Прадметны тыдзень у школе

Адзін са сродкаў прышчаплення любові і ўвагі да школьных прадметаў — правядзенне прадметных тыдняў. Тыдзень літаратурнага чытання традыцыйна стаў часткай вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці ў нашай школе. Гэтая форма дзейнасці павышае пазнавальную цікавасць вучняў да прадмета, спрыяе фарміраванню камунікатыўных навыкаў, актывізуе пазнавальную дзейнасць, развівае творчыя здольнасці.

На працягу тыдня ў 1—4 класах панавала атмасфера сапраўднага свята. Дзеці змаглі паказаць свае веды і ўменні, раскрыць творчыя здольнасці.

Для школьнікаў былі арганізаваны выстаўка-заклік “Ці чыталі вы?”, конкурс малюнкаў любімых казачных і літаратурных герояў. Таксама нашы навучэнцы змаглі паказаць свае літаратуразнаўчыя веды. Яны вызначалі жанры твораў, называлі аўтараў вядомых казак, вершаў, баек, разгадвалі крыжаванкі, выконвалі тэставыя заданні, удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах. Больш як трыццаць вучняў прынялі ўдзел у гульні-конкурсе “Буслік”, якая паказала, што яны ўмеюць самастойна працаваць з дадатковай літаратурай, слоўнікамі, даведнікамі, навукова-папулярнай літаратурай. А вучань 3 “А” класа Данііл Залясоўскі напісаў верш аб родным горадзе.

Праявілі свае здольнасці дзеці і падчас конкурсу інсцэніровак. На сцэне героі казак “Церамок”, “Рэпка”, “Калабок”, “Ліса і мядзведзь”, “Заяц-хвалько” і іншыя змянялі адзін аднаго. Радасць, хваляванне, азарт мы бачылі на тварах юных артыстаў. Дыкцыяй, мімікай, жэстамі яны імкнуліся раскрыць вобразы герояў, перадаць іх пачуцці і ўчынкі.

У дзень закрыцця ўсіх мерапрыемстваў былі падведзены вынікі, выяўлены пераможцы, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Прадметны тыдзень дазволіў настаўнікам прадэманстраваць значнасць школьных прадметаў, а вучням — набыць новыя, патрэбныя веды.

Лідзія БЕРАСНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковай школы Клімавіч

Магілёўскай вобласці.