Прадэманстраваны магчымасці беларускай эканомікі

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Беларуска-японскі эканамічны форум адбыўся ў Токіа, паведамілі ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі (НАіП).

Мерапрыемства прайшло ў мэтах актывізацыі інвестыцыйнага і рэгіянальнага супрацоўніцтва з Японіяй. “У час форуму адбыліся прэзентацыі інвестыцыйнага клімату Беларусі, індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, беларускай фармацэўтычнай галіны, свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў”, японска-беларускай прамысловай зоны, іншых інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў сферы машынабудавання, электрамабіляў і высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання”, — адзначылі ў НАіП. На форуме выступілі міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка, прэзідэнт JETRO Ясусі Акахосі, выконваючы абавязкі дырэктара НАіП Дзяніс Мялешкін.

“Японія з’яўляецца важным партнёрам для Беларусі, і мы надаём вялікае значэнне развіццю двухбаковага су­працоўніцтва ў розных галінах, у першую чаргу ў інвестыцыйнай сферы. Прысутнасць на форуме прадстаўнікоў японскіх кампаній з сусветным імем, прамысловых асацыяцый і асацыяцый бізнесу пацвярджае цікавасць да Беларусі. Гэта стварае добрую аснову для далейшай актывізацыі кантактаў на міжурадавым і міждзяржаўным узроўні, што аб’ектыўна будзе стымуляваць вывад на больш сістэмную аснову ўзаемадзеяння і паміж бізнесменамі дзвюх краін”, — адзначыў Дзяніс Мялешкін.

Удзельнікі форуму змаглі азнаё­міцца з перспектывамі ўзаемадзеяння з японскімі кампаніямі ў сферах інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, аўтаматызацыі і робататэхнікі, вытворчасці электрамабіляў і аўтакампанентаў, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Магчымасці і прыклады паспяховага дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Японіяй прадставілі кіраўнік Еўрапейскага аддзя­лення кампаніі Socionext Inc. Танака Тасіхіка, прэзідэнт кампаніі Toshin Kogyo Сіра Судзукі, кіраўнік прадстаўніцтва Takeda Pharmaceuticals у Беларусі Кокі Сата.