Фінансавы сектар павінен ствараць камфортныя ўмовы для рэальнага сектара эканомікі. Аб гэтым заявіў у час нарады па рабоце праблемных прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч.
“Фінансавы сектар павінен ствараць камфортныя ўмовы для развіцця рэальнага сектара эканомікі, а не спрабаваць толькі павышаць патрабаванні або абмяжоўваць фінансавыя прапановы”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
У час нарады была разгледжана работа трох буйных прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці: ААТ “Палессе”, ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод” і ААТ “Баранавіцкі завод станкапрылад”. “Аналіз матэрыялаў, якія мы маем, сведчыць аб тым, што на гэтых прадпрыемствах дрэнная дысцыпліна — і дысцыпліна разлікаў, і выканальніцкая. Былі рашэнні прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова па шэрагу заводаў, у тым ліку па “Палессі”, і гэтыя рашэнні не выконваюцца Міністэрствам фінансаў і банкамі. Сёння ёсць усе падставы ставіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў фінансава-крэдытнага сектара за невыкананне тых рашэнняў, якія прымаліся ўрадам, Нацбанкам, маніторынгавай групай. Дысцыпліна на прадпрыемствах павінна тычыцца не толькі сферы матэрыяльнай вытворчасці і дырэктарскага корпуса, але і тых, хто працуе ў фінансавым сектары”, — падкрэсліў Старшыня Савета Рэспублікі.
Паводле яго слоў, ужо выпрацаваны шэраг прапаноў як арганізацыйнага, так і фінансавага характару адносна праблемных прадпрыемстваў. “Ім трэба сур’ёзна займацца таксама пытаннямі мадэрнізацыі, падкрэсліваю — рэальнай мадэрнізацыі. На прадпрыемствах павінны разумець, які вынік будзе пасля мадэрнізацыі і наколькі паспяхова будзе прадавацца прадукцыя на рынках блізкага і далёкага замежжа”, — растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. Яшчэ адным важным пытаннем стане абнаўленне існуючай схемы рэгіянальнага супрацоўніцтва. “Мы павінны зрабіць гэтую схему больш эфектыўнай і актывізаваць работу з рэгіёнамі Расіі, Кітая, Украіны, шэрага іншых буйных дзяржаў”, — канстатаваў ён.