знаўцаў замежнай мовы, а Жодзінскі прафесійны ліцэй — працоўнага навучання. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі былі арганізаваны спаборніцтвы па біялогіі. Істотную дапамогу пры арганізацыі практычнага тура алімпіяды па біялогіі аказаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Лепшыя вынікі ў трэцім этапе алімпіяды прадэманстравалі, як заўсёды, Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй, навучальныя ўстановы Барысаўскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага раёнаў. Сярод пераможцаў алімпіяды — Мікіта Бокшыц, адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко, які выдатна выканаў усе заданні па біялогіі, здзівіўшы сваімі ведамі і ўменнямі ўсіх членаў журы. Мікіта ўжо не першы год радуе сваімі поспехамі педагогаў і бацькоў. Свой шлях у вучнёўскіх алімпіядах ён пачаў яшчэ тады, калі выступаў за 9 клас, з’яўляючыся пры гэтым вучнем 8 класа.
Нельга не адзначыць братоў Сазановічаў — Уладзіслава (вучня 11 класа) і Мікіту (вучня 10 класа) з сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў. Іх нязменны настаўнік, які рыхтуе пераможцаў алімпіяд рознага ўзроўню, — Уладзімір Сяргеевіч Радзівон.
Ілья Перапечка, вучань 11 класа гімназіі № 3 Салігорска, чацвёрты год перамагае ў алімпіядзе (у 2011 годзе, з’яўляючыся вучнем 8 класа, — па геаграфіі, а затым тры гады запар — па фізіцы).
Выдатнае веданне рускай мовы паказала Марыя Прохарчык, навучэнка гімназіі-каледжа Маладзечна, заняўшы абсалютнае першае месца ў абласным этапе алімпіяды. Адзінаццацікласнік 1-й гімназіі Жодзіна Уладзіслаў Дагліс дасягнуў высокага выніку на алімпіядзе па геаграфіі, замацаваўшы за сабой месца ў камандзе на заключны этап.
Пераможцаў алімпіяды рыхтуюць выдатныя педагогі нашай вобласці: Ала Леанідаўна Бокшыц, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко; Наталля Данілаўна Пашчук, настаўніца хіміі гімназіі № 7 Маладзечна; Ірына Мікалаеўна Пічугіна, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна; Валянціна Станіславаўна Хілько, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Нясвіжа; Ігар Вітальевіч Дубіна, настаўнік працоўнага навучання Грозаўскай сярэдняй школы Капыльскага раёна; Алена Іванаўна Мількота, настаўніца рускай мовы і літаратуры вілейскай гімназіі № 1 “Логас”; Лілія Нічыпараўна Казлоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.
Трэба адзначыць і штогадовыя поспехі асобных вучняў ва ўдзеле ў абласных алімпіядах, што сведчыць аб стабільнасці работы, якая з імі праводзіцца. Гэта дасягненні Ігара Новіка, навучэнца сярэдняй школы № 2 Дзяржынска, па працоўным навучанні; Дар’і Краўчук, навучэнкі сярэдняй школы № 1 Нясвіжа, па грамадазнаўстве; Аляксандры Радчанка, навучэнкі гімназіі № 7 Маладзечна, па хіміі; Уладзіслава Клімашонка, навучэнца гімназіі № 1 Барысава, па фізіцы; Паліны Мейсак, навучэнкі гімназіі № 6 Маладзечна, і Цімура Брытвіча, навучэнца гімназіі № 1 Салігорска, па англійскай мове; Караліны Станчык, навучэнкі гімназіі-інтэрната Мядзела, і Георгія Іванова, навучэнца гімназіі № 10 Маладзечна, па нямецкай мове; Юліі Васілевіч, навучэнкі Мінскага абласнога ліцэя, па беларускай мове і літаратуры і многіх іншых.

— Ці адбыліся сёлета якія-небудзь змяненні ў падрыхтоўцы школьнікаў да абласной алімпіяды?
— Для бесперапыннай падрыхтоўкі школьнікаў, акрамя традыцыйных вучнёўскіх збораў па падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды, арганізуюцца і праводзяцца, па-першае, абласныя дыстанцыйныя і інтэрнэт-алімпіяды па розных вучэбных прадметах для навучэнцаў 6 — 11 класаў і нават вучняў пачатковых класаў; па-другое, такія спаборніцтвы, як абласныя турніры і міні-турніры юных фізікаў, матэматыкаў, хімікаў. Арганізоўваюцца вучэбныя курсы па розных прадметах з удзелам выкладчыкаў вядучых УВА рэспублікі (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, лінгвістычнага ўніверсітэта і інш.), абласныя профільныя летнікі для вучняў па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, геаграфіі, англійскай мове, у тым ліку і Мінскі абласны фізіка-матэматычны лагер у складзе Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы для навучэнцаў і педагогаў. Акрамя таго, у вобласці праводзяцца завочныя конкурсы для навучэнцаў па рашэнні задач па фізіцы, геаметрыі (праз рубрыку “Шукаем таленты” ў часопісе “Адукацыя Міншчыны”).

— Якія прапановы былі ўнесены па ўдасканаленні правядзення алімпіяды?
— На падставе даных анкетавання ўдзельнікаў алімпіяды, а таксама меркаванняў назіральнікаў з боку органаў кіравання адукацыяй былі атрыманы станоўчыя водгукі пра змястоўны і арганізацыйны бок правядзення абласнога этапу алімпіяды. Адзіным пажаданнем навучэнцаў і настаўнікаў з’явілася наступнае: у будучым годзе заданні алімпіяды па ўсіх вучэбных прадметах прапаноўваць на рускай або беларускай мове (на выбар школьнікаў). Гэта будзе вельмі зручна для тых вучняў, якія займаюцца ў школах з беларускай мовай навучання.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.